Гліняны Вялес — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе членамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэта Алесь Аркуш. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Сярод тых прапаноў, якія прагучалі на нашым устаноўчым сходзе, была прапанова заснаваць сваю літаратурную прэмію. І яна была заснаваная. Я асабіста доўга разважаў, як бы яе назваць. Так як ТВЛ паўставала на глебе нонканфармізму, мы не маглі прызнаваць розныя “татэмныя знакі” канфармізму. Мы шукалі вобраз, які б адпавядаў нам. Нам не пасавала ні залатая, ні срэбная, ні крыштальная ўзнагарода… Падумалася: а калі гліняная. Бог стварыў чалавека з гліны, да таго ж гэта ўлюблёны матэрыял народных майстроў… Алесь Аркуш Інтэрв'ю выданню «Archе»// «Archе», 24 красавіка 2009
Літаратарам хацелася працягнуць нацыянальныя беларускія традыцыі, знайсці сімвал, які б адпавядаў крыўскай зямлі, працягваў ідэі Ластоўскага. Алесь Аркуш прагартаў шмат энцыклапедый, даведнікаў і ў адным з іх натрапіў на артыкул пра Вялеса: «У яго шырокае поле дзейнасці: пачынаючы ад падземнага свету і заканчваючы жывёлагадоўляй, але акрамя таго ён апекаваўся людзьмі культуры. У жывёлагадоўлі пастухі спрадвеку гралі на жалейках, дудах. І гэта нам вельмі пасавала» — расказваў Алесь Аркуш.