Сяргей Восіпавіч Прытыцкі
Сярге́й Во́сіпавіч Прыты́цкі (1 лютага 1913, в. Гаркавічы, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча — 13 чэрвеня 1971, Мінск) — палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР. БіяграфіяНарадзіўся 1 лютага 1913 года ў вёсцы Гаркавічы Сакольскага павета Гродзенскай губерні. У маладым узросце Сяргей Прытыцкі ўступае ў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Сакратар Крынкаўскага раённага камітэта КСМЗБ (з 1931). Сакратар Гродзенскага акруговага камітэта КСМЗБ. У 1933—1934 гадах сябра Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. Кіраваў стачкамі лясных рабочых. Першы раз быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1933 годзе. У 1934—1935 гадах навучаўся ў партыйнай школе КПЗБ у Менску. З 1935 года сакратар Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ[2]. 27 студзеня 1936 года ў Віленскім акруговым судзе ў часе судовага працэсу над 17 рэвалюцыянерамі страляў у сведку з боку абвінавачання Якава Стральчука, пры арышце сам быў цяжка паранены. У чэрвені 1936 года прыгавораны да смяротнага пакарання, аднак пазней прыгавор заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем[2]. Вызвалены з турмы ў верасні 1939 года ў выніку Паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну. Выбраны дэпутатам Народнага схода Заходняй Беларусі, дзе выступіў з дакладам. На 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР Прытыцкі як сябра Паўнамоцнай камісіі Народнага схода выступіў з заявай пра ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанне яе з БССР[2]. У 1939—1941 гадах намеснік старшыні Беластоцкага аблвыканкама ў БССР. У чэрвені—жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва, у фармаванні апалчэння ў Гомелі. Са жніўня 1941 года на фронце. У 1942—1944 гадах другі сакратар ЦК ЛКСМБ, начальнік Польскага штаба партызанскага руху[2]. У 1949—1952 і ў 1953—1962 гадах першы сакратар Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага абкамаў КПБ. 1960—1962 гадах — першы сакратар Мінскага абласнога камітэта КПБ. У 1962—1968 гадах сакратар ЦК КПБ, старшыня партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і СМ БССР, намеснік старшыні Савета Міністраў БССР. З 22 студзеня 1968 года па 13 чэрвеня 1971 года Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР[2]. Сябра ЦК КПБ з 1949 года, сябра ЦК КПСС з 1961 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР з 1940 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Ушанаванне памяціЯго імем названыя вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, сквер у Мінску. У Мінску на доме № 4 па Бранявым завулку ў 1971 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка (бронза, граніт; скульптар Генадзь Мурамцаў)[3]. Сяргей Прытыцкі быў прататыпам галоўнага героя Андрэя Мяцельскага ў мастацкім фільме «Чырвонае лісце» (1958). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia