Полацкае паходжанне літоўскіх князёў

Полацкае паходжанне літоўскіх князёў — адна з гіпотэз паходжанне вялікіх князёў літоўскіх. Паводле яе, Міндоўг і пазнейшыя Гедзімінавічы паходзілі з роду Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў).

Паводле «Васкрасенскага летапісу» (сярэдзіна XVI ст.):

Въ лето 6637 (1129) прииде на Полоцкие Князи на Рогволодовичи Князь Великий Мстиславъ Володимировичь Мономашь и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи за бежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше Княземъ Полоцкимъ, а владома своими Гетманы, а городы Литовские тогда, иже суть ныне за Кролемъ, обладаны Князьями Киевскими, иные Черниговскими, иные Смоленскими, иные Полоцкими, и оттоле Вильня приложишася дань даяти Королю Угорскому за страхование Великаго Князя Мстислава Володимировича; и Вильняне взяша себе изъ Царяграда Князя Полоцку Ростислава Рогволодовича детей Давила Князя, да брата его Молковца Князя; и той на Вильне первой Князь Давилъ, братъ Молковцевъ большой. А дети ево Видъ, егожъ люди волкомъ звали; да Ердень Князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ Владыка во Твери, которой на Петра Чудотворца волнение учинилъ; звали его Андреемъ; писалъ на Чудотворца лживыя словеса. А у Молковца Князя сынъ Миндовгъ.

Такім чынам, паводле гэтай версіі, ва ўсходняй частцы сучаснай Літвы з XI ст. існавала Віленскае княства — удзел Полацкай зямлі. Меркаваным яго князем быў Расціслаў Рагвалодавіч. Пасля 1129 года, калі полацкія Рагвалодавічы, у тым ліку і Расціслаў, былі высланы з сем’ямі ў Візантыю, потым жыхары Вільні запрасілі сабе на княжанне з Візантыі сыноў Расціслава — Маўкольда і Давіла. Маўкольд, паводле летапісу, бацька Міндоўга, а Давіл — бацька Трайдзеня і, такім чынам, продак усіх Гедзімінавічаў. Пасля смерці Міндоўга і Войшалка, то-бок пасля згасання роду Маўкольда, род Давіла пераняў уладу ў Літве.

У Аповесці мінулых часоў у пачатку XII ст. «літва» была сярод народаў («языцаў»), якія плацілі даніну Русі. Таксама паводле гэтага летапісу ў сярэдзіне і канцы XII ст. атрады «літвы», як і атрады іншых даннікаў — ліваў, удзельнічалі ў паходах полацкіх князёў. На такой аснове, напрыклад, Мікола Ермаловіч лічыў, што тэрыторыі ўсходу сучаснай Літвы і паўночнага захаду Беларусі з цэнтрам у Вільні (на яго думку, першапачаткова Крывіч-горадам або Крывым-горадам) каланізавалася (або славянізавалася) крывічамі, як Панямонне ў сваю чаргу дрыгавічамі.

Ёсць няпэўнасць наконт атаяснення Расціслава Рагвалодавіча. Паводле «Рускай геральдыкі» А. Б. Лакіера гэта Расціслаў Усяславіч, які меў сыноў Маўкольда і Давіла, то-бок «Рагвалодавіч» толькі родавае празванне. А паводле, напрыклад, «Гісторыі родаў рускага дваранства» П. М. Пятрова, Расціслаў Рагвалодавіч — сын Рагвалода Барысавіча, то-бок «Рагвалодавіч» не родавае празванне, а імя па бацьку.

Падабенства сімволікі

Герб «Калюмны»
Герб «Пагоня»

Знак Гедзімінавічаў — «Калюмны», вельмі падобны да «Трызуба» — родавага знаку Рурыкавічаў, якім карысталіся і нашчадкі полацкага князя Усяслава Брачыславіча. На думку некаторых аўтараў, гэта можа сведчыць пра належнасць Гедзімінавічаў да нашчадкаў Усяслава і тлумачыць чаму яны карысталіся мадыфікацыяй такога знаку. Таксама герб аналагічны «Пагоні», на думку некаторых даследчыкаў, можа мець полацкае паходжанне.

Літаратура

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с.; іл.
  • Kirkor A. Bazylika litewska. — 1886. — S. 4.
  • Пазднякоў В. С. Расціслаў Рагвалодавіч / В. С. Пазднякоў // Памяць: Полацк: Гісторыка-дакументальные хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Склад. С. С. Чарняўская; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — 907, [1] с. — С. 101. — ISBN 985-11-0233-4.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya