Старажытнанаўгародскі дыялект
Старажы́тнанаўгаро́дскі дыяле́кт — сярэдневяковы дыялект старажытнарускай мовы. Быў распаўсюджаны на тэрыторыі Наўгародскай зямлі з дапісьмовай эпохі да XV стагоддзя. Вядомы ў асноўным па берасцяных граматах, якія датуюцца XI—XV стагоддзямі[5]. Старажытнанаўгародскі дыялект разглядаецца ў вузкім сэнсе як дыялект самога Ноўгарада і непасрэдна прылеглых да яго зямель — на аснове гэтай гаворкі склалася кайнэ, якое ўжывалася на ўсёй тэрыторыі старажытнанаўгародскай дзяржавы, найперш у гарадах. Да яго можна аднесці і вельмі блізкі дыялект Пскоўскае зямлі — старажытнапскоўскі, які разам з наўгародскім (у вузкім сэнсе) утварае старажытны наўгародска-пскоўскі дыялект (адпаведна, са старажытнанаўгародскім і старажытнапскоўскім паддыялектамі). У шырокім сэнсе пад старажытнанаўгародскім дыялектам разумеюць сукупнасць усіх гаворак старажытнарускай мовы, распаўсюджаных у Наўгародскай і Пскоўскай землях, уключаючы таксама ўсходненаўгародскія гаворкі і старажытнапскоўскі дыялект[6][5]. Старажытнанаўгародскі дыялект і наддыялектныя старажытнаруская мова генетычна ўзыходзяць да агульнага продка, найбольш імаверна, не на праўсходнеславянскім, а на познім праславянскім узроўні. Уключэнне старажытнанаўгародскага дыялекта ва ўсходнеславянскую моўную супольнасць стала вынікам пазнейшых працэсаў збліжэння з астатнім старажытнарускім моўным арэалам[7]. У XIII—XV стагоддзях адзначаецца выцясненне старажытнанаўгародскіх адметных асаблівасцей ва ўмовах узмацнення міждыялектных кантактаў на тэрыторыі ўтварэння будучай рускай мовы. Гэты працэс паскараецца з 1478 года пасля далучэння Наўгародскай рэспублікі да Маскоўскай дзяржавы. Старажытнанаўгародскі дыялект распадаецца на рад груп гаворак, якія пачалі развівацца самастойна і ўліліся ў агульнарускі дыялектны кантынуум[2]. Старажытнанаўгародскі дыялект істотна паўплываў на развіццё паўночнарускай гаворкі[3], частка яго старажытных рыс захавалася ў заходніх сярэднярускіх гаворках, перш за ўсё ў пскоўскіх[4]. Старажытнанаўгародскі дыялект характарызаваўся радам адрозненняў ад наддыялектнай формы старажытнарускай мовы, а ў некаторых адносінах і ад усіх іншых славянскіх моў. У вобласці фанетыкі да такіх адметных рыс адносяцца: рэалізацыя праславянскага *ě у выглядзе шырокага галоснага; пераход *TorT > TorəT ці ToroT (магчыма, і *TroT); пераход *ТъrT > ТъrъТ, ТrъТ ці Тъr̥ъТ; адсутнасць эфекту другой і трэцяй палаталізацыі для заднеязычных і г. д. У вобласці марфалогіі — утварэнне канчатка -е у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду цвёрдага *ŏ-скланення і г. д.[8][9] У гісторыі старажытнанаўгародскай мовы пісьмовай эпохі выдзяляюць два перыяды, раздзеленых працэсам падзення рэдукаваных — раннестаражытнанаўгародскі (XI — першая чвэрць XIII стагоддзя) і познестаражытнанаўгародскі (другая чвэрць XIII—XV век). Помнікі пісьменнасці створаны на кірыліцы (у Ноўгарадзе вядомы і глагалічныя надпісы, але яны кароткія і не ўтрымліваюць дыялектызмаў). Старжытнанаўгародскі дыялект прадстаўлены аднымі з самых старажытных тэкстаў на славянскіх мовах (другімі пасля стараславянскай мовы)[10]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia