Міністэ́рства тра́нспарту і камуніка́цый Рэспу́блікі Белару́сь (Мінтранс Беларусі) — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які рэгулюе дзейнасць аўтамабільнага, чыгуначнага, гарадскога электрычнага, унутранага воднага, марскога транспарту, грамадзянскай авіяцыі [1].
Асноўныя задачы
рэалізацыя адзінай дарожна-транспартнай палітыкі, для задавальнення патрэбнасцей эканомікі і насельніцтва ў транспартных паслугах, з улікам мінімізацыі шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе;
ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання дзейнасці ў галіне аўтамабільнага, марскога, унутранага воднага (за выключэннем маламерных суднаў), чыгуначнага, гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна, грамадзянскай авіяцыі, дарожнай дзейнасці, лагістычнай сістэмы рэспублікі, а таксама стварэнне ўмоў для развіцця арганізацый усіх форм уласнасці, якія ажыццяўляюць дзейнасць у названых галінах;
садзейнічанне ўстанаўленню прамых сувязей паміж транспартнымі арганізацыямі Беларусі і іншых дзяржаў, прыцягненне інвестыцый;
правядзенне ў галіне транспартнай дзейнасці эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльнай палітыкі;
фарміраванне і ўдасканаленне прававых асноў функцыянавання ў галіне транспартнай дзейнасці;
забеспячэнне эфектыўнага кіравання рэспубліканскай уласнасцю ў галіне транспартнай дзейнасці;
павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці экспарту ў галіне транспартнай дзейнасці[1].
Гісторыя
5 лютага 1993 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб утварэнні Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь».
22 ліпеня 1993 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 491, згодна з якой у склад утворанага Міністэрства транспарту і камунікацый ўвайшлі Беларуская чыгунка і Беларускае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі. У складзе Міністэрства былі ўтвораны 3 дэпартаменты: аўтамабільнага транспарту, грамадзянскай авіяцыі, чыгуначнага транспарту.
Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 1995 года № 126 і ад 17 красавіка 1996 года № 150 Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі і Беларуская чыгунка былі выведзены з вядзення Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
6 чэрвеня 1996 года пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 368 пры Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь створаны Камітэт па аўтамабільных дарогах.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2001 года № 516 Камітэт па аўтамабільных дарогах ліквідаваны і створаны Дэпартамент «[Белаўтадар]» з правамі юрыдычнай асобы, а таксама на Міністэрства транспарту і камунікацый ускладзена правядзенне адзінай дарожна-транспартнай палітыкі, незалежна ад віду транспарту.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 года № 289 да Міністэрства транспарту і камунікацый далучаны Дзяржаўны камітэт па авіяцыі і створаны адпаведны Дэпартамент па авіяцыі, а таксама падпарадкавана Беларуская чыгунка.
Міністры
А. Е. Андрееў (1963—1984; міністр аўтамабільнага транспарта)
Уладзімір Бародзіч (1984—1993; міністр аўтамабільнага транспарта да 1988, міністр транспарта ў 1988—1993)