Паверхня раёна пераважна раўнінная. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, усходняя і паўднёва-ўсходняя — у межах Гарадоцкага ўзвышша. Агульны нахіл паверхні з усходу на захад. 85 % тэрыторыі на вышыні 130—150 м. Найвышэйшы пункт 177 м (за 2 км на поўнач ад вёскі Лескавічы), найбольш нізкая адзнака 110 м (урэз Заходняй Дзвіны).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй залягаюць утварэнні сожскага, дняпроўскага, месцамі бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў 50—80 м.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца геалагічны помнік прыроды Вялікі камень. Сярод 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння 2 знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Гэта ландшафтны заказнік «Казьянскі» і гідралагічны заказнік возера «Сосна», адзін заказнік мясцовага значэння «Варануха».
Лясныя ўчасткі размеркаваны па раёне нераўнамерна, больш у паўночнай і паўночна-заходняй, менш у паўднёва-ўсходняй частцы. У складзе лясоў хвоя, бяроза, елка і інш.
На балоты прыпадае каля 10 % тэрыторыі раёна. Гэта масівы верхавых балот: Обаль-2, Обаль-1, Ямішча і іншых, адзінае нізіннае балота — Дабееўскі Мох.
30 ліпеня 1966 года Шумілінскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Шуміліна і 8 сельсаветаў: Дабейскі, Клётчынскі, Лаўжанскі, Лескавіцкі, Мікалаеўскі, Обальскі, Пагарэлецкі і Сіроцінскі. 2 жніўня 1966 года да раёна далучаны Мішневіцкі сельсавет Гарадоцкага раёна. 12 студзеня 1968 года ўтвораны Казьянскі сельсавет. 30 верасня 1968 года вёска Обаль набыла статус гарадскога пасёлка. 1 лістапада 1968 года скасаваны Обальскі сельсавет, 26 сакавіка 1973 года Лескавіцкі сельсавет перайменаваны ў Светласельскі, Клётчынскі сельсавет — у Лявонаўскі, 19 красавіка 1973 года Пагарэліцкі сельсавет — у Язвінскі. На 1 студзеня 1974 года ў складзе Шумілінскага раёна 2 гарадскія пасёлкі, 9 сельсаветаў, 293 населеныя пункты[4]. 18 ліпеня 1985 года ў склад раёна з Бешанковіцкага раёна перададзены Каўлякоўскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Шумілінскі раён і гарадскі пасёлак Шуміліна аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 лютага 2000 года Обальскі пассавет рэарганізаваны ў Обальскі сельсавет, скасаваны Лявонаўскі сельсавет. 26 верасня 2002 года скасаваны Казьянскі сельсавет[5], 8 красавіка 2004 года — Язвінскі сельсавет[6].
Сістэма адукацыі Шумілінскага раёна ў 2012 годзе складалася з 9 сярэдніх, 3 базавых, 1 пачатковай, 4 сярэдніх школы-сада, 2 базавых дзіцячых садоў-школ, 3 пачатковых дзіцячых садоў-школ, Шумілінскай раённай гімназіі, у якіх навучалася 2733 навучэнцаў.
Былі адкрыты 8 гімназічных і 3 ліцэйскія класы на базе Обальскай СШ і СШ № 1 г. п. Шуміліна.
На тэрыторыі Шумілінскага раёна ўзяты на ўлік 108 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 14 помнікаў археалогіі (7 з іх рэспубліканскага значэння), 3 помнікі архітэктуры, 91 помнік гісторыі (22 з іх рэспубліканскага значэння).
↑Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 66. — 248 с. — 10 000 экз.
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / С. Д. Гриневич и др. — Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Т. 2: (1944―1980 гг.). — Минск: «Беларусь», 1987. — 283 с.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.