Гісторыя Пугачова

Гісторыя Пугачова
Исторiя Пугачёва
Жанр аповесць
Аўтар Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Мова арыгінала руская
Дата напісання 1833–1834
Дата першай публікацыі снежань 1834

«Гісто́рыя Пугачо́ва» («Гісторыя Пугачоўскага бунту») – гістарычная манаграфія Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна пра падзеі сялянскай вайны 1773—1775 гадоў пад кіраўніцтвам Емяльяна Пугачова. Першы буйны навукова-гістарычны твор А. С. Пушкіна.

Узнікненне задумы гістарычнай працы пра падзеі Пугачоўшчыны з'яўляецца прадметам спрэчак літаратуразнаўцаў і даследчыкаў біяграфіі Пушкіна. На пачатку сваёй працы над дакументамі гістарычных архіваў паэт заяўляў пра планы стварэння біяграфій Пятра Вялікага і палкаводца Аляксандра Суворава. Многія пушкіназнаўцы разыходзяцца ў меркаваннях — былі гэтыя заявы спробай схаваць сапраўдныя планы паэта або Пушкін пераключыўся на пугачоўскую тэму па меры знаёмства з дакументамі, якія яго зацікавілі. Прадметам спрэчак з'яўляецца таксама пытанне пра тое, ці была гістарычная праца самастойнай задумай або яна была толькі адгалінаваннем ад працы над задумай вялікага гістарычнага рамана, праца над якім пачалася ў той жа час і для якога манаграфія павінна была стаць гістарычнай прадмовай. Праца Пушкіна была абцяжарана недасяжнасцю для яго многіх гістарычных дакументаў, у прыватнасці, следчай справы Пугачова і яго саўдзельнікаў. Тым не менш, у першай палове 1833 года паэт сабраў і вывучыў значны звод прац гісторыкаў — друкаваных і рукапісаў, а таксама правёў значныя пошукі ў дасяжных для яго архіўных справах. Вялікім этапам у працы над манаграфіяй стала паездка ў жніўні — верасні 1833 года па мясцінах пугачоўскага паўстання і збор сведчанняў жывых сведкаў тых падзей. Гутаркі з відавочцамі далі Пушкіну магчымасць ацаніць сапраўдныя народныя настроі, прычыны паўстання і першых яго поспехаў, ацаніць глыбіню асобы самазванца і яго паплечнікаў. Пушкін адклаў працу над гістарычным раманам, вырашыўшы засяродзіцца на завяршэнні «Гісторыі Пугачова». Праца была завершана ўвосень 1833 года і прадстаўлена ў снежні імператару Мікалаю I для атрымання дазволу на публікацыю. Мікалай ухваліў працу, зрабіўшы толькі некалькі стылістычных заўваг і запатрабаваўшы змяніць назву на «Гісторыю Пугачоўскага бунту».

Для публікацыі, акрамя сваёй манаграфіі, Пушкін падрыхтаваў том выкарыстаных ім гістарычных нататак і выпісак з архіваў, уключна з дакументамі паўстанцаў і дзённікавымі запісамі ўдзельнікаў задушэння паўстання. «Гісторыя Пугачоўскага бунту» паступіла ў продаж у снежні 1834 года. Гістарычная праца Пушкіна не апраўдала яго надзей на камерцыйны поспех і яшчэ болей пагоршыла яго фінансавае становішча. Кніга выклікала неадназначныя крытычныя водгукі ў друку і ў публікі. Частка сучаснікаў паэта лічыла, што Пушкін-мастак у «Гісторыі…» бярэ верх над Пушкіным-гісторыкам, іншыя ж наракалі на празмерную сухасць і лаканічнасць пушкінскага стылю. «Гісторыя Пугачоўскага бунту» стала першай спробай усебаковага даследавання гэтай грандыёзнай падзеі ў гісторыі Расіі, і доўгі час адзінай. Даследаванні мастацкіх асаблівасцей і гістарычных дэталей, якія стаяць за радкамі яго манаграфіі, складаюць асобную галіну сучаснай пушкіністыкі.

Гісторыя стварэння

Узнікненне задумы і праца ў архівах

Цікавасць Пушкіна да гістарычных даследаванняў праявілася задоўга да з'яўлення першых задум на тэму пугачоўшчыны, з сярэдзіны 1820-х гадоў, перыяду працы над «Барысам Гадуновым», «Арапам Пятра Вялікага» и «Палтавай». Пазней у планах паэта былі і гістарычныя нарысы «Гісторыя Маларосіі» (1829—1831) і «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (1831). К лету 1831 года, калі пры садзейнічанні сяброў Пушкіна В. А. Жукоўскага, А. В. Расэта, Е. М. Хітраво яго праблемы пры пецярбургскім двары былі вырашаны і становішча ў вышэйшым свеце ўмацавалася, сам паэт у лісце да Бенкендорфа паведаміў пра сваё жаданне заняцца вывучэннем гісторыі Пятра Вялікага і яго спадкаемцаў, для чаго прасіў дазволу працаваць ва ўрадавых архівах. Імператар Мікалай прыхільна паставіўся да гэтай просьбы, і неўзабаве Пушкін быў прыняты на службу ў Міністэрства замежных спраў з правам працаваць у архівах[1].

Пушкін узяўся за пошук матэрыялаў па гісторыі Пятра ў бібліятэцы Эрмітажа і ва ўрадавых архівах з пачатку 1832 года, але неўзабаве яго ўвагу заняла іншая тэма — тэма народнага паўстання часоў Кацярыны II. Многія даследчыкі лічаць, што гэтаму садзейнічалі хваля народных выступленняў 1830—1831 гадоў, якая пракацілася па Расіі, — халерныя бунты і паўстанні ваенных пасяленцаў, а таксама рэвалюцыйныя падзеі ў Еўропе, асабліва Французская рэвалюцыя 1830 года[2][3][4].

У лютым 1832 года Мікалай I, памятаючы пра абяцанне заняцца гісторыяй Пятра, перадаў Пушкіну праз Бенкендорфа нядаўна выдадзены «Поўны збор законаў Расійскай імперыі», у якім сабраны ўказы Пятра I і яго спадкаемцаў, пры вывучэнні якіх Пушкін звярнуў увагу на мноства матэрыялаў эпохі Кацярыны II, звязаных з паўстаннем Пугачова. Асаблівую цікавасць паэта выклікаў прысуд — «Сентэнцыя 1775 года студзеня 10. Пра смяротнае пакаранне здрадніка, бунтаўшчыка і самазванца Пугачова і яго саўдзельнікаў». Сярод многіх імён Пушкіна зацікавіла імя Міхаіла Шванвіча — двараніна вядомага ў Пецярбургу роду, прысуджанага да грамадзянскага пакарання і ссылкі за тое, што, згодна з прысудам, «палічыў за лепшае гнюснае жыццё, чым сумленную смерць». У планах Пушкіна ўзнікла задума твора пра двараніна — удзельніка пугачоўскаг паўстання[5].

Задума твора на тэму пугачоўскага паўстання ўзнікла ў Пушкіна не пазней за верасень 1832 года[6]; 30 верасня ў лісце да жонкі ён напісаў: «Мне прыйшоў у галаву раман, і я верагодна за яго прымуся». Для сваёй аповесці пра двараніна-адступніка Шванвіча ён першапачаткова знайшоў сюжэт у аповедзе свайго прыяцеля П. В. Нашчокіна пра тое, як той бачыў у астрозе «аднаго беларускага небагатага двараніна, па прозвішчы Астроўскі, які меў працэс з суседам за зямлю, быў выцеснены з маёнтка і, застаўшыся з аднымі сялянамі, стаў грабіць, спачатку пад'ячых, потым і іншых»[7]. І 2 снежня 1832 года Пушкін паведаміў Нашчокіну: «… гонар маю табе абвясціць, што першы том Дуброўскага скончаны <…> Я напісаў яго ў два тыдні, але спыніўся з прычыны жорсткага рамантызму…» У студзені 1833 года ён працягнуў працу над ім, але, завяршыўшы намечаную другую частку твора (які застаўся выкананы «алоўкам» і быў апублікаваны пасля смерці аўтара — у 1842 годзе пад назвай «Дуброўскі») і, відаць, не задаволены ім, зноў вярнуўся да падання пра асобу Шванвіча — афіцэра, які апынуўся ў няміласці і перайшоў да Пугачова, але быў памілаваны «імператрыцай па просьбе старога бацькі, які кінуўся ёй у ногі». У «Альбоме без пераплёту» 31 студзеня Пушкін запісаў план рамана[8]. У гэты час Пушкіным на падставе нешматлікіх дасяжных для яго публікацый пра пугачоўскае паўстанне быў запісаны фрагмент «Паміж незадаволенымі Яіцкімі казакамі ў канцы 1771-га года з'явіўся Емяльян Пугачоў…»[9]. Пушкіназнаўца Пятруніна ў серыі сваіх прац, прысвечаных «Гісторыі…» і раману «Капітанская дачка», высунула гіпотэзу, што згодна з тыпалогіяй гістарычнага рамана першай трэці XIX стагоддзя і шэрагам іншых ускосных даных Пушкін планаваў даць перад раманам гістарычныя ўводзіны пра падзеі сялянскай вайны 1773—1774 гадоў, на фоне якой разгортваецца аповед, для такіх уводзін і мог прызначацца ўказаны накід[10].

Крыніцы

  1. Оксман, Ю. Г. Пушкин в работе над «Историей Пугачёва» // А. С. Пушкин. Собрание сочинений в 10 томах. — М.: ГИХЛ, 1959—1962. — Т. 7. — С. 372—373.
  2. Оксман 1959—1962, с. 372—374.
  3. Макогоненко, Г. П. Творчество А. С. Пушкина в 1830-е годы (1833-1836). — Л.: Художественная литература, 1982. — С. 21—22. — 50 000 экз.
  4. Петрунина, Н. Н., Фридлендер, Г. М. Над страницами Пушкина. — Л.: Наука, 1974. — С. 73. — (Из истории мировой культуры). — 500 000 экз.
  5. Макогоненко 1982, с. 27—28.
  6. Петрунина, Фридлендер 1974, с. 74.
  7. Нащокин, П. В., Нащокина, В. А. Рассказы о Пушкине, записанные П. И. Бартеневым // Пушкин в воспоминаниях современников. — 3-е изд., доп. — СПб.: Академический проект, 1998. Т. 2. С. 223—234.
  8. Абрамович, С. Л. Пушкин в 1833 году. Хроника. — М.: Слово, 1994. — С. 67. — 10 000 экз. — ISBN 5-85050-346-3.
  9. Цалкам гэты ўрывак гл. у наступным выданні: Пушкин, А. С. Другие редакции и варианты // Полное собрание сочинений: В 16 т. — М.—Л.: Издательство АН СССР, 1950. — Т. 9, кн. 1. История Пугачёва. — С. 435.
  10. Петрунина, Н. Н. «История Пугачёва»: От замысла к воплощению // Русская литература. — 1974. — № 3. — С. 184.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya