|
Брэсцкая пастаноўка «Раскіданага гнязда» нечакана ўразіць і здзівіць большую частку гледачоў, найперш тым, што на сцэне — зусім не «той» Купала, якога ўсе ведаюць яшчэ са школьных часоў. Аніякага бытавізму і псіхалагізму, якія ва ўсе часы лічыліся неад’емнай прыналежнасцю дадзенага твора — у брэсцкім спэктаклі Купала паўстае перад намі сімвалістам, які спрабуе адшукаць, намацаць шлях беларускага народа да самаідэнтыфікацыі менавіта праз інтуітыўныя, часам нават інфернальныя, шляхі спазнання ўласнай душы. Менавіта таму і героі спектакля — не проста сяляне, якіх хвалюе далейшае жыццё без зямлі і сродкаў для існавання, а — нібы самнамбулы, што на разламанай страсе ўласнага дома пры святле поўні пакутліва імкнуцца зразумець, якім жа чынам адшукаць выйсце з гэтага свету ў іншы, той самы, — звычна-побытавы. Разам з тым, у сваім мэсэджы рэжысёр выглядае песімістам: гняздо раскідваецца зусім не панскімі паслугачамі, а найперш — заўсёднай самотнасцю саміх беларусаў, у якіх нават унутры драматургічнай сям’і, апісанай Купалам, нармальныя сямейныя ўзаемаадносіны, калі бацькі і дзеці жывуць агульнымі клопатамі і падтрымліваюць адно аднаго, практычна адсутнічаюць. Героі разбрыдаюцца ў розныя бакі, і невядома, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь яшчэ... Не верыць рэжысёр і ў тое, што хаця б хто-небудзь з іх натрапіць на тую сцяжыну, якая сапраўды прывядзе іх да «светлай будучыні». Таццяна Команава[3]
|
|