Спадчына (верш)
«Спадчына» — верш Янкі Купалы, напісаны 19 лістапада 1918 года ў Оршы. Філасофска-патрыятычны твор. Тэматычна прымыкае да праграмных купалаўскіх твораў 1918 года: вершы «Для Бацькаўшчыны», «Свайму народу», «Паязджане». Верш даў назву першаму зборніку вершаў Я. Купалы савецкага часу, у якім ён і быў упершыню надрукаваны. Аўтограф верша захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1] Гістарычны кантэкстСтвораны ў перыяд складанай гістарычнай сітуацыі, калі Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў і амаль уся яе тэрыторыя была акупавана. Верш напісаны ў час адыходу нямецкіх войскаў, калі пасля анулявання савецкім урадам Брэсцкага перамір’я яны перадавалі беларускія землі польскаму войску. Паэт балюча адчуваў трагедыю Бацькаўшчыны, прыгадваў ліхалецце першай сусветнай вайны, выгнанне з родных мясцін мільёнаў людзей, сваё нядаўняе зняменне перад жорсткасцю і крывавай драмай сусветнае бойні. З гэтых настрояў і роздумаў нарадзіўся верш аб ролі нацыянальнай гісторыі і культуры ў жыцці чалавека.[1] АпісаннеПачатак верша загадкавы, інтрыгуючы. Бачная вострая духоўная калізія лірычнага героя з навакольнымі абставінамі: «сярод сваіх і чужакоў» ён адчувае сябе беспрытульным. Ратуе яго ад загубы спадчына, скарбы мінулых пакаленняў. Далей паэт апрадмечвае загадкавы талісман-спадчыну. Увасабленне яе, жыццёвыя дэталі выглядаюць нечакана простымі. Узнікае рамантычны дысананс паміж чарадзейна-гаючай функцыяй і побытавай звычайнасцю прадметаў і з’яў, якія паэт уключае ў паняцце спадчыны. Прадметы-скарбы аўтар прыўзнімае арыгінальным эпітэтам ці падводзіць пад канон рамантычнай злавеснасці або ахутвае флорам даўніны. У перадапошняй страфе верша спадчына выглядае ўжо сімвалічным скарбам, чыста духоўнай каштоўнасцю, чарадзейнай паходняй. Апошняя страфа верша набліжаецца да чарадзейнага заклікання.[1] У вершы сутыкаюцца традыцыйна-фальклорны спосаб выяўлення з літаратурна-рамантычнай сімволікай. Глыбокая псіхалагічная паўза падрыхтоўвае нечаканую, нават парадаксальную канцоўку-адказ: «Завецца ж спадчына мая // Ўсяго С т а р о н к а й Р о д н а ю». Спалучэнне займенніка «ўсяго» з напісанымі разрадкай, з вялікай літары словамі «Старонкай Роднай» не проста рамантычны парадокс, іранічная антынома. У падтэксце адчуваюцца жорсткія спрэчкі, якія Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч вялі з касмапалітычна настроенымі абывацелямі, для якіх старонка родная — усяго толькі кавалак беднае зямлі. Для паэта ж яна — цудоўная паходня. Азначэннем «мая» паэт падкрэслівае права на сваё, суб’ектыўнае разуменне каштоўнасцей, на ўласную, незвычайную сістэму ацэнкаў. Але такая выключнасць павінная стаць нормай — для гэтага і творыць свае вершы-думы нацыянальны паэт.[1] Чатырохстопны ямб надае строгасць рытмічнай арганізацыі верша, якая кантрастуе з дынамічнай кампазіцыяй, выдатна завершанай рамантычным парадоксам.[1] ЗначэннеВысокароднасць патрыятычнае ідэі, глыбокая філасофская напоўненасць, выразная фальклорна-рамантычная вобразнасць зрабілі верш адным з найвыдатнейшых твораў Я. Купалы.[1] Пераклады і мастацкія ўвасабленніНа англійскую мову верш пераклалі В. Рыч і У. Мэй, на армянскую — Г. Камуні, на асецінскую — Х.-М. Дзуццаці, А. Пухаеў, на балгарскую — Н. Вылчаў, на башкірскую — Х. Бікулаў, на іспанскую — К. Шэрман, на грузінскую — Т. Джангулашвілі, Ш. Нішніянідзэ, на кыргызскую — Ц. Уметаліеў, на літоўскую — З. Праткеленас, В. Рэймерыс, на малдаўскую — П. Дарые, А. Чыбатару, на нямецкую — З. Эстэррайхер, на польскую — А. Баршчэўскі, А. Тум, на рускую — С. Абрадовіч, А. Андрэеў, І. Васілеўскі, Н. Кіслік, С. Спаскі, на сербскахарвацкую — С. Раічкавіч, на таджыкскую — М. Фархат, на туркменскую — А. Агабаеў, на ўкраінскую — М. Львовіч, Дз. Паламарчук, на французскую — Ж. Гаш, на чувашскую — А. Алга, на эрзянскую — А. Мартынаў[1]. Ілюстраваў верш М. Басалыга. На музыку верш паклаў І. Лучанок. У выкананні ансамблю «Песняры» гэтая песня стала ці не найбольш вядомым музычным творам на словы Я. Купалы.[1] ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia