«Егі́пецкія но́чы»[2] — незавершаная аповесць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, апублікаваная пасля яго смерці ў часопісе «Современник» (№ 8, 1837 год). Той варыянт, які рэканструююць пушкіназнаўцы, утрымлівае вялікія вершаваныя ўрыўкі, што адсутнічаюць у рукапісе. Гэта адзіны твор Пушкіна, дзе проза так цесна пераплятаецца з паэзіяй.
Эвалюцыя задумы
Зыходным пунктам для ўяўлення Пушкіна паслужылі звесткі, узятыя з сачынення «Пра знакамітых людзей» Аўрэлія Віктара, у якое невядомы рэдактар позянй антычнасці ўставіў некалькі глаў, у тым ліку главу LXXXVI, якая адносіцца да царыцы Клеапатры: «Яна была такой распуснай, што часта прастытуіравала, і мела такую прыгажосць, што многія мужчыны сваёй смерцю плацілі за валоданне ёю цягам адной ночы». Задума твора, які разгортвае гэтую тэму ў паўнавартасны аповед, выспявала ў Пушкіна даўжэй за задумы іншых яго твораў — цягам больш як дзесяці гадоў:
- У кастрычніку 1824 года ў Міхайлаўскім ссыльны паэт стварае першую апрацоўку сюжэта — няскончаную паэму «Клеапатра»[3]. Паводле ацэнкі Д. Мірскага, гэта «адна з цікавейшых задум Пушкіна, цудоўная паэма пра смерць і юр»[4].
- У 1828 годзе паэт бярэцца за пераробку верша пра Клеапатру, развіваючы і завастраючы асобныя яго тэмы. Адначасова ён піша празаічны ўрывак «Госці з'язджаліся на лецішча…», дзе свецкая прыгажуня Зінаіда Вольская ўяўляе вобраз «Клеапатры Нявы», які хваляваў Пушкіна ў гэты час. Вольская пагарджае свецкімі ўмовамі жарснай жанчыны. У гэтым вобразе большасць пушкіназнаўцаў угадвае Аграфену Закрэўскую («беззаконная камета ў гурме разлічаных свяціл»). Магчыма, перапрацаваны верш пра Клеапатру прызначаўся да ўключэння ў тэкст гэтай аповесці.
- У сярэдзіне 1830-х гадоў[5] Пушкін вяртаецца да задумы аповесці пра Вольскую і пачынае яе нанава радкамі «Мы бавілі вечар на лецішчы…» У сваёй новай іпастасі сюжэт з жыцця велікасвецкага грамадства аказваецца зарыфмаваным з егіпецкім сюжэтам з Аўрэлія Віктара. Падобна да Клеапатры, Вольская намякае, што гатова правесці ноч з тым, хто гатовы будзе развітацца за гэта з жыццём. Насуперак яе перакананню, што сучасныя мужчыны занадта маладушныя для гэтага, адзін з іх прымае выклік[6].
- Час напісання аповесці «Егіпецкія ночы» невядомы, аднак часцей за ўсё яго адносяць да знаходжання Пушкіна ў Міхайлаўскім у верасні—кастрычніку 1835 года[7]. Вершаваны ўрывак з другой главы, які адсутнічае ў руакпісе, развівае тэму ўзаемаадносін паэта і натоўпу, якая даўно займала Пушкіна. Гэта чарнавы накід, які адносіцца да восені 1835 года і засноўваецца на перапрацоўцы строф з няскончанай паэмы «Язерскі». Трэцюю главу завяршаюць паэтычныя ўрыўкі пра Клеапатру, напісаныя прыкладна ў той жа час на аснове верша 1828 года, аднак яны е складаюць сувязнога тэксту.
Ганна Ахматава лічыла празаічны тэкст «Мы бавілі вечар на лецішчы» цалкам самадастатковым і скончаным творам Пушкіна, больш за тое — найлепшым са створанага ім у прозе. Паводле яе думкі, гэты тэкст напісаны пасля «Егіпецкіх начэй» і ўяўляе згушчэнне асноўных тэм гэтага эксперыментальнага, па сутнасці, твора[8]:
Калі ўдумацца ва ўрывак «Мы бавілі вечар…», нельга не здзівіцца складанасцю і нават дзёрзкасцю яго кампазіцыі <…> Ды і ці ўрывак гэта? Усё, па сутнасці, сказана. Наўрад ці чытач мае права чакаць апісання мілосных уцех Мінскага і Вольскай і самазабойства шчасліўца. Мне здаецца, што «Мы бавілі…» — нешта накшталт маленькіх трагедый Пушкіна, але толькі ў прозе.
Крыніцы
- ↑ Электронная версія першай публікацыі (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 10 лютага 2015. Праверана 9 лютага 2015.
- ↑ Назва аповесці адпавядае моднай у 1830-я гг. літаратурнай формуле («Рускія ночы» У. Адоеўскага, «Фларэнтыйскія ночы» Г. Гейнэ), якая выклікае ў памяці «Атычныя ночы» Аўла Гелія.
- ↑ Б. В. Тамашэўскі звязвае цікавасць Пушкіна да настолькі экзатычнага сюжэта з працай над «Перайманнямі Карана», якія маглі паслужыць для паэта «пачатковым штуршком, каб у думках перасяляцца ў чужую абстаноўку, далёкую па норавах і складзе думкі ад звыклага ўкладу жыцця». Гл.: Томашевский, Б. В. Пушкин, кн. 2. М.—Л., 1961, с. 57.
- ↑ Мирский, Д. С. История русской литературы с древнейших времен до 1925 года. London, 1992. С. 135—159.
- ↑ Меркавана ў 1835 годзе.
- ↑ У гэтым творы Пушкіна займае прорва паміж норавамі свету антычнага і свету сучаснага (хутчэй, ілюзорнасць гэтай прорвы).
- ↑ Прыкладна ў той жа час у Пушкіна ўзнікла задума «Аповесці з рымскага жыцця», дзе на вечары ў Петронія Арбітра, які рыхтуецца прыняць смерць, усплывае тэма начэй Клеапатры.
- ↑ Ахматова, А. А. Сочинения. Том 2. М., Худ. лит-ра, 1986. С. 153.