Карэлія
Рэспубліка Карэлія або Карэлія (карэл.: Karjala, руск.: Карелия, Карьяла) — суб’ект Расійскай Федэрацыі. Размешчана на паўночным захадзе Еўрапейскай часткі Расіі. На паўночным усходзе абмываецца Белым морам, на поўдні — Ладажскім і Анежскім азёрамі. На захадзе мяжуе з Фінляндыяй. Уваходзіць у склад Паўночна-Заходняй федэральнай акругі. Плошча — 180 520 км². Насельніцтва — 614,6 тыс. чал. (2019 год)[2]. Сталіца — горад Петразаводск. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: 3 горада рэспубліканскага значэння (Петразаводск, Кастамукша і Сортавала) і 15 раёнаў[3]. Нацыянальны склад: рускія — 76,6 %, карэлы — 9,2 %, беларусы — 5,3 %, украінцы 2,7 %, фіны 2,0 %, вепсы 0,7 %. Карэльская і вепская мовы не з’яўляюцца дзяржаўнымі. Рэгіянальная ўладаРэспубліка Карэлія валодае ўсёй паўнатой дзяржаўнай улады на сваёй тэрыторыі, акрамя тых паўнамоцтваў, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Расіі знаходзяцца ў падпарадкаванні федэральных органаў улады. Вышэйшая кіруючая пасада рэспублікі — кіраўнік рэспублікі. Рэспубліка мае свой Заканадаўчы Сход, які складаецца з абраных на пяцігадовы тэрмін 36 дэпутатаў, і рэгіянальны Урад. ГеаграфіяРэспубліка Карэлія мяжуе з чатырма абласцямі Расіі: Архангельскай (усход), Валагодскай (паўднёвы ўсход), Ленінградскай (поўдзень, паўднёвы захад) і Мурманскай (поўнач); на захадзе праходзіць дзяржаўная мяжа Расіі і Фінляндыі. Традыцыйна тэрыторыя сучаснай рэспублікі падзялялася між трыма гістарычнымі рэгіёнамі: Белай Карэліяй (цэнтр і поўнач рэспублікі), Ладажскай Карэліяй (паўднёвы захад, ля ўзбярэжжа Ладажскага возера) і Алонецкай Карэліяй (поўдзень). На тэрыторыі суб’екта працякае каля 27 000 рэк, найбольшыя з якіх: Водла (149 км), Кем (191), Коўда, Шуя, Суна і Выг. Акрамя гэтага, у рэспубліцы знаходзіцца каля 60 тыс. азёраў, якія ўключаюць у сябе Ладажскае і Анежскае азёры, адны з найбольшых азёраў Еўропы. Берагавая лінія тэрыторыі рэспублікі на Белым моры складае 630 км. У рэспубліцы месцяцца чатыры нацыянальныя паркі Расіі: Вадлозерскі, Калевала, Паанаярві і Ладажскія шхеры. 148 тыс. км² або 85 % ад тэрыторыі рэспублікі складаюць землі дзяржаўнага ляснога фонду, агульны аб’ём лясных рэсурсаў налічвае прыблізна 807 млн м³, пры гэтым 375,2 млн з якіх складаюць іглічныя пароды драўніны. У Рэспубліцы Карэлія вядома каля пяцідзесяці карысных выкапняў, якія размеркаваны па больш чым 400 радовішчах і руданосных пластах. Сярод найбольш выбітных карысных выкапняў адзначаецца наяўнасць жалезнае руды, алмазаў, ванадыю і малібдэну. Карэлія размешчаная ў атлантычнай кантынентальнай кліматычнай зоне. Сярэдняя тэмпература студзеня — −8 °C, ліпеня — 16,4 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў налічвае 500—700 мм[4]. ГісторыяПершае засяленне людзьмі сучаснага тыпу тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Карэлія датуецца VII—VI тыс. да н.э. Асноўнымі заняткамі людзей з’яўляліся паляванне і рыбалоўства. Паміж I ст. н.э. і канцом I тыс. н.э. у рэгіёне пачалася здабыча медзі, іншыя датыроўкі на I тыс. да н.э. адносяць вытворчасць жалеза і зачаткі земляробства і жывёлагадоўлі. Устаноўлена, што ўжо ў I тыс. н.э. тэрыторыю сучаснай Карэліі насялялі фіна-ўгорскія плямёны, якія пазней леглі ў аснову карэльскага і вепскага этнасаў. Існуе гіпотэза, што карэлы сфарміраваліся на аснове абарыгенных плямёнаў поўдня Карэліі і паўднёвага ўсходу Фінляндыі, адкуль яны потым рассяліліся ў напрамку Белага мора і Заанежжа. У пачатку II тыс. н.э. частка карэлаў перасялілася да берагоў Батнічнага заліва і Белага мора, адначасна з гэтым на ўсход Карэліі (г.зв. Абанежжа) і на ўзбярэжжа Белага мора пранікла славянскае насельніцтва, якое спрыяла развіццю земляробства, вытворчасці солі і марскім промыслам. Існуюць гіпотэзы, якія ўзводзяць паходжанне карэльскага этнасу да кантактаў карэлы з іншымі фіна-ўгорскімі этнапляменнымі групамі, вессю і лоп’ю, у часе якога апошнія былі асіміляваны, а карэла магла ўспрыняць асаблівасці іх мовы і культуры. Іншыя гіпотэзы звязваюць паходжанне карэлаў з прыходам прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў у VI ст. н.э. на Карэльскі перашыек, дзе да гэтага пражывала лоп — этнапляменная група, якая пазней утварыла этнас саамаў. Меркавалася таксама ўзаемадзеянне весі і чудзі[5]. Найранейшыя меркаваныя згадкі карэлаў адносяць да працы Іардана VI ст. «Аб паходжанні і дзеяннях готаў», дзе ў спісе заваяваных Германарыхам народаў узгадваюцца Thiudos in Aunxis, што Ф. Браўнам трактавалася як «чудзь алонецкая». СярэднявеччаУпершыню згадана ў берасцяной грамаце 1065—1085 гадоў, дзе паведамляецца пра карэлу як аб’ект нападу літоўцаў[6]. З ХІ ст. тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Карэлія трапляе ў залежнасць ад усходніх славян, урэшце над большай часткай рэгіёна была ўсталявана ўлада Наўгародскай рэспублікі. З XIII ст. Карэлія становіцца аб’ектам нападаў Швецыі, у выніку чаго апошняя атрымала значныя часткі карэльскіх земляў на поўдні сучаснай рэспублікі; з гэтага ж перыяду арэал карэльскага этнасу з прычыны дзяржаўнай прыналежнасці быў падзелены на пераважна праваслаўную і каталіцкую (пазней лютэранскую) часткі. У пачатку гэтага ж стагоддзя цэнтрам аўтаномнай наўгародскай Карэліі стала мястэчка Карэла (цяп. Прыазерск на паўночным захадзе Ленінградскай вобласці). У 1323 годзе Арэхаўскі мір падзяліў Карэльскі перашыек на заходнюю і ўсходнюю часткі, якія адышлі Швецыі і Ноўгараду адпаведна, пры гэтым да апошняга таксама адыходзілі карэльскія землі за поўнач ад усталяванай мяжы. Да гэтага ў 1314—1315 гг. у наўгародскай Карэліі адбываліся антынаўгародскія паўстанні, падчас якіх карэлы перабілі славянскіх жыхароў Карэлы і ўпусцілі ў горада шведаў. З 1333 года Арэхаў, які меў ролю ваеннай крэпасці наўгародцаў, разам з гарадамі Карэліі, а таксама суседняе Воцкай зямлі быў перададзены ў кіраванне літоўскаму князю Нарымонту, пасля чаго перададзеныя Нарымонту землі ўтварылі асобнае княства[7]. Тым не менш, праз два гады Нарымонт з’ехаў з Ноўгараду з прычыны ўласных палітычных амбіцый, пакінуўшы на пасадзе сына Аляксандра, у 1338 годзе адклікаў Аляксандра і нават адмовіўся аказаць падтрымку ў супраціве шведам. Намеснікі князя заставаліся ў Арэхаўскай крэпасці да 1348 года[8]. Расійскае кіраваннеУ 1478 годзе тэрыторыя Ноўгарада скараецца Масквой, у выніку чаго наступныя тэрытарыяльныя пераўтварэнні ў Карэліі вырашаліся дзякуючы расійска-шведскім знешнепалітычным зносінам. У 1500 годзе ўпершыню згадваецца Карэльскі павет (займаў Карэльскі перашыек і паўночнае Прыладажжа) у складзе Воцкай пяціны Наўгародскай зямлі, аднак пад канец 1530 — напачатку 1550 гг. гадоў маскоўскі ўрад правёў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу (вядомую як «губная»), падчас якой Арэшкаўскі, Ладажскі і Карэльскі паветы склалі Карэльскую палову Водскай пяціны, усходнія карэльскія землі (г.зв. заанескія пагосты) увайшлі ў склад заанескай паловы Абанескай пяціны[9]. Цягам Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (1598—1613) Швецыя заваёўвае Карэлію і суседнюю Інгерманландыю, пры гэтым складзены 27 лютага 1617 года Сталбоўскі мір захаваў паўднёвы захад Карэліі за Швецыяй, якія склалі асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку краіны — Карэльскае герцагства. Рэлігійная палітыка ўраду Швецыі, якая стала прычынай ганенняў на праваслаўнае карэльскае насельніцтва рэгіёна, заклала пачатак масавага перасялення карэлаў у Расію і, у прыватнасці, стала прычынай узнікнення этнагрупы, вядомай як цвярскія карэлы. У сваю чаргу, шведскую Карэлію займалі фінскія перасяленцы з суседняга гістарычнага рэгіёна Сава, што стала прычынай складання субэтнічнай групы фінаў, вядомай як фінскія карэлы. Расійскія землі Карэліі ў 1708 годзе ўвайшлі ў склад Інгерманландскай губерні, якая кіравалася з Санкт-Пецярбурга; з 1710 года губерня пераназвана ў Санкт-Пецярбургскую. Па Ніштацкім мірным дагаворы 1721 года тэрыторыя Карэліі была падзелена паміж Расіяй і Швецыяй — большая частка сучаснай рэспублікі была далучана да Расійскай імперыі[10]. 4 верасня 1776 года было ўтворана Наўгародскае намесніцтва, праз чатыры гады ўтворанае Валагодскае намесніцтва, між якімі і была размеркавана тэрыторыя расійскай Карэліі. У 1781 годзе Аланецкая вобласць Наўгародскага намесніцтва (поўдзень рэспублікі) была перададзена Санкт-Пецярбургскай губерні, праз чатыры гады яна была падвышана да статусу самастойнага намесніцтва, але ў 1796 годзе гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была скасавана. 21 верасня 1801 года была ўтворана Аланецкая губерня, якая ахоплівала поўдзень сучаснай рэспублікі, астатнія тэрыторыі, як і дагэтуль, уключала ўтвораная Архангельская губерня, якая да гэтага перыядычна мяняла статус і да 1784 года падпарадкоўвалася Волагдзе (гл. вышэй). У 1802 годзе адміністрацыйным цэнтрам Аланецкай губерні стаў горад Петразаводск, заснаваны як заводскі пасёлак у 1703 годзе. Распад Расійскай імперыі![]() ![]() Пачынаючы з распаду Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1917 года ў рэгіёне ўзнікае шэраг нацыянальных арганізацый, якія канкуравалі з агульнарасійскімі палітычнымі арганізацыямі і ставілі на мэце стварэнне ўласных палітычных утварэнняў на тэрыторыі Карэліі. Некаторыя нацыянальныя арганізацыі разгортвалі сваю дзейнасць раней: так, у 1905 годзе быў заснаваны Саюз беламорскіх карэлаў, які імкнуўся да пашырэння выкарыстання фінскай мовы ў грамадскім жыцці і абвяшчаў блізкасць фінскага і карэльскага этнасаў. У 1911 годзе дзейнасць арганізацыі была забаронена, але ў 1917 годзе ў фінскім Тамперэ падобную дзейнасць таксама арганізавала Карэльскае асветніцкае таварыства. 3 сакавіка 1917 года ў Петразаводску быў сабраны часовы камітэт грамадскай бяспекі з прадстаўнікоў гарадскай думы, духавенства, інтэлігенцыі і рабочых горада. Неўзабаве ўдзельнікі камітэту дабіліся вызначанай лібералізацыі (скарачэнне працоўнага дня, павышэнне заработнай платы) і атрымалі некаторыя мясцовыя паўнамоцтвы. Падобныя камітэты ствараліся таксама ў суседніх Пудажы і Павянцы. Пад канец сакавіка 1918 года, падчас савецка-фінскай вайны, фінскія войскі занялі паўночны ўсход Карэліі. Пры дапамозе войска было арганізавана мясцовае карэльскае самакіраванне. 21 ліпеня 1919 года быў створаны Часовы ўрад Беламорскай Карэліі на чале з С. Ціханавым, які неўзабаве, кіруючыся палітыкай самавызначэння, нададзенай савецкімі ўладамі, аб’явіў незалежнасць краіны, якая пазней стала вядомая як Паўночнакарэльская дзяржава[11]. У маі 1920 года ўрад Карэліі быў прызнаны Фінляндыяй. 18 чысла часткі РСЧА без бою ўвайшлі ў сяло Ухта, дзе размяшчаўся ўрад Карэліі, пасля чаго ўрад краіны эвакуіраваўся ў суседняе сяло Вакнавалак, адкуль перабралося ў Фінляндыю. Паралельна з гэтым урадам, з 15 мая 1918 года ў Аланецкай губерні існаваў г.зв. Алонецкі ўрад, які ў кастрычніку 1920 года быў далучаны да Карэльскага аб’яднанага ўрада. Акрамя гэтага, фінскія войскі паралельна з дзейнасцю карэльскіх нацыянальных арганізацый праводзілі экспедыцыі на ўсход Карэліі з мэтай будучага аб’яднання з Карэліяй. 7 сакавіка 1918 года ўрад Фінляндыі ў рамках савецка-фінскай вайны 1918—1920 гг. выказаў прэтэнзіі на сучасную Карэлію[12]. 21 сакавіка гэтага ж года была арганізавана экспедыцыя фінскага войска праз поўнач Карэліі, якая скончылася далучэннем да Фінляндыі наваколляў вёсак Рэбалы і Порасазера, з красавіка па верасень 1919 года ў выніку паспяховага наступу Фінляндыі пад яе кантроль быў узяты поўдзень сучаснай тэрыторыі рэспублікі, Алонецкая Карэлія. У ліпені 1920 года расійская армія выбіла фінскае войска практычна з усёй Карэліі, пакінуўшы пад кантролем Фінляндыі толькі памежныя з Фінляндыяй Порасазера і Рэбалы, 14 кастрычніка гэтага ж года пасля чатырохмесяцовых перамоў Фінляндыя згодна з Тартускім мірам адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзій, у выніку чаго фінска-расійская мяжа ў Карэліі набыла дарэвалюцыйны выгляд[13]. Улетку 1921 года, будучы незадаволенымі нацыянальнай палітыкай Савецкай Расіі і ўмовамі Тартускага міру, фінскія актывісты на чале з Я. Такіненам узнялі партызанскі рух г.зв. карэльскіх лясных партызанаў (фінск.: karjalan metsäsissit), які да восені гэтага ж года кантраляваў значную частку Белай Карэліі (паўночныя рэгіёны края)[14]. У сярэдзіне кастрычніка быў створаны Часовы карэльскі камітэт і абвешчаная мабілізацыя, 6 лістапада адбылося ўварванне ўзброеных добраахвотнікаў з боку Фінляндыі, якія да снежня гэтага ж года занялі захад сучаснай рэспублікі. Тым не менш, баявыя дзеі і падтрымка карэльскіх паўстанцаў скончылася 21 сакавіка 1922 года падпісаннем савецка-фінскага пагаднення па забеспячэнні недатыкальнасці савецка-фінскай мяжы. Прыкладна 30 тыс. уцекачоў з Карэліі сышлі ў Фінляндыю. Савецкі час8 чэрвеня 1920 года УЦВК прыняў дэкрэт аб стварэнні з населеных карэламі мясцовасцяў Архангельскай і Аланецкай губерняў аўтаномнай вобласці — Карэльскай працоўнай камуны. 25 ліпеня 1923 года Карэльская працоўная камуна была пераўтворана ў Карэльскую АССР. У час індустрыялізацыі ў Карэліі з’явіліся новыя галіны прамысловасці: цэлюлозна-папяровая, мэблевая, горназдабыўная, энергетычная. Аднак поспехі ў развіцці прамысловасці былі дасягнуты ў асноўным шляхам экстэнсіўнага ўключэння ў гаспадарчы абарот сыравінных рэсурсаў і недастатковага фінансавання сацыяльнай інфраструктуры. Значную ролю адыгрываў «лагерны сектар эканомікі». Тут узніклі адны з першых у краіне лагераў. Рукамі зняволеных былў пабудаваны Беламорска-Балтыйскі канал і інш. аб’екты. Прымусовая калектывізацыя 1929—1933 гадоў прывяла да спаду сельскагаспадарчай вытворчасці Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў Карэльская АССР была пераўтворана 31 сакавіка 1940 года ў Карэла-Фінскую ССР. Статус саюзнай рэспублікі захоўваўся да 1956 года, калі Карэлія зноў стала аўтаномнай рэспублікай у складзе РСФСР. ![]() У гады Вялікай Айчыннай вайны значная частка тэрыторыі Карэліі была акупавана фінскімі войскамі. Звыш 100 тыс. жыхароў Карэліі ваявалі ў Савецкай Арміі і партызанскіх атрадах. 21 чэрвеня 1944 года войскі Карэльскага фронту перайшлі ў наступ і 28 чэрвеня вызвалілі Петразаводск. У канцы ліпеня савецкія войскі выйшлі да дзяржаўнай мяжы СССР з Фінляндыяй. Да 1950 года народная гаспадарка рэспублікі была адноўлена, дасягнуўшы па асноўных паказчыках даваеннага ўзроўню. Пастаўкі драўніны з Карэліі адыгралі важную ролю ў аднаўленні разбураных гарадоў і вёсак Еўрапейскай часткі краіны. З сярэдзіны 1960-х гадоў быў узяты курс на пераважнае развіццё галін, якія мелі агульнасаюзнае значэнне — цэлюлозна-папяровай, горназдабыўнай, машынабудавання і металаапрацоўкі. Прамысловыя гіганты выпускалі прадукцыю, якая не толькі ў вялікай частцы пакрывала патрэбнасці ўнутранага рынку краіны, але і экспартавалася, папаўняючы валютныя запасы Савецкага Саюза. Аднак ужо, у 1970-80-х гады для Карэліі, як і для Саюза ў цэлым, было характэрна паступовае зніжэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага росту, і ўзмацненні крызісных з’яў, выкліканых вычарпаннем экстэнсіўных крыніц развіцця і магчымасцяў адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.[15]. У складзе Расійскай Федэрацыі9 жніўня 1990 года, ва умовах нарастаючага сістэмнага крызісу ў СССР, Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. 13 лістапада 1991 года па распадзе СССР тэрыторыя Карэльскай АССР была пераўтворана ў Рэспубліку Карэлія. 31 сакавіка 1992 года дэлегацыя рэспублікі падпісала федэратыўны дагавор. Канстытуцыя Карэліі была прынята 28 лістапада гэтага ж года. Пазней, у 1993, 2001 і 2006 гг. прымаліся новыя папраўкі ў канстытуцыю, у выніку якіх у рэспубліцы была зацверджана пасада кіраўніка рэспублікі, а яе Заканадаўчы Сход скарочаны да адной палаты. 16 лютага 1993 года зацверджаны цяперашні афіцыйны сцяг рэспублікі, 6 красавіка і 28 верасня гэтага ж года адпаведна прыняты гімн і герб. НасельніцтваПаводле перапісу насельніцтва Расіі ў 2010 годзе, насельніцтва Рэспублікі Карэлія склала 643 548 чал.[16], ацэнка Дзяржаўнага камітэта статыстыкі Расіі на 2014 год падае лічбу ў 634 402 чал.[17] На ўзор большае часткі суб’ектаў Расіі, назіраецца тэндэнцыя да спаду колькасці насельніцтва ў параўнанні з паказчыкамі папярэдніх гадоў. Ніжэй прыведзеная статыстыка змены паказчыкаў насельніцтва ў рэспубліцы пачынаючы з 1970 года:
Згодна з перапісам насельніцтва гэтага ж года, этнічны склад насельніцтва Карэліі размяркоўваўся наступным чынам: рускія — 82,2 %; карэлы — 7,4 %, таксама прысутнічалі беларусы (3,8 %), украінцы (2 %), фіны (1,4 %) і вепсы (0,5 %), доля іншых этнічных груп у сукупнасці складала не больш за 0,5 %. 25 880 чалавек не аднеслі сябе да будзь-якой нацыянальнасці[16]. З часу першага перапісу насельніцтва ў СССР у Карэліі прасочваецца наступная дынаміка змены этнічнага складу насельніцтва:
На цяперашні час у Рэспубліцы Карэлія афіцыйны статус мае руская мова, мовы фіна-ўгорскага насельніцтва рэспублікі не маюць падобнага статусу з прычыны карыстання ў пісьмовасці гэтых моў лацінскага алфавіта, што, зыходзячы з заканадаўства Расійскай Федэрацыі, не надае гэтым мовам мажлівасці атрымання афіцыйнага статусу ў рэспубліцы Расіі. Тым не менш, 17 сакавіка 2004 года ў Рэспубліцы Карэлія прыняты закон «Аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскай, вепскай і фінскай моў у Рэспубліцы Карэлія», які вызначае пакет мераў па выкарыстанні і захаванні карэльскай, фінскай і вепскай моў у рэспубліцы. З канца 1980-х гг. прадпрымаліся іншыя спробы заканадаўчага замацавання статусу фіна-ўгорскіх моў рэспублікі, падобныя намаганні ставіліся таксама ў 1998 і 2000 гг.[18] З 1940 года да 1980-х гадоў у Карэліі афіцыйны статус мела таксама фінская мова поруч з расійскай. Карэльская мова падзяляецца на тры адрозныя дыялекты, лівікаўскі, людзікаўскі і ўласнакарэльскі, пры гэтым з прычыны іх параўнальна высокага разыходжання кожны з трох дыялектаў мае ўласную літаратурную мову, наддыялектная літаратурная мова адсутнічае (аднак у 1930-х гг. прадпрымаліся няўдачныя спробы стварэння падобнай нормы); кожны дыялект мае замацаваны правапіс і выкарыстоўваецца ў друкаваных выданнях. У рэлігійным дачыненні паводле звестак на 2012 год 27 % ад насельніцтва Рэспублікі Карэлія аднесла сябе да вернікаў расійскага праваслаўя, яшчэ 44 % ад насельніцтва рэспублікі аднесла сябе да вернікаў без указання канкрэтнага вызнання, 2 % указалі сваю прыналежнасць да хрысціянскай канфесіі без указання пэўнае плыні[19]. З часоў уваходжання тэрыторый сучаснай Карэліі ва ўплыў усходніх славян у рэгіёне здаўна мае трывалыя пазіцыі праваслаўе, дзякуючы палітычным кантактам з Швецыяй і міграцыі фінскага насельніцтва прыкметную доля складалі вернікі каталіцкага і, пазней, лютэранскага спавядання. У рэспубліцы дзейнічае некаторая колькасць лютэранскіх парафій. Культура![]() Карэлія здаўна славіцца высокім узроўнем народнай мастацкай культуры. Сусветным прызнаннем карыстаюцца самабытныя іконы старажытных майстроў гэтага краю і ўнікальныя помнікі драўлянага дойлідства, напрыклад — Кіжскі ансамбль. У 1830-х фінскім фалькларыстам Э.Лённротам у Паўночнай Карэліі былі запісаны карэльскіянародныя эпічныя песні, пакладзеныя ім у аснову знакамітага эпасу «Калевала». У ходзе культурных пераўтварэнняў савецкага часу ў Карэліі сфарміравалася нацыянальная інтэлігенцыя, узніклі і атрымалі развіццё навука, прафесійныя літаратура і мастацтва[15]. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзелУ склад Рэспублікі Карэлія ўваходзіць 18 муніцыпальных утварэнняў: 3 горада рэспубліканскага значэння (Петразаводск, Сартавала, Кастамукша) і 15 раёнаў (Беламорскі, Калевальскі, Кемскі, Кандапожскі, Лоўхскі, Мядзвеж’ягорскі, Муязерскі, Аланецкі, Піткярантскі, Прыанежскі, Пражынскі, Пудожскі, Сягежскі, Суаярвскі)[3]. ЭканомікаСукупны рэгіянальны прадукт Рэспублікі Карэлія паводле звестак на 2007 год складаў 109,5 млрд расійскіх рублёў (151 210 рублёў на аднаго жыхара) — гэта менш за агульнарасійскі паказчык у 198 817 рублёў[20]. У 2010 годзе сукупны рэгіянальны прадукт рэспублікі налічваў 127 733,8 млн расійскіх рублёў. У прамысловых галінах Карэліі пераважаюць лясны і дрэваапрацоўчы сектары эканомікі. Нарыхтоўка лесу ажыццяўляецца вялікай колькасцю адносна малых прадпрыемстваў, у той час як цэлюлозна-папяровая вытворчасць, галоўным чынам, засяроджана на пяці буйных прадпрыемствах рэспублікі, якія вырабляюць прыблізна чвэрць ад агульнай вытворчасці паперы ў Расіі. Аб’ём продажаў сярод трох найбуйнейшых кампаній цэлюлозна-папяровае галіны Карэліі ў 2001 годзе складаў 328,8 млн долараў[4]. Здабыўчая дзейнасць паводле звестак на 2007 год складала 30 % ад усяго аб’ёму прамысловай вытворчасці рэспублікі. У Карэліі месцяцца 53 адпаведных прадпрыемствы, на якіх занята 10 тыс. чалавек[21]. Апрацоўчая вытворчасць ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў 2007 годзе складала 56,4 %, з якіх 23,6 % прыпадалі на цэлюлозна-папяровую галіну, 7,9 % — на галіны металаздабычы і металаапрацоўкі, 7,1 % — на галіны дрэваапрацоўкі, 5,8 % — на вытворчасць харчовых тавараў, 3,9 % — на машынабудаванне; вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газу і вады складала 13,6 % ад вытворчасці рэгіёна. Асноўнымі экспартнымі партнёрамі рэспублікі ў 2001 годзе з’яўляліся Фінляндыя (32 % ад агульнага аб’ёму экспарту), Германія і Нідэрланды (па 7 %) і Вялікабрытанія (6 %)[4]. Сярод экспартных тавараў галоўнае месца займалі лесаматэрыялы (звыш 50 % экспарту), жалезарудны пэлет (13-15 %), папера і кардон (6-9 %), а таксама піламатэрыялы (5-7 %). Прыкметнае значэнне маюць эканамічныя інвестыцыі з боку Фінляндыі[4]. ТранспартУ Карэліі адзначаецца даволі шырокая сетка транспартнай інфраструктуры. Праз усю тэрыторыю Карэліі праходзіць Кіраўская чыгунка, якая злучае рэспубліку з суседняй Мурманскай вобласцю і бліжэйшым Санкт-Пецярбургам, а таксама Масквой і Фінляндыяй. Чыгунка таксама праходзіць праз адміністрацыйны цэнтр рэспублікі горада Петразаводск. Водныя камунікацыі аб’ядноўваюць тэрыторыю Карэліі з Баранцавым, Балтыйскім, Чорным і Каспійскім марамі дзякуючы сістэме рэк, азёраў і водных каналаў. Існуе сетка аўтамабільнай камунікацыі, з іншымі рэгіёнамі Расіі і Фінляндыяй існуе авіяцыйнае паведамленне. Вядомыя асобы
Гл. таксамаКрыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia