«Пі́кавая да́ма» — аповесць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна з містычнымі элементамі. У жанравых адносінах аповесць прымыкае да такіх (няскончаных) задум Пушкіна, як «Егіпецкія ночы», «Зацішны дамок на Васільеўскім» і знакаміты ўрывак «Госці з'язджаліся на лецішча…». Аповесць неаднаразова экранізавана.
Праца над аповесцю
Сюжэт «Пікавай дамы» быў падказаны Пушкіну маладым князем Галіцыным, які, прайграўшыся, вярнуў сабе прайгранае, паставіўшы грошы па парадзе бабкі на тры карты, некалі падказаныя ёй Сен-Жэрменам. Гэтая бабка — вядомая ў Маскве «вусатая княгіня» Наталля Галіцына (народжаная Чарнышова), маці маскоўскага губернатара Дзмітрыя Галіцына.
Аповесць у манеры Гофмана і Надзье пісалася Пушкіным, відаць, увосень 1833 года ў Болдзіне. Рукапісны тэкст не захаваўся. Апублікавана ў 2-м нумары «Библиотеки для чтения» за 1834 год і, паводле дзённікавага запісу аўтара, мела незвычайны поспех у чытацкай публікі: «Мая „Пікавая дама“ ў вялікай модзе. Гульцы панціруюць на тройку, сямёрку, туза» (красавік 1834).
Уплыў і алюзіі
«Пікавая дама» адкрывае сабой чараду твораў рускіх класікаў на тэму «злачынства і пакарання»: беспрынцыпны малады чалавек — рускі Расціньяк — дзеля матэрыяльнага поспеху рухаецца «па нахіленай» (спакушэнне Лізы, запалохванне старой), аднак замест чаканага поспеху па ракавым збегу падзей траціць не толькі дабрабыт, але і здаровы розум (што асабліва палохала Пушкіна: «Не дай мне божа страціць глузд...»).
Другі, таксама папулярны ў рускай класіцы тэматычны слой звязаны з Напалеоном. Эпіграф да IV главы — «Чалавек, у якога няма ніякіх маральных правіл і нічога святога!» — узяты з нейкай «асабістай перапіскі», з датай 7 мая 18** (Напалеон памёр 5 мая 1821). Далей у той жа главе Томскі згадвае, што ў Германа «профіль Напалеона».
Імя галоўнага героя
У тэксце аповесці галоўны герой названы Германн, без указання на тое, імя гэта ці прозвішча. Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, гэта менавіта прозвішча[2], нягледзячы на тое, што ў нямецкай мове імя Hermann сустракаецца нашмат часцей за прозвішча. На карысць гэтага прыводзяцца наступныя аргументы:
- У рускай мове нямецкае імя Hermann звычайна транскрыбіруецца як Герман.
- Астатнія ўдзельнікі гульні ў аповесці названы толькі па прозвішчы і звяртаюцца адзін да аднаго па прозвішчы.
- Пушкін згадвае, што Герман «сын абруселага немца»; у такіх выпадках нярэдка замежнае імя (ці этнонім) станавілася рускім прозвішчам.
Аднак І. А. Балашова даказвае, што гэта менавіта імя[3]:
- У рукапісных чарнавіках герой названы Герман; магчыма, другое «н» было дададзена выдаўцамі пад уплывам нямецкага напісання.
- Фраза «яго завуць Германам» уключае ў сябе канструкцыю «зваць + Т. скл.», якая ў рускай мове таго часу ўжывалася толькі з імем; у іншых творах Пушкін таксама следуе гэтаму правілу.
- Вільгельм Кюхельбекер, які быў немцам і вольна валодаў нямецкай мовай, у сваім дзённіку называе героя аповесці Герман, то-бок наяўнасць падвойнага «н» не адыгрывала для яго вызначальнай ролі.
Як заўважыў Анатоль Андрэеў, прозвішча Германн утрымлівае «германскую семантику Herr Mann („Спадар чалавек“)»[4][5].
Меркаванні і ацэнкі
- Уладзіслаў Хадасевіч збліжаў «Пікавую даму» з іншымі пушкінскімі творамі пра «сутыкненне чалавечай асобы з цёмнымі сіламі»:
Да размовы з графіняй Герман сам ішоў насустрач чорнай сіле. Калі ж графіня памерла, ён падумаў, што задума яго руйнуецца, што ўсё скончана і жыццё цяпер пойдзе па-старому, з тым жа капітальцам і некранутымі працэнтамі. Але тут ролі перамясціліся: з нападніка ён ператварыўся ў аб'ект нападу. Мёртвая старая з'явілася да яго. «Я прыйшла да цябе супраць сваёй волі, — сказала яна цвёрдым голасам, — але мне загадана выканаць тваю просьбу» і г. д. Аднак тыя, з чыёй волі яна прыйшла выканаць волю Германа, пасмяяліся з яго: ці то назвалі яму дзве верныя карты і адну, апошнюю, найважнейшую — няверную, ці то ў апошні, вырашальны міг падштурхнулі яго руку і вымусілі прайграць усё. Як бы ні было, узвялі амаль на крайнюю вышыню — і сапхнулі ўніз. І ў рэшце рэшт — лёс Германа літаральна той жа, што і лёс Паўла з Яўгеніем: ён вар'яцее.
- Д. Мірскі вылучаў «Пікавую даму» з твораў Пушкіна як «найлепшы і найхарактэрнейшы для яго твор у прозе»:
Пераказаць яе каротка немагчыма: гэта шэдэўр сцісласці. Як і «Аповесці Белкіна», гэта твор чыстага мастацтва, займальны толькі як цэлае. Па сіле ўяўлення яна пераўзыходзіць усё, што напісаў Пушкін у прозе: па напружанасці яна падобная да сціснутай спружыны. Па ўтрапёным сваім рамантызме яна блізкая да «Гімна Чуме» і да верша «Не дай мне божа страціць глузд». Але фантастычны рамантычны сюжэт уліты ў бездакорную класічную форму, такую эканомную і сціслую ў сваёй высакароднай галізне, што нават Праспер Мерымэ, найбольш абвострана-эканомны з французскіх пісьменнікаў, не рашыўся перакласці яе дакладна і прымацаваў да свайго французскага перакладу ўсякія аздобы і тлумачэнні, думаючы, верагодна, што нарошчвае мяса на сухім шкілеце.
Крыніцы