Яхімоўшчына (музей)
Яхімоўшчына — філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Яхімоўшчына. ГісторыяУ 1959 годзе на будынку былой канторы бровара (зараз цэнтральная сядзіба калгаса «Яхімоўшчына») была ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1982 годзе ў гонар стагоддзя з дня нараджэння Я. Купалы адбылася мемарыялізацыя і дома, дзе жыў паэт.[1] Пазней жыхары гэтага дома былі пераселены калгасам у новае жыллё, каб у мемарыяльным будынку можна было правесці рэстаўрацыйныя работы. Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне ўтвораны 24 студзеня 1997 года па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музея Жанны Дапкюнас і пры спрыянні старшыні праўлення калгаса «Яхімоўшчына» Генадзя Божкі. Рэстаўрацыя хаты, у якой жыў Я.Купала, адбылася ў 1998 годзе.[2] Пасля падрыхтоўкі экспазіцыі філіял упершыню адкрылася для наведвальнікаў 30 мая 2001 года. Плошча экспазіцыі музея складае больш за 100 м². Аўтар літаратурна-мастацкай канцэпцыі і стваральнік экспазіцыі — мастак Г. Чысты[3]. Галоўная ідэя экспазіцыі — паказаць нараджэнне нацыянальнага літаратурнага генія, аднавіць час, калі пачынаўся і распаўсюджваўся беларускі легальны друк, вызначыць яго ўплыў на тагачаснае беларускае грамадства, адлюстраваць значнасць першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка».[4] У двух пакоях філіяла музея размяшчаюцца экспазіцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Я.Купала, — мемарыяльны. Тут усё захавалася ў тым выглядзе, як было ў пачатку 20 стагоддзя: пісьмовы стол, побач венскае крэсла, этажэрка з кнігамі, камод, дзе зберагаўся ўвесць скарб маладога чалавека. На стале — пісьмовыя прылады высакароднай працы, падсвечнік, гадзіннік павольна адмярае час…[4] У экспазіцыі выкарыстаныя мастацкія творы Э. Агуновіча, М. Гусева, Я. Раманоўскага, К. Харашэвіча і В. Ціхановіча, у якіх адлюстравана праца паэта на бровары.[2] Традыцыйна штогод на тэрыторыі Яхімоўшчыны ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзіцца Купальскае свята.[1] Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia