Бандароўна
«Бандароўна» — паэма Янкі Купалы, завершаная 24 чэрвеня 1913 года. Першая з паэм, напісаных Янкам Купалам улетку 1913 года ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў газеце «Наша Ніва» 19 ліпеня 1913 года. Чарнавы аўтограф паэмы з закрэсленым аўтарскім прысвячэннем: «Паўліне Мядзёлцы» захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1] ВытокіУ аснове сюжэту паэмы — тры варыянты народнае песні пра Бандароўну, запісаныя на Гарадзеншчыне, Ашмяншчыне і Случчыне.[2] Моцны матывамі гераізацыі, гарадзенскі варыянт твора ўяўляе сабой гістарычную песню аб пагібелі сумленнай прыгажуні Бандароўны. У ашмянскім і слуцкім варыянтах расповяд пра Бандароўну — гэта сямейна-побытавая песня маралізатарскага зместу.[1] Асноўныя сюжэтныя звенні паэмы ўзятыя з гарадзенскага варыянту, вядомага яшчэ па запісах Я.Чачота.[3] Гродзенскі варыянт абумовіў і рытміка-інтанацыйную аснову паэмы, якая стала адным з класічных узораў засваення Купалам фальклорнае спадчыны, ідэйна-мастацкага яе асэнсавання і пераўтварэння ў новую ідэйна-эстэтычную каштоўнасць. Акцэнты асуджэння Бандароўны як нявернай палюбоўніцы пана ўзятыя з ашмянскага і слуцкага варыянтаў, як і шэраг сюжэтных элементаў і матываў, асабліва выкарыстаных для характарыстыкі вобразу пана Патоцкага.[1] Апісанне
Па сваёй форме паэма — гераічнае паданне, песня-сага. На аснове сюжэтных вузлоў, вобразаў і матываў усіх трох варыянтаў народнае песні Я.Купала заглыбіў пачатковы сюжэт фальклорнае першакрыніцы сацыяльна, псіхаэмацыянальна, нязмерна ўзмацніў яго экспрэсію. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас героікі з апафеозам гераічнай смерці і справядлівай помсце, з узвялічэннем і паэтызацыяй цнатлівасці і гордае непакорнасці, з услаўленнем народу-бунтара. У аснову паэмы аўтар паклаў не канфлікт паміж героямі, як у народных песнях пра Бандароўну, а канфлікт паміж народам і прыгнятальнікам, паміж тыранам і свабодай.[1] Аўтар захаваў народна-песенны прыём зацікаўленага, але старонняга апявання падзей і лёсу. Пры гэтым Я.Купала не ўхіляўся ад увядзення ў плынь аб'ектывізаванага апявання элементаў суб'ектыўнага суперажывання з гераіняй. Эмацыянальная сіла паэмы ў багацці паэтычных фарбаў. Яна ўвабрала ў сябе як традыцыйна-народную фальклорную вобразнасць, так і арыгінальную, характэрную Купалу рамантыку. Аўтар выкарыстаў у паэме традыцыйна-народныя выслоўі, устойлівыя словазлучэнні, паэтычныя формулы, характэрныя народнай казцы або гутаркавай мове. Шырока ўведзены ў паэму прыём паралелізму.[1] Водгукі
Пераклады і мастацкія ўвасабленніНа рускую мову паэму пераклалі А. Пракоф'еў і С. Родаў, на ўкраінскую — А. Малышка, Т. Масэнка. Ілюстравалі паэму Ф. Бараноўскі, М. Басалыга, М. Бельскі, Ю. Герасіменка, А. Кашкурэвіч, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў твору Г. Гарэлава напісала сімфанічную паэму.[1] Вобразы паэмы ляглі ў аснову спектаклю «Янка Купала. Кругі раю» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia