Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў (Віцебск)
Касцёл Святога Іосіфа[1] і калегіум езуітаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны і адукацыйны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — 1-й пал. XIX стст., існаваў да сяр. XX ст. Знаходзіўся на тэрыторыі Ніжняга замка на левым беразе рэчкі Віцьба. Займаў вялікую плошчу, на заходнім баку якой размяшчаліся касцёл і будынак калегіума, што ўваходзілі ў адзіны комплекс і складалі замкнёны прамавугольны двор. Усходні бок займаў вялікі сад і агарод. Паміж садам і будынкамі касцёла і калегіума знаходзіўся гаспадарчы двор, перыметрам якога стаялі мураваныя і драўляныя 1-павярховыя службовыя збудаванні. На поўдзень ад гэтай тэрыторыі праз вуліцу знаходзілася 2-павярховая мураваная езуіцкая школа. Ля моста праз Віцьбу стаяла мураваная брама з капліцай, дзе штодня праводзіліся набажэнствы. У 1956 годзе бальшавікі зруйнавалі ўсе кляштарныя збудаванні, да нашага часу захаваліся падмуркі. Гісторыя
Айцы-езуіты з'явіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 1640—1644 гадах з фундацыі ваяводы смаленскага Аляксандра Корвін-Гасеўскага тут збудавалі першы драўляны касцёл Святога Іосіфа, спалены ў 1708 годзе разам з усім горадам на загад цара маскоўскага Пятра I[2]. Езуіцкі кляштарны комлекс хутка зрабіўся значным асветніцкім асяродкам: пры ім дзейнічала семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня і тэатр[2]. У 1682 годзе адкрыўся калегіум, уводзіліся курсы філасофіі і маральнай тэалогіі[3]. У 1716 годзе на сродкі кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, якое завяршылася ў асноўным да 1731 года. Кіраваў працамі італьянскі дойлід К. Ангіяліні, аўтар алтара святыні і выкладчык тэорыі архітэктуры ў калегіуме[4]. Асвячэнне касцёла адбылося ў 1751 годзе пасля аздаблення інтэр'ера. Мураваныя будынкі калегіума ўзводзіліся ў 1691—1714 і 1737—1755 гадах. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762[3]. Аднаўленне калегіума вялося да 1799 года, у выніку чаго ён набыў рысы пераходнага стылю ад барока да класіцызму. У 1820 годзе расійскія ўлады ліквідавалі ордэн езуітаў. У 1822—1839 гадах будынкі займалі базыляны (уніяты). Пасля забароны Грэка-Каталіцкай Царквы, у 1843 годзе ўлады перадалі комплекс Маскоўскаму патрыярхату, а касцёл Святога Іосіфа перабудавалі і пераасвяцілі ў сабор Святога Мікалая (у гонар расійскага імператара). Адбылася замена фігурных завяршэнняў вежаў і цэнтральнага купала з «заломам», бачных на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсферычныя купалы, а над гадзіннікавай вежай з'явіўся высокі ампірны шпіль. У 1872 годзе ў час капітальнага рамонту комплексу вежу калегіума цалкам разабралі, а вежы касцёла перабудавалі ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры. Неаднаразовыя перабудовы значна змянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэнне ў арганізацыі прасторы і сілуэтнай панарамы цэнтра Віцебска як і раней заставалася істотным. Разам з комплексам бернардзінскага кляштара калегіум езуітаў ствараў нібыта люстэркавую сіметрыю Рыначнай і Саборнай плошчаў і адзіны архітэктурны ансамбль. Аднак у 1956 годзе (паводле іншых звестак у 1957[3]) бальшавікі знішчылі абодва кляштарныя комплексы з мэтай «упарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра горада[5]. У наш час улады Віцебску збіраюцца адбудаваць колішні езуіцкі кляштарны комплекс з далейшай перадачай будынкаў Маскоўскаму патрыярхату. Плануецца, што аднаўленне святыні адбудзецца не ў пачатковым барочным выглядзе, а з пазнейшымі мураўёўскімі перабудовамі (залатыя купалы-цыбуліны над вежамі і барабанам, знявечаны франтон галоўнага фасада і інш.). АрхітэктураІканаграфія касцёла Святога Іосіфа і калегіума езуітаў Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Гэты была 2-вежавая 3-нефная базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Над асноўным аб'ёмам узвышаўся магутны 8-гранны светлавы барабан, які завяршаўся высокім ліхтаром[4]. 2-ярусны галоўны фасад завяршаў пластычна выгнуты франтон, па баках фасад фланкіравалі 2-ярусныя 8-гранныя вежы (па перабудове на сабор Маскоўскага патрыярхату набылі завяршэнні ў выглядзе купалоў-цыбулінаў з макаўкамі). Аналагічныя галоўнаму фігурныя франтоны завяршалі крылы трансепта. 2-і ярус галоўнага фасада, падзяляўся аркавымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і крапаваўся пілястрамі. Перадапошні ярус вежаў — аркавыя прасветы-званы. Пад будынкам мелася скляпеністая крыпта[6]. Фасад П-падобнага двухпавярховага корпуса калегіума, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Саборнай плошчы, побач з касцёлам, крапаваў сіметрычны ўваходны аб'ём, які завяршаўся 3-яруснай вежай з гадзіннікам (у 1872 годзе пры капітальным рамонце гэту вежу цалкам разабралі). Будынак меў калідорнае планаванне. На 1-м паверсе размяшчаліся пакоі для вучняў, архіў, рэфектар з кухняй, на 2-м — келлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а залі рэфектара і капліцы над ім — люстэркавымі скляпеннямі з падугамі (найбольш распаўсюджаны тып скляпення перыяду барочнага класіцызму)[7]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia