Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, якое, відаць, знаходзілася ў пойме Гаражанкі. Магчыма, у позніх летапісах XVI ст. згадваецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з міфічнымі падзеямі сярэдзіны XIII ст., калі каля Гарадка нібыта адбылася бітва паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале з міфічным князем Мінгайлам. У канцы XVI ст. існаваў Гарадоцкі замак з магутнымі абарончымі валамі і пяццю вежамі. На карце Станіслава Пахалавецкага (1579), паказаныя Вялікі і Малы Гарадок. На карце Тамаша Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяводстваВялікага Княства Літоўскага. Быў дзяржаўнай маёмасцю. Пад 1650 г. у Гарадку ўпамінаецца Ільінская царква, пераўтвораная ва уніяцкую, у гэтым жа годзе яна была вернута праваслаўным. Паводле некаторых звестак, у XVI ст. Гарадок меў свой герб: выява ільва на залатым полі.
У 1778 годзе быў распрацаваны першы генеральны план Гарадка з рысамі класіцызму. 3 1796 года Гарадоцкі павет у Беларускай, а з 1802 года — Віцебскай губернях.
У 1781 годзе Гарадок атрымаў статус горада і новы герб з выявай Пагоні. У канцы XVIII стагоддзя ў ім 169 дамоў, у 1860 годзе — 377 дамоў, 4075 жыхароў. У горадзе працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крам. Былі царква, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў. У 1887 годзе ў горадзе дзейнічалі 23 прадпрыемствы, працавалі бальніца, рамесная школа, царкоўнапрыходскае вучылішча. На працягу 2-й паловы 19 ст. паводле праекта планіроўкі 1846 горад рос уздоўж шашы Віцебск — Пецярбург. Пасля 1904 года, калі была пракладзена чыгунка, Гарадок развіваўся паміж вакзалам і рынкам. Паводле перапісу 1897 года, у Гарадку значыліся 5023 жыхары. У 1905 годзе — 21 мураваны і 834 драўляныя дамы, 6480 жыхароў. Працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын. Дзейнічалі 2 мужчынскія, 3 жаночыя вучылішчы, бальніца, 3 аптэкарскія магазіны, бібліятэка, 2 царквы, 10 сінагог.
У час Вялікай Айчыннай вайны 10 ліпеня 1941 года Гарадок акупіраваны. За час акупацыі горад амаль поўнасцю разбураны, у горадзе і раёне загублена больш за 8 тыс. мірных жыхароў. Захопнікі стварылі ў Гарадку лагер смерці, дзе загінула 2,5 тыс. чалавек. 24 снежня 1943 у выніку Гарадоцкай аперацыі Гарадок вызвалілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Пасля вайны горад паступова адбудаваўся. У 1966 годзе быў распрацаваны праект планіроўкі. У 1977 годзе прыняты генеральны план горада. Узведзены новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі.
У 1997 годзе Гарадок адзначыў 220-годдзе з дня прысваення яму статуса горада.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1801 год — 1 713 чал.; 1860 год — 4 075 чал.; 1897 год — 5 023 чал. (перапіс)
XX стагоддзе: 1905 год — 6 480 чал.; 1939 год — 7,3 тыс. чал.; 1959 год — 7,6 тыс. чал.; 1969 год — 9 тыс. чал.
XXI стагоддзе: 2003 год — 14,1 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2008 год — 13,6 тыс. чал.; 2009 год — 13,4 тыс. чал.; 2016 год — 12 186 чал.[5]; 2017 год — 12 193 чал.[4]
Эканоміка
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Ільнозавод. Гарадок вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу (так званая гарадоцкая кераміка). Гасцініца «Раўбічы».
Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, Гарадоцкі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, 2 сярэднія, 8-гадовая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Гарадок // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 61—62.
Гарадок // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С.122—124.
Шагалеева Т. А. Гарадок і яго жыхары ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. / Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі р-н: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская; рэдкал. Н. А. Бурунова і інш. — Мн., 2004. — С. 130—147.
Городок // Города Беларуси. Витебщина. — Мн., 2006. — С. 78—79.
Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. / Маст. А. П. Бажэнаў. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 145. — 287 с. — 5000 экз. — ISBN 985-07-0131-5