Раман Ігаравіч Бандарэнка
Раман Ігаравіч Бандарэнка (1 жніўня 1989, Мінск — 12 лістапада 2020, Мінск) — беларускі мастак, загінулы ў час пратэстаў у Беларусі 2020–2021 гадоў[1][2]. Паводле паведамленняў СМІ, забіты сіламі бяспекі рэжыму Лукашэнкі[3][4]. Біяграфічныя звесткіНарадзіўся ў Мінску. Паводле адукацыі — мастак, скончыў Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Праходзіў тэрміновую службу ў 3-й АБрСП (в/ч 3214) Унутраных войскаў МУС Беларусі[1]. Жыў на вуліцы Чарвякова, вучыў дзяцей маляваць. Апошні час працаваў дырэктарам крамы «Востраў чысціні». Паводле слоў родных, праблем з міліцыяй ніколі не меў, на акцыі пратэсту і маршы не хадзіў[1]. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска[5]. Гібель![]() ![]() 11 лістапада 2020 года пабачыўшы ў чаце, што невядомыя чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен», паблізу яго дома, Раман Бандарэнка выйшаў паразмаўляць з імі. Назва «Плошча Перамен» прыжылася пасля таго, як жыхары жылога комплексу ў квартале між вуліцамі Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскім трактам намалявалі на адной са сцен мурал з дыджэямі перамен. Мурал замалёўвалі рознымі спосабамі звыш 10 разоў, але жыхары яго аднаўлялі. У квартале склалася моцная супольнасць. Жыхары запрашалі музыкаў на вечаровыя канцэрты, самаадукоўваліся на лекцыях і ўпрыгожвалі прастору нацыянальнай сімволікай. Каля 22-й гадзіны ў двор прыехалі людзі ў цывільным і масках, пачалі зразаць стужкі, потым напалі на жыхароў, якія выйшлі з імі размаўляць. Пазней у СМІ з’явілася версія, што на Рамана Бандарэнку напаў прафесійны кікбаксёр Дзмітрый Шакута[6]. Невядомыя збілі Рамана Бандарэнку, пасля чаго адвезлі ў Цэнтральнае РУУС , а адтуль без прытомнасці ў бальніцу[7]. Раман Бандарэнка трапіў у Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі а 00:05 12 лістапада 2020 года з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў аперацыйную яго прывезлі ўжо ў коме[8]. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, аднак стан яго пагаршаўся, увечары ён памёр[9]. Расследаванне27 студзеня 2021 года ініцыятыва «BYPOL» апублікавала расследаванне па факце гібелі Рамана Бандарэнкі[10]. Паводле BYPOL, дзякуючы атрыманым аўдыёзапісам і білінгу нумароў мабільных тэлефонаў, ім удалося пэўна вызначыць кола асоб, якія маюць дачыненне да забойства[10]:
18 лютага 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць па неасцярожнасці[11][12]. 17 верасня 2021 года Генеральная пракуратура прыпыніла справу, бо не змагла знайсці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасці[13]. 24 верасня 2021 года «BYPOL» абнародавала зліў размоваў супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама датычна забойства Бандарэнкі. У размове 11 лістапада 2020 года камандзір групы АМАПу Руслан Куляшоў паведаміў камандзіру АМАПу ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыю Балабе, што кікбаксёр Дзмітрый Шакута траўмаваў Бандарэнку пры выкраданні на вуліцы Чарвякова ў Мінску. 12 лістапада 2020 года начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб пацвердзіў у тэлефоннай размове Балабу, што чэрапна-мазгавую траўму Бандарэнку нанёс Шакута, што засведчана на выкладзеным у Сеціве відэазапісе[13][14]. РэакцыяУвечары 12 лістапада 2020 года некалькі тысяч беларусаў прыйшлі і прыехалі на «Плошчу Перамен», каб аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку[5]. У розных раёнах Мінска і іншых гарадоў Беларусі, а таксама за мяжой людзі выйшлі на вулічныя акцыі памяці і наступным днём[5]. Акцыі памяці суправаджаліся затрыманнямі іх удзельнікаў, напрыклад у Брэсце і Баранавічах[15]. Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным нябожчыка. Паводле яе слоў, Раман Бандарэнка быў забіты памагатымі рэжыму. «Ён стаў нявіннай ахвярай бесчалавечнай сістэмы, якая лічыць жыцці людзей выдаткамі ўлады, і на яго месцы мог апынуцца любы мірны чалавек». Павел Латушка сказаў: «Мне складана выказаць словамі боль ад таго, што адбылося, і пагарду да ўдзельнікаў чарговага злачынства супраць людзей». «Чарговая ахвяра тэрору, чарговая ахвяра насілля», — так характарызаваў смерць Рамана Бандарэнкі біскуп Юрый Касабуцкі на імшы памяці забітага 13 лістапада[16]. У заяве ад 13 лістапада 2020 года ЕС асудзіў жорсткасць з боку пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў міліцыі і выказаў спачуванні сям’і і сябрам Рамана Бандарэнкі[17][18]. Спачуванні ў сувязі з гібеллю Рамана Бандарэнкі выказалі Міністэрствы замежных спраў Латвіі і Літвы[19], кіраўнік апошняга, Лінас Лінкявічус выказаўся ў сваім Твітэры, што яго «ашаламляюць цынізм, жорсткасць рэжыму і грубае ігнараванне памкненні людзей да перамен»[20]. Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заявіў, што забойства Бандарэнкі павінна выклікаць новыя санкцыі ад Еўрасаюзу супраць беларускіх уладаў[21]. У заяве пасольства ЗША ў Беларусі было сказана, што Злучаныя Штаты ўзрушаныя і ўстрывожаныя жудаснымі абставінамі смерці Рамана Бандарэнкі, выказваліся спачуванні яго сям’і і салідарнасць з усім беларускім народам, які аплаквае яго страту. Таксама змяшчаўся заклік да ўладаў правесці празрыстае расследаванне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых, асуджаўся гвалт і падаўленне мірных дэманстрантаў[22]. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека выказалася наконт забойства і заклікала ўлады да публічнага расследавання[23]. Пра гібель Рамана Бандарэнкі напісалі ці выпусцілі сюжэты як беларускія, так і замежныя СМІ, у тым ліку такія буйныя, як Белсат[24], U.S. News & World Report[25], Meduza[26], РИА Новости[27], руская служба BBC[28], Настоящее время[29], Associated Press[30], Libération[31], TVP Info[32], Washington Post[33], bne IntelliNews[34], ČT24[35] і іншыя[36][37]. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што спачувае бацькам загінулага: «Я шчыра спачуваю бацькам. Калі чалавек сыходзіць з жыцця, гэта блага, пагатоў, малады чалавек», — і тут жа заявіў, што смерць Рамана Бандарэнкі стала вынікам канфлікту паміж тымі, хто вывешваў «калабарацыянісцкія прафашысцкія сцягі», і тымі, хто іх зразаў, а сам загінулы быў п’яны. Лукашэнка даручыў Генеральнай пракуратуры ўзяць пад кантроль расследаванне гібелі Рамана Бандарэнкі[38]. На думку Лукашэнкі і прарэжымных сродкаў масавай інфармацыі, Раман Бандарэнка быў «сакральнай ахвярай», якую чакалі; што быццам апісана ў «метадычках каляровых рэвалюцый»[39][40][41]. Палкоўнік у адстаўцы Андрэй Кітоў, былы камандзір атраду спецыяльнага прызначэння, у сваім каментары пра смерць Рамана Бандарэнкі адзначыў, што гэта трагедыя не аднаго чалавека, а цэлага народу. І гэта асабліва моцны ўдар па байцах той самай часці 3214, у якой ён служыў[42]. Шматлікія беларускія дзеячы культуры змянялі свае аватары ў сацсетках на чорныя выявы, запісвалі жалобныя інтэрнэт-публікацыі з гэтай нагоды, выказвалі спачуванні блізкім і сваякам Рамана[43]. 15 лістапада ў Мінску прайшоў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Першапачаткова сілавікі рэжыму Лукашэнкі перашкодзілі ўтварыцца вялікай калоне дэманстрантаў. Людзі разбягаліся, але ўпарта вярталіся на маршрут да «Плошчы Перамен». Супраць дэманстрантаў былі ўжыты спецсродкі: святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Некаторых затрыманых моцна збівалі дубінкамі. Марш у Мінску завяршыўся разгромам «Плошчы Перамен»[5], на якую прыбыла велізарная колькасць сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, якіх было ў некалькі разоў больш чым пратэстуючых. Усё скончылася масавым затрыманнем і зачысткай ды апаганьваннем мемарыяла Рамана Бандарэнкі[5][44]. Трансляцыю падзей з «Плошчы Перамен» вёў «Белсат» (журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова былі пасля гэтага арыштаваны, а ў лютым 2021 года атрымалі па два гады зняволення[45])[46]. Пратэсты ў памяць Рамана Бандарэнкі таксама прайшлі ў Гомелі, Віцебску, Гродне, Баранавічах, Лідзе, Салігорску, Маладзечне, Жодзіне, Брэсце, Навагрудку і іншых гарадах. 19 лістапада 2020 года амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Джым Гілмар выступіў з заявай адносна забітага Рамана Бандарэнкі і таго, што яго суайчыннікам не дазволілі аплакваць страту, паколькі сілы бяспекі ўжылі гвалт, каб разагнаць і арыштаваць больш за 1200 чалавек, бязлітасна знеслі стыхійныя помнікі ў Мінску і па ўсёй краіне 15 лістапада, назваўшы такія дзеянні прыкметай «беспакаранасці, з якой беларускія сілы бяспекі працягваюць жорсткае падаўленне мірных дэманстрантаў»[47]. 26 лістапада 2020 года Еўрапейскі парламент абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі[48][49]. Вынікам абмеркавання стала прыняцце рэзалюцыі «з нагоды працягу парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі», падтрыманай абсалютнай большасцю дэпутатаў, з заклікам «хуткага, дбайнага, бесстаронняга і незалежнага расследавання смерці»[50]. На 27 лістапада 2020 года крымінальная справа па факце смерці Бандарэнкі не была распачатая, у той час як былі затрыманы па крымінальнай справе журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін, якія паведамілі медыцынскую інфармацыю, што забіты быў абсалютна цвярозы, што абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі і Наталлі Качанавай аб тым, што Бандарэнка быў п’яны. Amnesty International прызнала журналістку і лекара вязнямі сумлення. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітычнай зняволенай[51]. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемай, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса не будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэта. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар»[52]. 9 жніўня 2021 года Дзмітрый Шакута быў унесены ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША за «гвалтоўную атаку на Рамана Бандарэнку» і перадачу яго міліцыі[53][54]. Узнагароды24 лістапада 2022 года Бандарэнка быў пасмяротна ўзнагароджаны медалём Ордэна Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[55]. У чэрвені 2023 года таксама ўзганароджаны медалём «Гонар і годнасць» ад Аб’яднанага пераходнага кабінета. Медаль з рук Святланы Ціханоўскай атрымала сястра Рамана[56]. У культурыПесні-прысвячэнні Раману Бандарэнку запісалі беларускія музыканты: Ганна Шаркунова — «Малюнкі на сцяне»[57], «Стары Ольса» — «Штурм замка Пулен»[58], Піт Паўлаў — «Вараны коню»[58], Дзядзя Ваня — «Я выходжу»[58], Аляксандр Памідораў — «Мы выходзім»[58]. Мастачка Вольга Якубоўская , вядомая серыяй выяў на тэму беларускіх пратэстаў, адну з іх прысвяціла гібелі Рамана Бандарэнкі і стварыла карціну «Я выходжу!»[59]. Мінскі мастак Андрэй Дубінін у снежні 2020 года прысвяціў Р. Бандарэнку карціну «Ромка, выходзь!»[60]. Раману Бандарэнку прысвечаны фільм Настассі Ярамеевай «Колеры нацыі», зняты ў 2021 годзе. Гл. таксамаЗноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia