Аляксей Сямёнавіч Жадаў
Аляксе́й Сямё́навіч Жа́даў (да 25 лістапада 1942 года — Жы́даў; 17 (30) сакавіка 1901, сяло Нікольскае, Арлоўская губерня, Расійская імперыя — 10 лістапада 1977, Масква) — савецкі военачальнік, камандуючы арміямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, першы намеснік галоўнакамандуючага Сухапутнымі войскамі, генерал арміі (1955). Герой Савецкага Саюза (1945). БіяграфіяНарадзіўся 17 (30) сакавіка 1901 года ў сяле Нікольскае Арлоўскай губерні (цяпер у складзе Свярдлоўскага раёна Арлоўскай вобласці) ў шматдзетнай (7 дзяцей) бядняцкай сялянскай сям’і. Рускі. З-за беднасці сям’і змог скончыць толькі царкоўна-прыходскую школу. З васьмігадовага ўзросту працаваў пастухом. З мая 1919 года — перапісчык валаснога ваеннага аддзела. У Чырвонай Арміі з мая 1919 года. Залічаны ў 45-ю стралковую дывізію, але па дарозе на фронт захварэў на тыф і некалькі месяцаў лячыўся ў шпіталі. Пасля выздараўлення ў красавіку 1920 года накіраваны на вучобу і ў 1920 годзе скончыў 4-я Арлоўскія кавалерыйскія курсы. Удзельнік Грамадзянскай вайны. З кастрычніка 1924 года камандаваў кавалерыйскім узводам у асобным эскадроне 48-й стралковай дывізіі Маскоўскай ваеннай акругі. У 1929 годзе скончыў Маскоўскія ваенна-палітычныя курсы. Са жніўня 1929 года — камандзір і палітрук эскадрона 56-га стралковага палка 14-й кавалерыйскай дывізіі ў той жа акрузе. У 1934 годзе скончыў Ваенную акадэмію РСЧА імя М. В. Фрунзэ. З мая 1934 года — начальнік штаба 61-га кавалерыйскага палка Асобай кавалерыйскай дывізіі імя І. В. Сталіна ў Маскве, а з лістапада 1935 года — начальнік першай часткі штаба гэтай дывізіі. За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прызначаны камандзірам 4-га паветрана-дэсантнага корпуса. Пачатак вайны заспеў А. С. Жыдава ў шляху ў горад Чкалаў. Прыбыўшы на Заходні фронт, 28 чэрвеня 1941 года адшукаў свой корпус, які адыходзіў ад мяжы, і ўступіў у камандаванне. Падчас Беластоцка-Мінскай бітвы і Смаленскай бітвы корпус вёў упартыя абарончыя баі на рубяжах рэк Бярэзіна і Сож, і, нягледзячы на панесеныя страты, захаваў баяздольнасць. У маі 1942 года прызначаны камандзірам 8-га кавалерыйскага корпуса (Бранскі фронт). Аднак праз два тыдні пасля ўступлення на пасаду трапіў пад бамбёжку нямецкай авіяцыі і атрымаў цяжкія траўмы і пераломы ў аўтамашыне, якая перавярнулася. Вярнуўся да выканання абавязкаў толькі ў верасні 1942 года. З 21 кастрычніка 1942 года — камандуючы 66-й арміяй на Данскім фронце. Падчас Сталінградскай бітвы войска пад яго камандаваннем вызначылася ўвосень 1942 года, зрабіўшы некалькі магутных контрудараў па флангу нямецкіх войскаў, якія прарваліся з поўначы да Сталінграда, што парушыла задумы ворага і скавала шэраг яго дывізій. Пазней войска прыняла актыўны ўдзел у разгроме акружанай нямецкай групоўкі. Яшчэ будучы камандуючым 66-й арміяй, быў змушаны змяніць прозвішча па жаданні І. В. Сталіна, абраў прозвішча «Жадаў». За ўмелае кіраванне войскамі, праяўленыя смеласць і мужнасць гвардыі генерал-палкоўніку Жадаву 6 красавіка 1945 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За час вайны Жадаў быў 21 раз згаданы ў падзячных загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага[1]. Пасля вайны працягваў камандаваць 5-й гвардзейскай арміяй у складзе Цэнтральнай групы войскаў. З ліпеня 1946 года — намеснік галоўнакамандуючага Сухапутных войскаў СССР па баявой падрыхтоўцы. У 1950 годзе скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава. У 1950—1954 гадах — начальнік Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ. З 1954 года — галоўнакамандуючы Цэнтральнай групай войскаў. Пасля расфармавання групы, з 1955 года — зноў намеснік галоўнакамандуючага Сухапутных войскаў СССР па баявой падрыхтоўцы. З 1956 года — першы намеснік галоўнакамандуючага Сухапутнымі войскамі, з 1964 года — першы намеснік Галоўнага інспектара Міністэрства абароны СССР. З кастрычніка 1969 года — ваенны інспектар-дарадца ў Групе генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР[2]. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання (1946—1950). Дэпутат Вярхоўнага Савета РСФСР 6-7 скліканняў (1963—1971). Памёр 10 лістапада 1977 года ў Маскве. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках. Узнагароды
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia