Ізяслаў (князь полацкі)
Ізяслаў (1-я палова XIII ст. — пасля 1265) — князь полацкі (зг. 1265). Упершыню згадваецца як полацкі князь разам, з іншым Ізяславам — віцебскім князем, у сваёй грамаце 1265 года ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў рыжскаму біскупу пра вольны гандаль паміж Полацкам і Рыгай і захаванне міру паміж імі.
Грамата сведчыць, што князь Ізяслаў дзейнічаў са згоды вялікага князя Войшалка (Молшелгове — памылка перапісчыка, у нямецкай копіі граматы імя Войшалка напісана слушна). Імаверна, Ізяслаў заняў полацкі сталец з дапамогай Войшалка, змяніўшы на ім стаўленіка Траняты[2]. Хто быў гэтым стаўленікам, меркаванні даследчыкаў розныя, адны лічаць, што Гердзень, другія — што Канстанцін, таксама ёсць іншыя версіі. Гердзень згадваецца тым самым часам, таксама ў сувязі з пагадненнем паміж Полацкам і Рыгай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Полацку адначасова магло быць некалькі князёў. Іншыя, што згадка ў грамаце двух Ізяславаў ёсць памылкай перапісчыка — абодва Ізяславы ў гэтай грамаце адна і тая асоба, гэта значыць віцебскі князь, а полацкім быў Гердзень. Але Ізяслаў згадвае ў сваёй грамаце заключанае Гердзенем пагадненне «ў Рызе», то-бок княжыў пасля гэтых падзей. Таксама адзначалася, што Гердзень названы ў сваёй грамаце проста князем, не князем полацкім, якім такім чынам мог і не быць[3]. Пра паходжанне і асобу Ізяслава ёсць некалькі версій. Паводле адной з іх, Ізяслаў тоесны новагародскаму князю Ізяславу, згаданаму разам з Міндоўгам у 1235 годам, якога некаторыя даследчыкі атаясняюць са свіслацкім князем Ізяславам, а іншыя атаясняюць свіслацкага Ізяслава з новагародскім Ізяславам. Такім чынам, магчыма, полацкі князь Ізяслаў, наваградскі Ізяслаў і свіслацкі Ізяслаў — адна асоба. Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, Ізяслаў паходзіў з роду віцебскіх князёў — Васількавічаў. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia