|
…найбольшым тэатральным узрушэннем года… стала «Раскіданае гняздо» у пастаноўцы Барыса Луцэнкі. …Узяць глядацкую ўвагу адразу і трымаць яе за рампай — справа няпростая. Уся тканіна спектакля прапітаная нейкай змрочнай сімволікай. Аднак, не безнадзейнай. Вялізная, ва ўсю прастору сцэнічнай «скрыні», быццам недабудаваная, недасканалая, як увесь свет, хата. Дзе сярод ікон ды ідалаў разгортваецца адвечны Купалаў сюжэт. Па-майстэрску выкарыстаная атрыбутыка сучаснага тэатра — амаль не дапасаваныя да канкрэтнага часу строі герояў, незвычайна прыцішанае асвятленне, мінімум «канкрэтнага» рэквізіту, — усё гэта прымушае забыцца на першы досвед прачытання гэтай п’есы і вельмі ўважліва сачыць і слухаць. Усё больш пранікаючыся Бядой. І вырваная з цемры пражэктарам пад канец першай дзеі пятля па-над сцэнай не ўспрымаецца як удалы рэжысёрскі трук. Успрымаецца тым, чым ёсць — Пятлёй. Асобна хачу спыніцца на музычным афармленні. Праз усю дзею, прычым, што рэдкасць, не перарываючы, а значна узмацняючы яе эмацыйна, праходзяць зонгі, зробленыя з вершаў паэта. І тут я зноў дзівіўся самому сабе, абсалютна па-новаму адчуўшы смак і сэнс чытаных, але не чутых у рокавым узмацненні Купалавых рыфм. Не я адзін, увесь зал наноў адкрываў для сябе калісьці адзубранага і забытага класіка. А ён, як аказалася, мог адным словам рассмяшыць, адной рэплікай пра нас сённяшніх сарваць апладысменты. І прымусіць увесь зал у фінале сцяцца, а затым устаць, калі шчыльны, ад кулісы да кулісы, падсветлены адной рампай шэраг з суворых твараў спявае «Людзьмі звацца». У наступным годзе ад беларускага тэатра, я ўпэўнены, трэба чакаць яшчэ не адну цікавую прэм’еру, але гэтым спектаклям не пагражае застацца ў ценю новых пастановак. Зміцер Бартосік[4]
|
|