Тры колеры: Чырвоны
«Тры ко́леры: Чырво́ны» (фр.: Trois Couleurs: Rouge) — мастацкі фільм 1994 года польскага кінарэжысёра і сцэнарыста Кшыштафа Кеслёўскага, апошні фільм рэжысёра. Суаўтарам сцэнарыя выступіў Кшыштаф Пясевіч, галоўныя ролі выканалі Ірэн Жакоб і Жан-Луі Трэнціньян. Фільм з’яўляецца сумеснай вытворчасцю Францыі, Польшчы і Швейцарыі[11]. Студэнтка Жэнеўскага ўніверсітэта Валянціна, якая падпрацоўвае мадэллю, выпадкова збівае аўчарку. Жадаючы дапамагчы параненай жывёліне, жанчына трапляе ў дом пажылога суддзі, гаспадара сабакі. Цынічны мізантроп, які бавіць час праслухоўваннем суседскіх тэлефонаў, выклікае ў Валянціны толькі агіду. Аднак знаёмячыся з ім бліжэй, жанчына прыходзіць да ўсведамлення, што зламыснасць, абыякавасць і нелюдзімасць былога суддзі — вынік яго расчаравання ў людзях. Яна пачынае бачыць у ім глыбока няшчаснага самотнага чалавека, якому патрэбны любоў і падтрымка. Сама Валянціна таксама жыве досыць самотна: яе каханы трымаецца з ёй холадна, а іх адносіны ўяўляюць сабой рэдкія тэлефонныя размовы. Таму неўзабаве, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, паміж Валянцінай і суддзёй узнікае ўзаемная сімпатыя. Паралельна з гэтым разгортваецца гісторыя маладога чалавека па імені Агюст. Ён жыве па суседстве з Валянцінай і вучыцца на юрыдычным факультэце. Звычайная гісторыя кахання, рэўнасці і здрады неўзабаве пачынае моцна нагадваць мінулае пажылога суддзі… «Чырвоны» з’яўляецца завяршальнай часткай трылогіі «Тры колеры». Паводле задумы аўтараў сцэнарыя Кшыштафа Кеслёўскага і Кшыштафа Пясевіча кожны фільм трылогіі тым ці іншым чынам павінен быў акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». Тэма фільма «Тры колеры: Чырвоны» — братэрства . Прэм’ера фільма адбылася 16 мая 1994 года ў межах конкурснай праграмы 47-га Канскага кінафестывалю[12][13], дзе карціна лічылася фаварытам, аднак у выніку не атрымала ніводнай узнагароды[14][15]. Фільм быў холадна прыняты крытыкамі ў Францыі і Польшчы, і ў той жа час атрымаў практычна ўсеагульнае прызнанне англамоўных крытыкаў, аб чым сведчаць максімальныя балы на агрэгатарах крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» і «Metacritic». Прэміяльны сезон прынёс карціне 19 кінаўзнагарод, сярод якіх прэміі «Сезар» і «Незалежны дух», а таксама шэраг намінацый, у тым ліку 3 намінацыі на «Оскар», 4 намінацыі на прэмію «BAFTA», намінацыі на «Залаты глобус» і «Еўрапейскую кінапрэмію»[16]. Пасля прэм’еры на Канскім кінафестывалі Кшыштаф Кеслёўскі заявіў, што заканчвае сваю кар’еру ў кіно. Рэжысёр памёр праз няпоўныя два гады, увесну 1996 года. СюжэтВалянціна Дзюсо (Ірэн Жакоб) вучыцца ў Жэнеўскім універсітэце і падпрацоўвае мадэллю. У яе ёсць малады чалавек, Мішэль, які зараз знаходзіцца за мяжой у Англіі. Па тэлефоне ён раўніва выпытвае ў Валянціны, як яна бавіць час без яго, яна адказвае, што ноччу ёй было вельмі самотна, і яна спала ў абдымку з яго курткай. Валянціна заходзіць у кавярню, дзе традыцыйна закідвае манетку ў «аднарукага бандыта», затым яна адпраўляецца на фотасесію, а ўвечары ўдзельнічае ў дэфіле. Едучы дамоў, Валянціна мінае свайго суседа, з якім час ад часу сутыкаецца ў горадзе, але з якім не знаёма. Суседа клічуць Агюст (Жан-П’ер Лары ), ён вучыцца на юрыдычным і сустракаецца з дзяўчынай, якая працуе ў тэлефонным сэрвісе прагнозу надвор’я. У маладога чалавека лопаецца гумка на кнігах, і адна з іх падае разгорнутая сярод дарогі. Агюст звяртае ўвагу на разгорнутую старонку. Тым часам Валянціна засяроджваецца на тым, каб уключыць музыку ў машыне, і выпадкова збівае аўчарку. Яна падбірае параненую жывёліну і адпраўляецца па адрасе, указаным на ашыйніку. Уладальнікам сабакі аказваецца пажылы чалавек Жазэф Керн (Жан-Луі Трэнціньян). Ён выказвае абыякавасць да лёсу сабакі, і Валянціна сама адвозіць жывёліну да ветэрынара. Там яна даведваецца, што рана ў аўчаркі няцяжкая, а яшчэ — што яна чакае шчанятаў. Фатограф паказвае Валянціне здымкі, зробленыя падчас фотасесіі. Адзін з іх плануецца выкарыстаць для вялізнага банера: на ім дзяўчына выяўлена ў профіль на фоне чырвонай драпіроўкі з трывожным выразам твару. Фатограф спрабуе спакусіць Валянціну да сексуальных стасункаў з ім, але дзяўчына адмаўляецца. Пазней, выгульваючы сабаку, яна вырашае спусціць яе з павадка, і сабака ўцякае. Валянціна зноў адпраўляецца ў дом пажылога гаспадара сабакі. Той прыслаў дзяўчыне грошы на ветэрынара, і цяпер яна хоча вярнуць рэшту. Сабака аказваецца ў свайго гаспадара, і ён прапануе Валянціне забраць аўчарку сабе. «Вам яна не патрэбна?» — пытаецца Валянціна. «Мне ніхто не патрэбны» — адказвае пажылы чалавек. «Тады вы можаце проста перастаць дыхаць» — прапануе дзяўчына. «Добрая думка» — згаджаецца Керн. Зайшоўшы ў дом, Валянціна выяўляе, што пажылы чалавек займаецца падслухоўваннем тэлефонных размоў сваіх суседзяў. Зараз падслухоўваючая ўстаноўка трансліруе размову суседскага мужчыны са сваім палюбоўнікам. Валянціна дакарае Керна ў амаральнасці дзеянняў, той жа ў сваю чаргу прапануе дзяўчыне спыніць яго: пайсці да гэтага мужчыны і раскрыць праўду пра праслухоўванне. Валянціна так і робіць, але, аказаўшыся на месцы, бачыць, што ў суседа ёсць жонка, якая ні аб чым не падазрае, а таксама дачка, якая ў гэты самы момант слухае размову свайго бацькі праз іншы тэлефонны апарат. Валянціна адмаўляецца ад задумы і вяртаецца да пажылога чалавека. Цягам размовы Валянціна даведваецца, што Керн — былы суддзя, які расчараваўся ў людзях і знаходзіць своеасаблівае задавальненне ў падслухоўванні чужых размоў, бо тут людзі такія, якія ёсць. Перад тым, як пакінуць суддзю, Валянціна чуе яшчэ некалькі размоў, сярод якіх рамантычная гутарка Агюста са сваёй дзяўчынай, Карын (Фрэдэрык Федэр ). Валянціна мяркуе, што маладыя людзі кахаюць адно аднаго, аднак суддзя ўпэўнены, што Агюст сустрэў не тую дзяўчыну, якая яму патрэбна. Яго суджэнні трапныя і праніклівыя, але начыста пазбаўленыя спагады. На развітанне Валянціна кажа суддзі, што ён няправы, няправы ва ўсім, і што яго можна толькі пашкадаваць. Калі Валянціна пакідае суддзю, той бярэ стос канвертаў і піша суседзям, якіх падслухоўваў, а таксама ў паліцыю — лісты з прызнаннем. На вуліцах Жэневы з’яўляецца вялізны банер з Валянцінай. Агюст, праязджаючы міма, заглядваецца на яе выяву. Малады чалавек здае экзамен на суддзю, і яму выпадае якраз тое пытанне, на якім разгарнулася ўпаўшая кніга некалькі дзён таму. Тым часам абуранае грамадства падае супраць былога суддзі калектыўны іск. Калі Валянціна даведваецца з газет, што суддзю абвінавачваюць у падслухоўванні, і спяшаецца да яго, каб сказаць, што данесла не яна. Суддзя супакойвае дзяўчыну і тлумачыць, што ён сам на сябе данёс. Прычынай такога ўчынку стала агіда, з якой Валянціна паставілася да яго дзеянняў, і яшчэ ён хацеў паглядзець, як яна адрэагуе на яго прызнанне. Падчас размовы суддзя адзначае, што быў правы наконт Агюста і яго дзяўчыны — між імі ўжо ўсё скончана. Валянціна пытае, ці не прыклаў суддзя да гэтага руку, але той тлумачыць, што прычынай паслужыў яго данос на сябе. Пачаўся судовы разбор, і там Карын пазнаёмілася з іншым мужчынам. Адкрываючы Валянціне свой погляд на жыццё, суддзя расказвае ёй, што некалі даўно апраўдаў вінаватага. Калі мінуў час, аказалася, што гэты чалавек пражыў добрае жыццё. Суддзя выказвае думку, што пражыві ён жыццё сваіх падсудных і апыніся ў тых жа абставінах як яны — учыняў бы тыя ж злачынствы. Цяпер ён лічыць, што ўлада рашаць, хто правы, а хто не — гэта проста недахоп сціпласці. Валянціна пытаецца, ці любіў ён калі-небудзь. Керн ухіляецца ад адказу і замест гэтага расказвае сон, які яму прысніўся напярэдадні. Яму прыснілася Валянціна, ёй было 40 або 50 гадоў, і яна была шчаслівай. Агюст не можа звязацца з Карын па тэлефоне і адпраўляецца да яе дамоў. Ён узбіраецца на будынак, зазірае ў акно кватэры і бачыць, як яна займаецца сексам з іншым мужчынам. Ранкам Валянціна бачыць з акна, як Агюст, вярнуўшыся дамоў, у роспачы забывае выключыць фары ў машыне. Яна тэлефануе Мішэлю і паведамляе, што на наступным тыдні прыедзе ў Англію на пароме, Мішэль усё такі ж падазроны і халодны. Керн тэлефануе ў службу прагнозу надвор’я і пытаецца пра надвор’е над Ла-Маншам у дзень, калі Валянціна паплыве на пароме. Карын адказвае, што па прагнозе надвор’е будзе ясным. Яна рада гэтаму, бо сама збіраецца адправіцца туды са сваім новым кавалерам на яхце. За дзень да ад’езду ў Англію Валянціна запрашае суддзю на свой паказ мод. Едучы на паказ, суддзя бачыць банер з Валянцінай. Пасля дэфіле яны застаюцца ў тэатры, і Жазэф расказвае Валянціне, што раней часта бываў тут. Аднойчы падчас антракту лопнула гумка, якой былі звязаны яго кнігі, адна з кніг разгарнулася, і ён прачытаў пару радкоў. Неўзабаве ў яго быў экзамен, і выпала менавіта гэтае пытанне. Валянціна пачынае здагадвацца, што прычына яго расчаравання ў людзях крыецца ў мінулым, што некалі яму здрадзілі. Суддзя пацвярджае яе здагадку. У маладосці ў яго была дзяўчына, якую ён вельмі кахаў, але аднойчы, прыйшоўшы да яе дамоў, ён заспеў за сексам з іншым мужчынам. Калі яго дзяўчына з новым кавалерам з’ехалі, Керн адправіўся за імі, перасек Францыю і Ла-Манш і працягваў пераследаваць іх, пакуль яна не загінула ў катастрофе. З тых пор ён больш не прывязваўся ні да адной жанчыны. Праз нейкі час, калі ён ужо быў суддзёй, яму дасталася справа мужчыны, які быў палюбоўнікам яго каханай. Мужчына быў вінаваты — і Керн асудзіў яго, а затым выйшаў на пенсію. Развітваючыся, Жазэф і Валянціна плануюць зноў сустрэцца праз тры тыдні, дзяўчына хоча, каб пажылы чалавек падараваў ёй шчанюка. Валянціна сядае на паром у Англію, на той жа паром сядае і Агюст. Тым часам насуперак прагнозу надвор’е рэзка псуецца, а рабочыя пад дажджом здымаюць банер з Валянцінай. Наступным ранкам, калі суддзя выбірае аднаго са шчанюкоў для дзяўчыны, да яго даходзіць навіна, што на Ла-Манш абрынуўся жахлівы шторм, і паром з 1435 пасажырамі на борце затануў, там жа затанулі некалькі рыбацкіх судоў і невялікая прагулачная яхта. З тэлевізійнага рэпартажу выясняецца, што пасля катастрофы ўдалося выратавацца толькі семярым. Сярод іх Жулі Віньён і Аліўе Бенуа (героі фільма «Тры колеры: Сіні»), Караль Караль і Дамінік Відаль (героі фільма «Тры колеры: Белы»), а таксама Агюст Бруне і Валянціна Дзюсо. Стоп-кадр з дзяўчынай на тэлевізары суддзі цалкам паўтарае рэкламны банер: Валянціна выяўлена ў профіль на чырвоным фоне, у яе ўстрывожаны выраз твару. Акцёрскі склад
Таксама ў эпізадычных ролях зняліся Брыджыт Рауль, Лео Рамсее, Нэйдэр Фарман, Сесіль Тэнер, Ан Цюрыя , Неіге Дольскі , Джэсіка Корынек. ВытворчасцьЗадума і напісанне сцэнарыяРэжысёр і аўтар сцэнарыя Кшыштаф Кеслёўскі (злева), суаўтар сцэнарыя Кшыштаф Пясевіч (справа). Як і ў выпадку з тэлецыклам «Дэкалог», на стварэнне трылогіі «Тры колеры» Кеслёўскага натхніў Кшыштаф Пясевіч[17][18]. Кожны фільм трылогіі павінен быў тым ці іншым чынам акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі адзначае:
Тэма заключнай часткі трылогіі, фільма «Тры колеры: Чырвоны», — братэрства . Усе фільмы трылогіі мелі па чатыры варыянты сцэнарыя і яшчэ адзін, так званы «выпраўлены» чацвёрты варыянт. Выпраўленні ў апошняй версіі сцэнарыя тычыліся перакладу дыялогаў на французскую мову. Кеслёўскі запрасіў у якасці перакладчыка Марціна Лятала , які шукаў максімальна дакладныя пераклады ўсіх рэплік і дбайна падбіраў адпаведныя французскія ідыёмы[19]. Падбор акцёраў і праца над роляміВыканаўцы галоўных роляў: Ірэн Жакоб (злева) і Жан-Луі Трэнціньян (справа). Галоўную ролю ў карціне выканала франка-швейцарская актрыса Ірэн Жакоб, якая ўжо здымалася ў Кеслёўскага ў «Падвойным жыцці Веранікі». Прыблізна ў той жа час Квенцін Таранціна запрасіў актрысу ў свой фільм «Крымінальнае чытво», у якім ролю сяброўкі баксёра пісаў адмыслова пад яе. Аднак актрыса адхіліла прапанову, бо на той момант ужо пагадзілася на ролю ў «Чырвоным»[20]. Гаворачы аб ролі Валянціны, Жакоб адзначала, што яе персанаж не выклікае асаблівага інтарэсу сам па сабе, пакуль не сутыкаецца з персанажам суддзі: «Галоўным героем фільма з’яўляюцца адносіны паміж гэтай жанчынай і суддзёй, бо яны праяўляюць сябе адзін праз аднаго. Без іх узаемаадносін мы не даведаемся хто яны, і нам будзе ўсё адно»[21]. Па парадзе Пясевіча на ролю суддзі Кеслёўскі запрасіў Жана-Луі Трэнціньяна, роля дасталася акцёру пасля смерці іншага, раней зацверджанага акцёра. Як сцвярджаў Трэнценьян, ён прачытаў сцэнарый і быў надзвычай уражаны, «а потым асабіста сустрэўся з Кеслёўскім і загарэўся энтузіязмам»[22]. Пазней акцёр прыгадваў, што прапанову сыграць вуаерыста-самотніка ён успрыняў як сігнал, каб даследаваць свае ўласныя пачуцці старэючага чалавека, які змагаецца з адзінотай[23]. Для здымкаў у завяршальнай сцэне фільма былі запрошаны выканаўцы галоўных роляў з іншых частак трылогіі: Жульет Бінош, Бенуа Рэжан , Жулі Дэльпі, Збігнеў Замахоўскі. ЗдымкіЗдымкі фільма адбываліся ў Швейцарыі з 1 сакавіка па 29 красавіка 1993 года[24]. Месцам здымкаў была абрана Жэнева. Паводле ўспамінаў рэжысёра пошук лакацый для натурных здымкаў быў складаны:
У выніку для здымкаў карціны былі абраны наступныя месцы[24][26]:
Існуе меркаванне, што ў фінале фільма для тэлевізійнага сюжэта пра затапленне парома былі выкарыстаны рэальныя кадры гібелі судна «Herald of Free Enterprise ». Катастрофа адбылася ў ноч на 6 сакавіка 1987 года, загінула 193 чалавекі. Такое выкарыстанне трагедыі было асуджана ў газеце «The Daily Telegraph» ад 26 жніўня 1994 года. Тым не менш, факт выкарыстання гэтых матэрыялаў застаецца непацверджаным і выклікае сумневы[27]. Аператарская працаАператарам карціны выступіў паляк Пётр Сабачыньскі , які раней працаваў з Кеслёўскім над дзвюма часткамі тэлецыклу «Дэкалог» — «Дэкалог, тры» і «Дэкалог, дзевяць». Рэжысёр перадаў аператару сцэнарый за год да пачатку здымкаў. За гэты час яны ўзгаднілі эстэтычную канцэпцыю праекта, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць залішніх дыскусій на здымачнай пляцоўцы[28]. Сабачыньскі адзначаў, што пры здымках фільма ён атрымаў рэдкую для сваёй прафесіі магчымасць — быць дапушчаным да самой сутнасці карціны[29]. Здымачны працэс аператар апісвае наступным чынам:
Параўнальна з іншымі фільмамі трылогіі, «Чырвоны» наймацней акцэнтуе ўвагу на сваім тытульным колеры, хаця асвятленне і кадры карціны больш стрыманыя. Калі ў «Сінім» вялікую ролю адыгрывалі сінія святлафільтры, то ў «Чырвоным» акцэнт на колеры рэалізоўваўся праз выкарыстанне шматлікіх прадметаў чырвонага колеру, якія з’яўляюцца практычна ў кожнай сцэне і напаўняюць карціну пэўным настроем і сімвалізмам[30]. Тым не менш, дамініруючым колерам фільма з’яўляецца вытворны ад чырвонага — карычневы[29][18]. У той час, як чырвоны выконвае сімвалічную ролю, карычневы ўяўляе сабой дапусцімы колер асяроддзя. «Яго цёмнасць і густата не прыгнятаюць, але, як у галандскіх карцінах, даюць добры кантраст і глыбокія цені, якія ставяць на від толькі важныя рэчы, пакідаючы ўсё астатняе туманным і нявыказаным»[29]. Сабачыньскі кіраваў кампазіцыяй святла і ценю амаль у кожнай сцэне. Ён адзначаў, што яму даводзілася ўважліва кантраляваць візуальныя элементы фільма, каб кожны прадмет і светлавы эфект былі выразнымі, значнымі для гледача. Для здымкаў у памяшканні ён выкарыстоўваў натуральнае асвятленне і дазваляў яму дыктаваць размяшчэнне акцёраў на пляцоўцы. «У сцэнах у доме суддзя размяшчаўся так, каб можна было бачыць толькі частку яго твару; ён празмерна закрыты. Валянціна знаходзіцца ў святле, якое льецца з вокнаў, паколькі яна больш адкрыты чалавек»[31]. Некаторыя аператарскія рашэнні ўдалося ажыццявіць дзякуючы тэхнакрану , дарагому абсталяванню, якое Кеслёўскі адмыслова замовіў для здымкаў першай сцэны, яднаючай Валянціну і Агюста, а таксама для сцэны «падзення» кнігі суддзі з тэатральнага балкона[18][29]. П’ер Мюрат, хранікёр здымкаў «Чырвонага», пісаў: «Гэта быў першы раз, калі мы ўбачылі Тэхнакран у Францыі. На той момант толькі Спілберг актыўна карыстаўся гэтай дарагой цацкай»[18]. Музычнае суправаджэннеМузычнае суправаджэнне да фільма «Тры колеры: Чырвоны» стварыў польскі кампазітар Збігнеў Прайснер[32]. Цэнтральнай музычнай тэмай карціны стала «Балеро», якое было першапачаткова напісана для фільма «Гульні ў палях Госпада» (1991), але тады было адкінута[33][34]. Лірычная меладычная тэма «Балеро» развіваецца і паўтараецца, сама яе структура выражае кумулятыўную характарыстыку «Чырвонага»[18]. У музычным суправаджэнні карціны Прайснер дапускае некалькі самацытаванняў, падаючы іх у форме ўнутрыкадравай музыкі. Так, у адным з эпізодаў фільма галоўная гераіня наведвае музычную краму і слухае кампазіцыю з фільма «Дэкалог, дзевяць». У тым жа эпізодзе, калі Валянціна падыходзіць да прылаўка, можна пачуць фрагмент танга з фільма «Тры колеры: Белы». Акрамя таго, у «Чырвоным» атрымлівае новае развіццё тэма выдуманага кампазітара Ван дэн Будэнмаера, альтэр-эга Прайснера. Так, на стале ў суддзі, можна пабачыць грампласцінку з музыкай галандскага кампазітара. На вокладцы, якая на імгненне трапляе ў кадр, выяўлены яго партрэт. Іншую выяву выдуманага кампазітара можна заўважыць на вокладцы дыска, які слухае Валянціна ў музычнай краме. Выхад і прызнаннеПракат і зборыПрэм’ера фільма адбылася 16 мая 1994 года ў межах конкурснай праграмы 47-га Канскага кінафестывалю. Апроч таго фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Лакарна (жнівень), Таронта (10 верасня), Нью-Ёрку (4 кастрычніка), Чыкага (кастрычнік), Салоніках (лістапад). У шырокі пракат карціна выйшла практычна адначасова з фестывальнай прэм’ерай. 16 мая фільм быў выпушчаны ў Турыне, а на наступны дзень па ўсёй Італіі, 27 мая пачаўся пракат у Польшчы. 12 жніўня карціна была выпушчана ў Даніі і Нарвегіі. У верасні да пракату далучыліся Германія, Францыя, Бельгія, Паўднёвая Карэя, Іспанія, Швецыя[12]. Падчас пракату ў Францыі колькасць прададзеных квіткоў на фільм склала 821 025, а фільм заняў 39-е месца па зборах за 1994 год[35]. Распаўсюджваннем фільма ў Злучаных Штатах Амерыкі займаўся кінапрадзюсар Харві Вайнштэйн і яго кампанія «Miramax Films »[20]. У амерыканскі пракат фільм выйшаў 23 лістапада 1994 года, а зборы ў амерыканскім пракаце дасягнулі сумы 3 581 969 долараў[36]. КрытыкаУ Францыі «Чырвоны» дэманстратыўна падвяргаўся крытыцы і маргіналізацыі. Фрэдэрык Штраўс у артыкуле для часопіса «Cahiers du Cinéma » ахарактарызаваў «Чырвоны», як фільм з «вымучаным, размытым сцэнарыем», што адпавядала тону часопіса, варожа настроенага да ўсёй трылогіі[37]. Рэдактар часопіса «Le Mensuel du Cinéma » Франсуа Шэвасю іранізаваў на тэму «складанай пастаноўкі, часта паказной па сваіх эфектах»[38]. Сярод французскіх крытыкаў рашуча падтрымаў творчасць Кеслёўскага толькі рэдактар часопіса «Positif » Філіп Руаер. Ён заявіў, што «Чырвоны» з’яўляецца творам, які даказвае, што рэжысёр застаецца на піку свайго творчага патэнцыялу[39]. У Польшчы прыём «Чырвонага» таксама быў халодны. Рышард Легутка зларадна пісаў у газеце «Czas Krakowski »: «Спадары і спадарыні, хочацца сказаць аматарам фільмаў Кеслёўскага — там нічога няма»[40]. Падобным чынам выказвалася і Марыёла Янкун-Дапартова, абвінавачваючы ўсю трылогію ў тым, што яна апавядае гісторыі, якія маюць сваім вытокам мыльныя оперы і «часопісы для думаючых жанчын»[41]. Апроч таго, аглядальніца выкрывала кічавасць трылогіі: «Кіч Кеслёўскага грунтуецца на несумленнасці — ён прыкідваецца дурнем, яднаючыся з ідыёцкай Еўропай у яе ўспрыняцці рэчаіснасці»[42]. У абарону творчасці Кеслёўскага ўстала Гражына Стахуўна , ахарактарызаваўшы «Чырвоны» як фільм, які «ўражвае сваёй візуальнай прыгажосцю <…>, здзіўляе вытанчанасцю апавядання, глыбока кранае і прыводзіць у жах». Паводле Стахуўны, гэты жах выкліканы фіналам фільма, які, на думку польскай кіназнаўцы, даказвае, што «нішто ў жыцці не залежыць ад нас саміх, што ўсе, нават самыя трывіяльныя з выгляду рэчы, <…> спярша абвяшчаюцца праз знакі, якія мы не можам зразумець, а потым утвараюць заблытаную сетку залежнасцяў»[43]. Палярна іншая ацэнка чакала фільм у англамоўным свеце, дзе карціна атрымала практычна ўсеагульнае прызнанне крытыкаў. Аб гэтым сведчаць максімальныя балы на агрэгатарах крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes»[44] і «Metacritic»[45]. Даючы ацэнку фільму, многія рэцэнзенты разглядалі яго ў кантэксце ўсёй трылогіі, а часам і ў кантэксце ўсёй рэжысёрскай кар’еры Кеслёўскага, так як ён заявіў, што гэта яго завяршальная праца. Ацэньваючы ўплыў «Чырвонага» на трылогію, Джанет Маслін у рэцэнзіі для «New York Times» выказала думку, што заключная частка прыўносіць магію ўва ўсе тры фільмы: «Шыкоўная пустата першага фільма і адносная цьмянасць другога раптоўна набываюць ружаватыя адценні з-за спакуслівага ззяння Чырвонага»[46]. Дэсан Хаў з газеты «Washington Post» адзначыў, што ў сваёй цудоўнай трылогіі рэжысёр пакінуў найлепшае напаследак[47]. Роджэр Эберт з «Chicago Sun-Times » назваў «Чырвоны» «найлепшым сярод роўных» у трылогіі[48]. Ліза Несельсан з часопіса «Variety» падсумавала, што калі словы Кеслёўскага пра заканчэнне кар’еры спраўдзяцца, то ён «сыходзіць на пенсію на фармальным і філасофскім піку»[13]. Падобную думку выказаў і іншы рэцэнзент ад «Washington Post», Хэл Хінсан , які заключыў: «Змрочны, прыгожы і гулліва загадкавы, „Чырвоны“ не з’яўляецца фільмам кінавытворцы, у якога скончыліся ідэі, але ёсць карцінай мастака на піку сваёй моцы»[49]. Многія крытыкі завастралі ўвагу на выдатнай акцёрскай ігры. Джанет Маслін адзначыла, што акцёрскі дуэт Ірэн Жакоб і Жана-Луі Трэнціньяна ідэальна падыходзіць для дэманстрацыі палярных супрацьлегласцяў[46]. Эдвард Гутман з «San Francisco Chronicle » выказаў захапленне ігрой Ірэн Жакоб і параўнаў яе з маладой Одры Хепбёрн[50]. Крысцін Мак-Кена з «Los Angeles Times» адзначыла, што ігра Жакоб «уражвае ўдвайне, калі ўсведамляеш, што ў яе рэакцыйная роля, якая не пакідае ёй амаль нічога іншага, як слухаць, калі з ёй размаўляюць, і назіраць за жыццём вакол яе. Выкарыстоўваючы толькі свой выразны твар, яна тэлеграфіруе пра душэўныя патрасенні, якія перажывае гэтая жанчына»[21]. Пахвалы ўдастоіліся аператар Пётр Сабачыньскі і мастак-пастаноўшчык Клод Ленуар[47]. А таксама кампазітар Збігнеў Прайснер[13]. Даючы ў цэлым станоўчую ацэнку фільму, аглядальнік з «The Guardian» Дэрэк Малкальм выказвае думку, што тэхнічнае выкананне ў «Чырвоным» часам зацьмявае яго сутнасць, што выклікае пачуццё некаторай дызгармоніі[51]. Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваім першапачатковым аглядзе ў 1994 годзе адзначыў фільм максімальным балам 4/4[52], у 2003 годзе Эберт унёс усю трылогію «Тры колеры» ў свой спіс «Выдатных фільмаў»[48]. Падагульняючы свае ўражанні ад «Чырвонага» Эберт гаворыць наступнае: «Гэта такі фільм, які змушае вас адчуваць сябе надзвычай жывым падчас прагляду, а затым адпраўляе вас на вуліцу з жаданнем глыбока і тэрмінова пагутарыць з чалавекам, з якім вы знаходзіцеся. Хто б гэта ні быў»[52]. Рэйтынгі і спісы
Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму максімальную ацэнку ў 100 балаў са 100 на аснове 9 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8,6/10[45]. Іншы папулярны агрэгатар крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» таксама спыняецца на максімальнай ацэнцы ў 100 %, прыводзячы 54 станоўчыя рэцэнзіі крытыкаў. Глядацкі рэйтынг кінастужкі на гэтым рэсурсе дасягае 94 % на аснове больш чым 25 тысяч галасоў[44]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно:
Падводзячы вынікі 1994 года ў вобласці кіно, шэраг перыядычных выданняў унёс фільм у свае спісы найлепшых:
На сайце «IMDb» станам на снежань 2021 года фільм уваходзіць у спіс 250 найлепшых фільмаў[70]. УзнагародыФільм «Тры колеры: Чырвоны» ўдзельнічаў у асноўнай конкурснай праграме 47-га Канскага кінафестывалю і з’яўляўся адным з галоўных прэтэндэнтаў на «Залатую пальмавую галіну», аднак у выніку не атрымаў ніводнай узнагароды[14][15]. Англійскі кінакрытык Дэрэк Малкальм прысвяціў асобны артыкул у газеце «The Guardian» аналізу прычын, чаму фаварыт кінафестывалю застаўся без прызоў. Адной з прычын такога рашэння Малкальм назваў невуцтва і недасведчанасць у сусветным кінематографе канскага журы таго года. Ён выказаў меркаванне, што сябры журы ўвогуле былі незнаёмы з творчасцю Кеслёўскага, у тым ліку і з першымі дзвюма часткамі трылогіі. Іншай праблемай Малкальм назваў неадназначнасць фігуры прадзюсара трылогіі Марына Карміца, чалавека, схільнага адкрыта выказваць свае меркаванні. Такім чынам, ігнараванне кінастужкі сябрамі журы магло быць выклікана асабістымі крыўдамі кагосьці з іх. Малкальм таксама выказаў сваё шкадаванне, што прэмію не прысудзіла і Міжнародная федэрацыя кінапрэсы, арганізацыя, якую ён сам ачольваў. Такое рашэнне было прынята адзінае таму, што больш высокія прэміі лічыліся непазбежнымі. У падсумаванне кінакрытык заявіў: «Гледзячы на фільмы, якія атрымалі прызы, адмова журы прысудзіць „Чырвонаму“ хоць што-небудзь выглядае абсурдам: аплявухай найлепшаму ў еўрапейскім кінематографе»[14]. Амерыканскі кінакрытык Джонатан Разенбаўм адзначыў, што прысуджэнне галоўнага прыза «Крымінальнаму чытву» і адначасовае ігнараванне «Чырвонага» з’яўляецца «пасланнем аб тым, што безадказныя забавы відавочна больш пажаданыя, чым удумлівы артхаус. Улічваючы атмасферу фестывалю ў цэлым — больш набліжаную да дзелавога з’езду, чым да культурнага мерапрыемства — нічога дзіўнага»[71]. Рашэнне абысці ўзнагародамі кінастужку стала нечаканасцю і для пераможцаў таго года — аўтараў «Крымінальнага чытва». Так, выканаўчы супрадзюсар кінастужкі Харві Вайнштэйн пазней узгадваў: «Упершыню я пабачыў „Чырвоны“ на Канскім кінафестывалі. Я быў з Квенцінам, і пасля фільма ён павярнуўся да мяне і сказаў: „Гэта найлепшы фільм года і ён выйграе Залатую пальмавую галіну“. Мы ўсе меркавалі, што Кшыштаф замацаваў Пальму за сабой. Так што мы былі не толькі ашаломленыя перамогай „Крымінальнага чытва“, але яшчэ больш нас ашаламіла тое, што „Чырвоны“ не атрымаў нічога»[20]. Яшчэ адной непрыемнасцю ва ўзнагародным сезоне стала дыскваліфікацыя кінастужкі з оскараўскай гонкі. Паколькі ў вытворчасці фільма прымалі ўдзел тры краіны — Францыя, Польшча і Швейцарыя — то каб пазбегнуць залішняй канкурэнцыі ў нацыянальным адборы, стужку высунулі ад Швейцарыі . Аднак Амерыканская кінаакадэмія палічыла фільм не ў дастатковай ступені швейцарскім і не зацвердзіла яго ў намінацыі на Найлепшы замежны фільм[72][73][74]. Абураныя такім рашэннем, 56 прадстаўнікоў амерыканскай кінаіндустрыі падпісалі ліст пратэсту[75]. У выніку стужка была адзначана трыма іншымі намінацыямі: Найлепшая рэжысура, Найлепшы арыгінальны сцэнарый і Найлепшая аператарская праца . У сваю чаргу знайшліся праціўнікі і такога рашэння. Калі ў канцы 1994 года Кола кінакрытыкаў Нью-Ёрка прысудзіла прэмію за прыжыццёвыя дасягненні Жан-Люку Гадару, той даслаў ім саркастычны ліст, у якім выказаў шкадаванне, што не здолеў «змусіць оскараўцаў узнагародзіць Кіярастамі замест Кеслёўскага»[76][77]. Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 19 кінаўзнагародамі і 29 намінацыямі[16]:
АналізСімвалізм чырвонага колеруЧырвоны колер займае ў фільме дамініруючае месца і выконвае ў ім сімвалічную ролю. Шматлікія аглядальнікі выяўлялі розныя аспекты значэння гэтага колеру ў карціне. Так, Анет Інсдарф знаходзіла ў чырвоным колеры сімвал забароны:
Сара Рэвел у якасці прыкладаў сімвалізму колеру выявіла наступныя адпаведнасці: «Чырвонае святло святлафора выражае небяспеку, чырвоныя вішні ў гульнявым аўтамаце прадракаюць няўдачу, чырвоная куртка сімвалізуе памяць пра каханага»[30]. Вобраз суддзі і матыў назіральніцтваДля творчасці Кеслёўскага характэрны матыў назіральніцтва. Сярод яго герояў-назіральнікаў можна спаткаць палітычна наіўнага кінааматара, які ўсё, што бачыць, фіксуе на камеру («Аматар », 1979), маладога чалавека, які падглядвае праз акно за сексуальна актыўнай жанчынай («Кароткі фільм пра каханне», 1988). Сустракаюцца і больш незвычайныя персанажы, такія як адвакат, які пасля смерці прывідам застаецца побач са сваёй жонкай і назірае за яе жыццём («Без канца», 1985) або таямнічы малады чалавек, які з’яўляецца ў васьмі фільмах «Дэкалога»[101]. Гаворачы пра гэтага персанажа, Кеслёўскі адзначаў: «Я не ведаю, хто ён. Проста малады чалавек, які падыходзіць і глядзіць. Ён назірае за намі, за нашым жыццём. Ён намі не вельмі задаволены. Падыйдзе, паглядзіць і адправіцца далей»[102]. Суддзя, якога іграе Жан-Луі Трэнціньян, з’яўляецца адной з такіх фігур. Ён займаецца падслухоўваннем тэлефонных размоў суседзяў з дапамогай хатняй стэрэа-сістэмы, усё ведае, але нічога не прадпрымае[101]. Падвойныя жыцці і альтэрнатыўныя лёсыКеслёўскі ў сваіх кінастужках неаднаразова звяртаўся да тэмы падвойных жыццяў, а таксама разважаў над ролямі выпадку і выбару ў фарміраванні лёсу. Так, у фільме «Выпадак » (1981) рэжысёр паказвае, як у залежнасці ад адной выпадковай падзеі — паспее герой на цягнік, спозніцца ці пападзе ў рукі паліцыі — лёс развіваецца трыма абсалютна рознымі шляхамі. У «Падвойным жыцці Веранікі» (1991) рэжысёр падымае пытанне двайніцтва: што калі ў кожнага з нас ёсць свой «дублёр», які пражывае падобнае жыццё і можа нас замяніць, калі наш лёс будзе разбураны, або наадварот — што калі мы з’яўляемся такімі «дублёрамі» некага іншага. «Чырвоны», апошні фільм Кеслёўскага, аб’ядноўвае і развівае абедзве тэмы. З аднаго боку фільм апавядае гісторыю двайнікоў — пажылога суддзі і маладога Агюста — лёсы якіх ува многім падобныя. Тут, у адрозненні ад «Падвойнага жыцця…», гісторыя развіваецца геаграфічна ў адным месцы, аднак праз адчувальны прамежак часу. У «Падвойным жыцці…» Вераніка з Польшчы памірае ад сардэчнага прыступу, яе двайніца-францужанка містычным чынам адчувае гэта і інтуітыўна пачынае звяртаць увагу на сваё здароўе, тым самым яна ратуе сабе жыццё і ў нейкім сэнсе працягвае жыццё памерлай двайніцы. Нешта падобнае адбываецца і ў «Чырвоны», дзе лёс суддзі аказваецца зруйнаваным праз здраду каханай жанчыны, праз пэўны час яго лёс паўтараецца ў асобе маладога Агюста, які перажывае тыя ж жыццёвыя выпрабаванні, аднак не губляе свой шанец на шчасце. Тут у карціне гучаць матывы з фільма «Выпадак»: на пароме Агюст сустракае Валянціну, падобную якой у свой час не сустрэў Жазэф, — і лёс пачынае ісці іншым шляхам. Двайніцтва пажылога суддзі і маладога Агюста праяўляецца як глабальна, у падабенстве лёсаў і жыццёвых падзей, так і ў мностве невялікіх дэталяў. Абодва героі захапляюцца музыкай галандскага кампазітара Ван дэн Будэнмаера, абодва маюць сабаку, носяць падцяжкі. Іх двайніцтва часам падкрэсліваецца іранічна. Карын дарыць Агюсту новую ручку, а суддзя вымушаны пісаць данос на сябе алоўкам, так як у ручцы скончылася чарніла[18]. Уплыў на кінематографНіводзін іншы польскі кінарэжысёр не знайшоў столькі вучняў і паслядоўнікаў у міжнародным кіно, як Кшыштаф Кеслёўскі. Глыбей за ўсё ў свядомасці кіна-паслядоўнікаў адбіліся познія фільмы рэжысёра, у якіх ён адмаўляецца ад рэалізму дзеля духоўна-кінематаграфічных пошукаў. Менавіта познія працы Кеслёўскага, сярод якіх тэлецыкл «Дэкалог», фільм «Падвойнае жыццё Веранікі» і трылогія «Тры колеры», часцей за ўсё зноў вяртаюцца на экраны ў выглядзе цытат, амажаў і аўтарскіх транскрыпцый у творах майстроў сучаснага кіно[103]. Біёграф рэжысёра, Станіслаў Завісліньскі, пералічвае ў сваім даследаванні не менш за два дзясяткі фільмаў, у якіх ёсць «нешта ад Кеслёўскага». Сярод адзначаных ім кінастужак ёсць творы такіх сусветна вядомых аўтараў, як Алехандра Гансалес Іньярыту, Том Тыквер, Жан-П’ер Жэнэ і Вонг Кар-Вай , а таксама творы польскіх кінематаграфістаў Ежы Штура, Кшыштафа Краўзэ і Грэга Зглінскага[103]. Барташ Сташчышын адзначае, што некаторыя матывы «Чырвонага» можна ўгледзець у фільме Жан-П’ера Жэнэ «Неверагодны лёс Амэлі Пулен». Тым не менш ён падкрэслівае, што фільм польскага рэжысёра мае дачыненне да звышнатуральнага свету і можа быць асэнсаваны ў рэлігійным ці метафізічным сэнсе, тады як гісторыя, расказаная Жэнэ, з’яўляецца па сваёй сутнасці чыста свецкай[103]. Найл Мак-Ардл выказвае думку, што Пол Томас Андэрсан, верагодна, шмат разоў глядзеў «Чырвоны», перш чым зняць «Магнолію». Таксама ён заўважае адгалоскі карціны Кеслёўскага ў творчасці Тома Тыквера, а менавіта ў фільмах «Лола бяжыць» і «Воблачны атлас »[104]. Крыніцы
ЛітаратураКнігі
Артыкулы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia