Уладзімір (князь полацкі)

Уладзімір
князь полацкі
да 1184 — 1216
Папярэднік Усяслаў Васількавіч
Пераемнік магчыма, Васілька Валадаравіч

Нараджэнне 1140-я
Смерць 1216
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Валадар Глебавіч
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір (каля 1140-х — 1216, Полацк) — князь полацкі[1] (да 1184—1216).

Праблемы атаяснення

Полацкі князь Уладзімір (Woldemaro de Ploceke) з тытулам magnus rex вядомы толькі з «Хронікі Лівоніі» Генрыха Латвійскага, старажытнарускія крыніцы яго не згадваюць, але гістарычнасць асобы пэўная.

Думку пра Уладзіміра як сына менскага князя Валадара Глебавіча бадай першым выказаў Мікалай Карамзін, але адначасова атаясняў яго з Васількам Валадаравічам, згаданым пад 1186 годам. У 1850 годзе Петэр Андрэас Мунк абгрунтаваў такую версію, супаставіў «братоў каралевы Сафіі [Валадараўны]», якія «са славай трымаюць стырно ўлады каралеўства і да сёння» «Генеалогіі дацкіх каралёў» (канец XII ст.) з «Хронікай Лівоніі» і выказаў думку, што Уладзімір — адзін з братоў дацкай каралевы. У 1850 годзе і Карл Рафн выказаў думку, што Уладзімір сын Валадара і, «магчыма», брат Васількі Валадаравіча. Міхаіл Таўбэ далучаўся да такога атаяснення, але ў пярэчанне «Хронікі Лівоніі» адносіў княжанне Уладзіміра Валадаравіча да пазнейшага часу. З сучасных даследчыкаў аналагічную Карамзіну-Мунку-Рафну версію выказаў Аляксандр Назарэнка з такой самай аргументацыяй[2]. Да думкі пра паходжанне Уладзіміра з менскіх Глебавічаў схіляўся Леанід Аляксееў.

У 1935 годзе Таўбэ налічыў ужо прынамсі дзевяць версій атаяснення Уладзіміра і ўсе прызнаў няўдалымі. Некаторыя гісторыкі выказвалі свае думкі наконт розных версій, але лічылі пытанне не вырашаным або невырашальным. Сяргей Салаўёў у кантэксце падзей згадваў толькі «полацкага князя» без імя. Мітрафан Доўнар-Запольскі лічыў, што Уладзімір быў «пераемнікам» Усяслава Васількавіча на стальцы, але называў яго без імя па бацьку[3].

Эрнест Бонель лічыў Уладзіміра сынам полацкага князя Усяслава Васількавіча, такую ж думку выказаў і Васіль Данілевіч[4], але тут жа ў заўвагах назваў яе «не заснаванай ні на чым»[5], аднак, такой версіі трымаліся і пазнейшыя гісторыкі Алег Рапаў[6], Вячаслаў Насевіч[7] і іншыя. Эдуард Загарульскі[8] і Яўгенія Назарава[9] лічылі яго братам Усяслава Васількавіча. Мікалай Лыжын прапаноўваў атаясненне з Уладзімірам Рурыкавічам[ru][10], але той нарадзіўся толькі ў 1187 годзе[11]. Мікалай Баўмгартэн прапаноўваў лічыць Уладзіміра сынам менскага і полацкага князя Расціслава Глебавіча.

Некаторыя атаясненні грунтуюцца на думцы пра памылку Генрыха Латвійскага, які мог назваць Вальдэмарам князя з іншым імем. Такую магчымасць, але адносна не Уладзіміра, а іншага князя, дапускаў Сяргей Салаўёў. Аднак, як заўважыў Сяргей Анінскі, гэта «зусім не пасуе той дбайнасці, з якою Генрых перадае іншамоўныя імёны» і ў выпадку Салаўёва ёсць уплывам звестак Тацішча з «Аповесці пра Святохну», спробай упісаць іх у гістарычны кантэкст. Пагатоў, Генрых называе полацкага князя Вальдэмарам не аднойчы, а чатыры разы.

Таксама прапануюць атаясненні з асобамі, чые імёны маглі быць формай ад імя Уладзімір. Мікола Ермаловіч думаў, што гэта Валодша, якога ён лічыў сынам Рагвалода-Васіля. Яўгенія Назарава варыятыўна называла князя Валадаром Васількавічам[9], таксама і Загарульскі[8]. Ізмаіл Сразнеўскі наогул прапаноўваў атаясняць Уладзіміра з менскім князем Валадаром Глебавічам, што аднак храналагічна неверагодна.

Асобнае месца займаюць звесткі Васіля Тацішчава, іх крыніцай ён называў свае выпіскі з Полацкага летапісу, цяпер не вядомага. Паводле першай рэдакцыі адной выпіскі, у 1182 годзе «Васілька драгіцкі, не пагадзіўшыся з Уладзімірам мінскім, сабраў ляхаў і мазаўшан, ішоў да Бярэсця, дзе яго Уладзімірка сустрэў на Бугу з палачанамі і дручанамі, даў полк каля Буга ракі, але шмат страціўшы людзей, уцёк да Менску. А Васілька з ляхамі, прыйшоў, Бярэсце ўзяў і баяўся сам сідзець тут, пакінуў ляхаў з братам жонкі сваёй. А Уладзімірка, сабраў людзей, прыйшоў, Бярэсце ўзяў і ляхаў многіх забіў, і іншых на окуп адпусціў і пайшоў на Васільку. І дайшоў да яго на Нуры за Драгічыным, дзе з ім ляхаў было і мазаўшан шмат, і біўся ад раніцы да палудня. І пачалі адступаць, і Васілька ўцёк да цесця, які неўзабаве прыйшоў з вялікім войскам і Уладзімірку прагнаў. А Васілька не маў чым ляхам заплаціць, бо Уладзімірка ўвесь статак парабаваў і гарады яго разарыў, аддаў цесцю гарады свае па сабе, бо дзяцей не меў. І так зведзены быў Васілька цесцем сваім, але Раман Васільку і з цесцем выгнаў». Пра далейшыя падзеі Тацішчаў не паведамляе. У другой рэдакцыі тэксту Тацішчаў дадаў больш дэталяў, а таксама імёны па бацьку абодвум князям — Васільку Яраполчычу і Уладзімірку Валадаравічу (Владимирко Володаревич). Аднак, пра Уладзіміра як полацкага князя ў Тацішчава нічога няма, ён не ведаў пра Хроніку Лівоніі Генрыха Латвійскага. У свой час Аляксей Шахматаў выказаў думку, што ўсе звесткі Тацішчава ў першай рэдакцыі больш надзейныя, а ў другой рэдакцыі зазналі аўтарскіх змен, дапаўненняў і рэканструкцый.

Даследчыкі, якія давяраюць выпісцы, лічаць яе пацвярджэннем, што полацкі князь Уладзімір быў сынам менскага князя Валадара. Іншыя даследчыкі не давяраюць звесткам, лічаць іх адной з «рэканструкцый» Тацішчава. Такім чынам, згадка ў выпісцы Тацішчава князя з такім самым імем, што прапаноўвалі і Мунк з Назарэнкам, можа быць толькі супадзеннем. Яшчэ Карамзін, які лічыў магчымым, што полацкі князь Уладзімір быў Валадаравічам, адначасова лічыў несапраўднымі звесткі Тацішчава пра менскага князя Уладзімірку Валадаравіча.

Паводле другой выпіскі Тацішчава, г. зв. «Аповесці пра Святохну», даследчыкі, якія ёй вераць, прапануюць яшчэ адно атаясненне — з Уладзімірам-Войцехам, паводле «Аповесці…», малодшым сынам полацкага князя Барыса Давыдавіча. У атаясненні, аднак, ёсць унутраныя супярэчнасці з самой «Аповесцю…». У сапраўднасці гэтай выпіскі таксама сумняюцца, так, на думку Мікалая Лыжына, яна магчыма была памфлетам Тацішчава на апанаванне іншаземцамі расійскага імператарскага двара яго часу[10].

Таксама ёсць даследчыкі, якія лічаць, што полацкіх князёў Уладзіміраў было два, першы згадваецца Генрыхам пад 1184 годам, другі — пад 1216 годам, а паміж імі быў іншы або іншыя полацкія князі, якіх Генрых называе без імёнаў «полацкімі каралямі». Гэтыя даследчыкі звычайна не робяць спроб ідэнтыфікацыі абодвух Уладзіміраў. Ёсць і блізкі да такога падыход, калі пад 1184 і 1216 гадамі лічаць згаданым аднаго Уладзіміра, але ў прамежкавым часе мяркуюць безыменных полацкіх князёў. Так, паводле Яўгеніі Назаравай, магчыма, Генрых аб’яднаў у «вобразе» Уладзіміра двух полацкіх князёў — Усяслава Васількавіча пад 1184 годам і «нейкага» Уладзіміра, які княжыў у пачатку XIII ст.[12], аднак, даследчыца непаслядоўная нават у межах аднаго выдання, старонкай раней пад 1184 і 1216 гадамі яна называе полацкім князем «Уладзіміра або Валадара Усяславіча»[9]. Аднак, Генрых згадвае полацкага князя з імем Уладзімір чатыры разы — пад 1184, 1206, 1208 і 1216 гадамі — таму, меркаванае чаргаванне князёў было б болей складаным за тое, што апісваюць гэтыя даследчыкі.

Да 1184 года

Прынамсі з 1150-х гадоў менскія Глебавічы з пераменным поспехам змагаліся за полацкі сталец, іх асноўных супернікаў, віцебскіх Васількавічаў, падтрымлівалі смаленскія Расціславічы. У 1181 годзе Васількавічы змянілі палітычную арыентацыю на чарнігаўскіх Ольгавічаў, удзельнічалі ў паходзе антысмаленскай кааліцыі на Друцк і з гэтай прычыны маглі страціць падтрымку Расціславічаў. Невядома, што адбывалася ў Полацку пасля паміж 1181—1184 гадамі. Але ў 1186 годзе смаленскія князі (названы Давыд з сынам Мсціславам[ru]) з саюзнікамі — менскімі Глебавічамі (названы Васілька Валадаравіч) і друцкімі Барысавічамі (названы Усяслаў), пайшлі на Полацк. Палачане сустрэлі іх на мяжы з вялікімі дарамі, напэўна, прынялі і нейкія ўмовы, бо князі згадзіліся на мір. На думку Пятнова, магчыма, па гэтых умовах Уладзімір і заняў полацкі сталец. Аднак, Уладзімір, быў полацкім князем ўжо ў 1184 годзе.

Некаторыя даследчыкі бачаць у 1180-х гадах месца падзеям «Аповесці пра Святохну», якія сам Васіль Тацішчаў дае пад 1216 годам, але апісаныя акалічнасці адпавядаюць ранейшаму часу. На думку гэтых даследчыкаў, пасля пахода на Друцк у 1181 годзе і страты Васількавічамі падтрымкі Расціславічаў, магчыма, Усяслава Васількавіча на полацкім стальцы змяніў Барыс Давыдавіч. Паводле «Аповесці…», Барыс быў стары і для ваенных спраў палачане запрашалі менскіх і друцкіх князёў, да 1184 года Барыс мог памерці і сталец заняў Уладзімір. Аднак сапраўднасць «Аповесці…» ставіцца пад сумнеў, як і ўсе ўнікальныя звесткі Тацішчава, і няма пэўнасці ці грунтуецца яна і наколькі на крыніцах або цалкам «сканструявана» гістарыёграфам.

Дзейнасць

З 1184 года

Упершыню Уладзімір згаданы пад 1184 годам як полацкі князь, які дазволіў каталіцкаму манаху-немцу Мейнарду прапаведаваць сярод полацкіх даннікаў ліваў у вусці Дзвіны.

У 1191 годзе неназваныя полацкія князі, напэўна, Уладзімір з Васількам, сустракаліся ў Вялікіх Луках з ноўгарадскім князем Яраславам Уладзіміравічам[ru] і дамовіліся пра сумесны паходзе на літву або чудзь наступным годам. Магчыма, яны дамовіліся пра два сумесныя паходы — на літву і на чудзь, але план не ажыццявіўся — у 1192 годзе Уладзімір адзін хадзіў на літву, а наўгародцы і пскавічы на чудзь. Прычыны ўладзімірава паходу невядомы, літоўцы былі звычайнымі саюзнікамі менскіх князёў, магчыма, Уладзімір браў удзел у літоўскай міжусобіцы. Пазней Уладзімір выкарыстоўваў атрады літоўцаў.

Узімку 1198—1199 гадоў літоўцы з палачанамі напалі на наўгародскі прыгарад Вялікія Лукі, спалілі горад і парабавалі ваколіцы. У адказ вялікае войска наўгародцаў, пскавічоў, ладажан, наваторжцаў пайшло на Полацк. Паслы палачан сустрэлі яго каля возера Касплі[ru] і задобрылі дарамі наўгародскага князя.

У 1201 годзе, калі літоўцы пайшлі супраць земгалаў, Уладзімір уварваўся ў Літву і вымусіў літоўцаў вярнуцца ў свае межы.

Паход 1203 года

У 1203 годзе пачаўся адкрыты канфлікт Уладзіміра з немцамі ў Лівоніі[1], відаць, з прычыны адмовы біскупа Альбертам плаціць даніну, якую, імаверна, плацілі яго папярэднікі. Сам паход 1203 года нагадваў хутчэй збор даніны, а не ваенную кампанію. Войска Уладзіміра імаверна складалася з уласнай дружыны і дружын герцыкскага князя Усевалада і кукенойскага князя Вячкі. Спачатку ім спрыяла, пасля аблогі замка Ікскюль[ru], лівы, якія нядаўна прызналі ўладу біскупа, выплацілі патрабаваную даніну[1]. Але пад Гольмам немцы з самастрэлаў паранілі шмат коней у палачан і Уладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але герцыкскі князь Усевалад з літоўцамі напаў на Рыгу і парабаваў яе ваколіцы. Напэўна, Уладзімір хацеў толькі напалохаць немцаў і часткова гэта ўдалося — біскуп Альберт прызнаў Уладзіміра ўладаром ліваў і выплаціў за іх даніну, але адмовіўся плаціць даніну за сябе, то-бок не прызнаў сябе полацкім падданым.

Паход 1206 года

У 1206 годзе да Уладзіміра прыбыло ліўскае пасольства[1]. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць міру, нападаюць на ліваў, прымушаюць да новай веры. Уладзімір разаслаў па Полацкай зямлі загад збіраць войска для вялікага паходу супраць немцаў. Князь хацеў на караблях і плытах спусціцца да Рыгі і захапіць яе і адным разам выкінуць немцаў са сваіх уладанняў.

Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся біскуп Альберт і паслаў да Уладзіміра пасольства на чале з Тэадорыхам, які ведаў Уладзіміра яшчэ з часоў Мейнарда. Дарогай на пасольства напалі літоўцы і адабралі дары для полацкага князя, але самі паслы дабраліся да Полацка. Прымаючы іх, Уладзімір вырашыў выкрыць хлусню немцаў, нібы яны не парушаюць міру і не нападаюць на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і ліўскіх паслоў — тыя пацвердзілі свае словы. Князь загадаў немцам выйсці на двор і чакаць яго рашэння. Тэадорыху ўдалося паслаць Альберту вестку пра падрыхтоўку паходу.

Альберт, калі даведаўся пра падрыхтоўку паходу Уладзімірам, затрымаў у Лівоніі крыжакоў, што збіраліся вяртацца ў Германію. У сваю чаргу і Уладзімір даведаўся пра ўчынак Тэадорыха і адклаў вялікі паход на будучыню. Ён адпусціў Тэадорыха, а разам з ім адправіў у Ніжняе Падзвінне полацкіх ураднікаў, каб выслухалі абодва бакі — немцаў і ліваў, і вырашылі хто кажа праўду. Полацкія ўраднікі спыніліся ў Кукенойсе, а разам з Тэадорыхам у Рыгу паслалі дзяка Стэфана, каб выклікаць Альберта на разбіральніцтва 30 мая 1206 года да ракі Вогі. Альберт назваў ураднікаў пасламі, прапанаваў ім прыехаць да яго ў Рыгу, як да уладара гэтай зямлі — ехаць на разбіральніцтва ён адмовіўся.

Да прызначанага часу на Вогу сабралася вялікая колькасць ліваў. З Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасцю выманіць з Ікескуля немцаў, запрашаючы сесці на карабель, але немцы не пагадзіліся. Тады лівы, аб’ядналіся з летамі з Тарэйды і Вейкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль яны накіраваліся на Рыгу, але крыжакі, якія засталіся ў Рызе, лёгка разбілі ліваў і вярнулі сабе Гольм.

Адмова Альберта прыбыць на разбіральніцтва, то-бок выяўленне сваёй самастойнасці, выклікала ва Уладзіміра абурэнне, ён сабраў войскі і на караблях спусціўся ўніз па Дзвіне. Пры высадцы каля Ікескуля шмат каго ў полацкім войску немцы паранілі з самастрэлаў. Уладзімір не стаў браць гэты замак, а нечакана падышоў да Гольма і аблажыў яго. Некалькі дзён паміж немцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з самастрэлаў, палачане, дасведчаныя ў стральбе з лукаў, закідвалі замак стрэламі. Палачане спрабавалі падпаліць умацаванні, расклалі вялікае вогнішча пад сценамі, але не мелі поспеху. Не прынесла поспеху і баліста, якую зрабілі палачане на ўзор нямецкіх, бо была зроблена няўдала. Уладзімір планаваў захапіць Гольм, Ікскюль і Рыгу[1] — выкінуць немцаў з Ніжняга Падзвіння. Гэтыя планы спраўдзіліся бы, бо немцаў было мала. Аднак, Уладзімір вымушаны быў адмовіцца ад гэтага, бо даведаўся пра набліжэнне флоту крыжакоў з Германіі, а таксама дацкага караля Вальдэмара з войскам, якое той збіраў тры гады і цяпер высадзіўся на Эзелі. Суадносіны сіл перамяніліся, Уладзімір адступіў.

Сітуацыя прычынілася да таго, што ў 1207 годзе ўся краіна ліваў — Лівонія, аказалася ва ўладзе крыжакоў, яны падступілі да межаў Кукейноскага княства. Кукенойскі князь Вячка перадаў палову свайго княства біскупу, але неўзабаве, калі даведаўся пра адплыцце крыжацкага войска ў Германію, расправіўся з немцамі ў пераданай біскупу палове замка. Трафеі[ru] Вячка адправіў Уладзіміру, паведаміў яму, што крыжакі сышлі з Лівоніі і прапанаваў аднавіць наступ. Але сустрэчны вецер затрымаў караблі крыжакоў у вусці Дзвіны, яны даведаліся пра ўчынак Вячкі і вярнуліся адпомсціць. Вячка, не чакаючы падыходу крыжакоў, спаліў свой горад і сышоў на Русь, а крыжакі апанавалі Кукенойскім княствам цалкам.

Падзеі 1209 года

Пасля гэтага пад націскам крыжакоў аказаўся герцыкскі князь Усевалад. Восенню 1209 года крыжакі разбілі каля Герцыке ўсеваладаву дружыну і захапілі горад, князь выратаваўся на супрацьлеглым беразе Дзвіны і адтуль назіраў як гарыць замак і пасад, усеваладава жонка і дачка трапілі ў палон. Біскуп Альберт прапанаваў Усеваладу мір, вяртанне палонных і нарабаванага дабра, але той павінен быў перадаць біскупу частку княства, унікаць сувязяў з паганцамі (літоўцамі), паведамляць пра планы русінаў (палачан). Усевалад мог толькі згадзіцца з такімі ўмовамі.

Мір з біскупам у 1210 годзе

Вайна паміж Рыгай і Полацкам шкодзіла полацкаму гандлю, бо немцы кантралявалі вусце Дзвіны, а Уладзімір у сваю чаргу не дазваляў рыжскім купцам гандляваць у Полацкай зямлі.

У 1210 годзе да Уладзіміра прыбылі паслы біскупа на чале з рыцарам Арнольдам[1]. Ведаючы зацікаўленасць Полацка ў гандлі па Дзвіне, біскуп прапанаваў заключыць з Рыгаю мір і адкрыць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. Каб абмеркаваць умовы пагаднення, Уладзімір адправіў да Альберта заможнага чалавека Лудольфа са Смаленска. Гэта можа сведчыць, што за Уладзімірам стаяў і Смаленск, таксама зацікаўлены ў вольным гандлі па Дзвіне. Уладзіміра хвалявала ліўская даніна, якую Полацк страціў — біскуп Альберт згадзіўся выплачваць яе за ліваў. Гэта вяртала адносіны да стану 1203 года, але з улікам, што Полацк ужо страціў Кукенойс і пацярпелі яго інтарэсы ў Герцыке. Гэта дамова хоць і стала палёгкай полацкаму гандлю, але развязала рукі біскупу, цяпер ён мог ваяваць з эстамі. Зноў жа, біскуп згадзіўся плаціць даніну за ліваў, але не за сябе. Імаверна, на праўдзе біскуп не плаціў даніну і за ліваў, кажучы пра іх нежаданне служыць адразу двум гаспадарам.

Магчыма, для вырашэння гэтага пытання Уладзімір паклікаў Альберта на сустрэчу. Планаваныя мэты сустрэчы невядомы, адбылася яна ў Герцыке. Спачатку ледзь не пачалася сутычка полацкай дружыны з васаламі біскупа, якую цудам прадухілілі. У выніку сустрэчы князь, прызнаў дэ-юрэ фактычнае валоданне біскупам зямлёй ліваў, перадаў ліваў біскупу. Пры гэтым было дамоўлена пра вольны гандаль па Дзвіне і сумесную ахову гандлёвых шляхоў, у тым ліку ад літоўцаў.

Невядома якія планы адносна зямлі ліваў меў Уладзімір, магчыма, захоўваючы мір з біскупам ён дзейнічаў супраць яго праз герцыкскага князя Усевалада і літоўцаў. Тым самым 1210 годам літоўцы нападаюць на Рыгу, а ў 1211 годзе двойчы ваююць біскупскія ўладанні. У 1214 годзе біскуп перайшоў у наступ, абвінаваціў Усевалада, што той шмат гадоў не з’яўляецца да яго і заўсёды дапамагае літоўцам радай і справай. З біскупава блаславення немцы з летамі ў 1214 годзе пайшлі супраць Усевалада і хітрасцю завалодалі Герцыке. Горад разрабавалі, а жыхароў, якія не паспелі ўцячы ў замак, узялі ў палон.

Падзеі 1216 года

У 1216 годзе, пасля 10 красавіка да Уладзіміра звярнуліся эсты, каб ішоў ваяваць Рыгу і абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і летаў, а таксама закрыць гавань каля Дзюнамюндэ[ru] ў вусці Дзвіны. Напэўна такога прыдатнага моманту чакаў Уладзімір, паводле Генрыха, ён паслаў «у Русь і Літву і склікаў вялікае войска з русінаў і літоўцаў», але раптоўна памёр, калі ўжо заўшоў на карабель, а войскі разыйшліся па сваіх землях.[1][13]

Пасля смерці Уладзіміра

Паход на Рыгу праз смерць князя Уладзіміра не адбыўся. Паводле Яна Длугаша, тым часам смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка. У 1217/1218 гадах Тацішчаў згадвае полацкага князя Васільку, удзельніка паходу на Галіч. Стрыйкоўскі не згадваў у гэтым паходзе полацкага князя, але згадваў літоўцаў. Магчыма, Васілька Валадаравіч, малодшы брат Уладзіміра, стаў полацкім князем пасля яго смерці і менавіта з войскамі Васількі і прыведзенымі ім літоўцамі адбылася згаданая Длугашам сутычка смаленцаў, а потым Васілька павёў літоўцаў і пад Галіч. Аднак гэта выключна гіпатэтычна. У 1222 годзе смаленскія князі захапілі Полацк, што імаверна стала прычынай канчатковай страты Полацкам Лівоніі, а таксама прызнання герцыкскім князем Усеваладам нямецкай улады ў 1225 годзе.

У мастацтве

Крыніцы

Літаратура

  • Antiquités russes d’aprés les monuments historiques des Islandais et des anciens Scandinaves / С. C. Rafn. Copenhague, 1850—1852. T. 1-2.
  • Paszkiewicz B. O matce Lestka Bolesławica i początkach mennictwa mazowieckiego // Przegląd Historyczny, vol. 92 (2001), pp. 1-14. — P. 12-13;
  • Sobolewski J. P. Wasylko Jaropełkowicz i Iziasław Jarosławowicz, dwaj książęta drohiccy z 2 poł. XII w. // Inter orientem et occidentem, studia z dziejów Europy Środkowo — Wschodniej ofiarowane prof. Janowi Tyszkiewiczowi w 40-lecie pracy naukowej. — Warszawa, 2002. — s. 77-88. — S. 80-81;
  • Michael v. Taube. Russische u. Litauische Fuersten an der Duena zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands (XII u. XIII Jahrh.) // Jahrbuecher fuer Kultur u. Geschichte d. Slaven, NF, Bd XI, Heft III—IV. — Breslau, 1935.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.
  • Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Введение, перевод и комментарии С. А. Аннинского. — 2-е изд. — М.— Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1938.
  • Данилевичъ В. Е. Очеркъ исторiи Полоцкой земли до конца XIV столѣтiя. — Киев: Тип. Императорского Университета Св. Владимира, 1896. — 288 с.
  • Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII ст.. — Киев, 1891.
  • Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн.: Изд-во «ВУЗ — ЮНИТИ», 1994. — 30 с. — ISBN 985-431-001-9.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
  • История государства Российского / сочинение Н. М. Карамзина. — Издание 5-е в 3-х книгах, заключающих в себе 12 томов, с полными примечаниями, украшенное портретом автора, гравированным на стали в Лондоне. — Санкт-Петербург : издание И. Эйнерлинга, 1842—1843. — 28 см.
  • Латышонак Алег Уладзімер Валадаравіч Менскі -- Rex Woldemar // Нацыянальнасьць — Беларус : 3-е выд., папраўленае і дапоўненае. / Навук. рэд. Аляксандр Пашкевіч. — Смаленск: Інбелкульт, 2017. — С. 49-50. — ISBN 978-5-00076-036-9.
  • Лыжин Н. П. Два памфлета времен Анны Иоанновны // ИОРЯС. — 1858. — СПб — В. I. — Т. VII. — С. 49-64.
  • Майоров А. В. Борьба за Берестье в 1182 г. по сведениям Полоцкой летописи В. Н. Татищева и польских средневековых хроник // Исследования по истории Средневековой Руси. К 80-летию Юрия Георгиевича Алексеева / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко, сост. С. В. Стрельников. М., СПб., 2006. — С. 62—69.
  • Майоров А. В. «Повесть о Святохне» в трудах современных исследователей // Образ науки в университетском преподавании. Материалы XVII науч. конф. Историко-архивного института РГГУ. М., 2005.
  • Майоров А. В. «Повесть о Святохне»: история изучения и современные приёмы верификации известий В. Н. Татищева // Вестник Удмуртского государственного университета. Серия «История», 2004, № 3.
  • Назаренко А.В. Древняя Русь на международных путях : междисциплинарные очерки культурных, торговых, политических связей IX- XII вв.. — Москва: Языки русской культуры, 2001. — 781 с. — ISBN 5-7859-0085-8.
  • Назарова Е. Л. Владимир Всеславич // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
  • Назарова Е. Л. Владимир Полоцкий // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140.
  • Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мінск, 1993.
  • Пятнов А. П. Полоцкая земля в последней четверти XII в. // Rossica Antiqua. 2010. Вып. 1. — С. 135—138.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
  • Сагановіч Г. Полацк і нямецкая калонія на Дзвіне (паводле хронікі Генрыха) // Беларускі гістарычны агляд. — 1998. — Чэрвень — Т. 5. — № 1(8). — ISSN 1392-902Х.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya