Гісторыя НароўліНароўля — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр Нараўлянскага раёна, прыстань на правым беразе Прыпяці. Напэўна, упершыню вёска-слабада Нароўля ўпамінаецца 20 ліпеня 1604 г.[1] як частка маёнтка Антонаў (у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага), які належаў шляхціцу Лукашу Сапегу (каля 1552 — 1626). У першай палове XVIII ст. упамінаецца як мястэчка ў Мазырскім павеце. З 1793 г. мястэчка Нароўля увайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1829 г.[2] стала цэнтрам латыфундыі мясцовага двараніна-каталіка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) і яго нашчадкаў да 1917 года. Даніэль Горват пабудаваў палац (1850) і альтанку, а яго ўнук Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) — кандытарскую фабрыку (1913), якія дагэтуль з’яўляюцца галоўнымі сімваламі горада. Шляхецкі герб «Побуг», якім карысталіся Горваты, стаў асновай для сучаснага герба (2001) горада Нароўля. З 1922 г. у складзе СССР. 27 верасня 1938 г. мястэчка Нароўля атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу, а 3 лістапада 1971 г. статус горада. Моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), у 1986—1995 гг. была выселена значная частка жыхароў і праведзена дэзактывацыя тэрыторыі. З 1991 г. у складзе Рэспублікі Беларусь. У часы Вялікага Княства ЛітоўскагаУ канцы XVI ст. землі сучаснай Нароўлі ўваходзілі ў склад Антонаўскай воласці, якая была каралеўскім маёнткам (каралеўшчынай) да 1764 г. і звычайна аддавалася манархам у пажыццёвае трыманне шляхціцу за пэўныя заслугі. 6 красавіка 1595 г. кароль Жыгімонт Ваза аддаў у леннае трыманне маёнтак Антонавічы (Антонаў) канцлеру ВКЛ Льву Сапегу (1557—1633)[3]. А Леў Сапега ў 1598 г. саступіў Антонавіцкі маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы (Смалегаў) і Завайць стрыечнаму брату — каралеўскаму двараніну Лукашу Сапегу[4], што кароль і зацвердзіў. ![]() Напэўна, упершыню Нароўля (як вёска-слабада Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага) згадваецца 20 ліпеня 1604 г. у дэкрэце судовых актаў Кіеўскага ваяводства, калі шляхціц Лукаш Сапега (каля 1552—1626) абвінаваціў суседа — шляхціца Януша Збаражскага — у гвалтоўным насланні сваіх слуг і баяраў з маёнтку Валодаркі (цяперашнія Ляўковічы) на сапежынскія землі (вёскі Завайць і Нароўля) і забранні немалалікіх стагоў сена, у нападзе на ўгоддзі сапежынскай вёскі Смалігавічы (Смалегаў) і ўгоне коней, валоў і інш.[1] 20 ліпеня 1604 г. уласнік вёскі Вербкавічы шляхціц Ян Юндзіл падаў позву ў суд Кіеўскага ваяводства на Лукаша Сапегу, уласніка вёскі-слабады Нароўля, і яго жонку Сафію (з роду Кміт), якая была спадчыннай уласніцай маёнтка Чарнобыль, за насланне войта «з іх слабады Нароўлі» («ze słobody ich Narowli») на луг, які належаў вёсцы Вербкавічы, і забранне там «вяпроў і свіняў» («wieprzów i świń») у селяніна вёскі Вербкавічы (Вербавічы)[5]. ![]() Вёска-слабада Нароўля ў тыя часы ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Антонаў, які належаў Лукашу Сапегу, бо 21 красавіка 1607 г. датаваны судовы дэкрэт, у якім шляхціц Юзаф Будзіла, мазырскі харунжы, абвінаваціў шляхціца Лукаша Сапегу і яго жонку Сафію ў гвалтах, якія ўчынілі сяляне сапежынскага маёнтка Антонаў з вёсак Нароўлі і Смалегавічаў (Смалегава) у маёнтку Юзафа Будзілы, а менавіта ў вёсцы Багуцічы (Мазырскі павет)[5]. ![]() Судовым дэкрэтам ад 25 жніўня 1609 г. на адрас шляхцянкі Ганны Штэмберг (з роду з Косткаў), удавы па князю Аляксандру Штэмбергу, і яе нашчадкаў князёў Астрожскіх было заяўлена патрабаванне апекуна, шляхціца Лукаша Сапегі і яго жонкі Сафіі (з роду Кміт) выдаць збеглых падданых з горада Чарнобыля, вёсак Нароўлі, Завайці, Антонаўкі і інш. 17 жніўня 1613 г. паміж шляхціцам Мікалаем Харлінскім (уласніка маёнтка Астраглядавічы) і шляхціцам Лукашам Сапегам (з жонкай Сафіяй) узнікла праблема вяртання збеглых у вёску Нароўля сялян вёскі Вербкавічы (Вербавічы), якая належала Харлінскаму[5]. Лукаш Сапега, не маючы нашчадкаў мужчынскага полу, перад смерцю запісаў у тастаменце маёнтак Антонаў і ўвесь Чарнобыльскі маёнтак віленскаму ваяводзе і вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу (1557—1633). Леў Сапега, у сваю чаргу, аддаў іх у трыманне Паўлу, Яну і Андрэю, сынам Яна Пятра Сапегі (1569—1611), усвяцкага старосты[6]. У 1627 г. Андрэй Сапега (1592—1646) за 3 500 злотых саступіў «вячыстым правам» (г.зн. пажыццёва) ленны каралеўскі маёнтак Антонаў (у тым ліку Нароўлю) шляхціцу Іосіфу Корсаку (каля 1570—1643), дзісненскаму старосце[7]. Нараўляншчына была месцам шматлікіх баявых сутычак падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага (1648—1651) і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667). У верасні 1655 г. руская флатылія, на суднах якой знаходзілася войска на чале з князем Дмітрыем Андрэевічам Валконскім, вырушыла з Кіева з баямі па Прыпяці на Нароўлю, Мазыр, Петрыкаў, Тураў і Пінск, а ў кастрычніку 1655 г. флатылія з баямі вярнулася тым жа шляхам з Пінска ў Кіеў[8]. 10 лістапада 1682 г. Нароўля згадваецца ў гродскай кнізе мазырскага гродскага суда запісам аб размежаванні зямель паміж рэчыцкім старостам, полацкім ваяводам (1686—1713) Дамінікам Міхалам Слушкам (каля 1655 — 1713), уладальнікам маёнткаў Антонава, Смольгавічы (Смалегаў) і Нароўля, і Кіеўскім езуіцкім калегіумам, уладальнікам маёнткаў Вярбковічы і Канатоп[9][заўв 1]. У інвентарах вялізнага маёнтка Антонаў ад 1715 і 1728 г. упамінаецца, што Антонаўская воласць (разам з мястэчкам Нароўляй) была ва ўласнасці (верагодна, на ленных правах) польнага гетмана ВКЛ Станіслава Дэнгафа (к.1673—1728), які быў сынам Канстанцыі Слушкі і мужам Сафіі Адамаўны Сяняўскай. 15 сакавіка 1716 г. у мястэчку Нароўля дэнгафаўскія камісары Казімір Крулікоўскі i Андрэй Пламунчук-Задольскі (пасля заканчэння рэвізіі Антонаўскай воласці Мазырскага павета) склалі кантракт аб перадачы Антонаўскай воласці ў арэнду на год дзвюх рудняў. Гэты кантракт быў дадзены «ўсім войтам i ўсім мужам Антонаўскай воласці» ад імя ўласніка маёнтка — Станіслава Дэнгафа. На думку беларускага гісторыка Валянціна Голубева, хутчэй за ўсё, адміністрацыя (камісары Крулікоўскі і Пламунчук-Задольскі) не змагла арганізаваць працу згаданых рудняў i таму перадала ix y арэнду Антонаўскай воласці за 80 тынфаў y год. У кантракце было запісана, што «з гэтага часу Антонаўская воласць можа сама трымаць гэтыя рудні, a можа шукаць рудніка i здавадь y арэнду». Паводле Голубева, факт таго, што воласць павінна была разам збіраць грошы на выплату арэнды, разам арганізоўваць работу рудняў, размяркоўваць прыбыткі альбо пагашаць страты, сведыць аб наяўнасці ў Антонаўскай воласці добра ўсталяванай грамадскай структуры — валасной абшчыны, якая мела ў агульным карыстанні не толькі ворыўную зямлю i ўгоддзі, але i іншую маёмасць[10]. Паводле інвентара Антонаўскай воласці, у 1728 г. у мястэчку Нароўля меўся панскі «двор» (сядзіба)[11]. У 1738—1741 гг. Нароўля ўпамінаецца як фальварак і каралеўшчына (каралеўскае ўладанне), якое на ленных правах (разам з фальваркамі Мухаеды, Прудок і Вуглы) трымаў мазырскі маршалак (1720—1722), новагародскі кашталян (1726—1734) Антоній Міхалавіч Аскерка (каля 1670 — пасля 1734)[12]. ![]() У метрычнай кнізе юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць запіс ад 12 красавіка 1739 г. на латыні, што хрост немаўля адбыўся «ў мястэчку Нароўля» («in oppido Narowla»)[13]. Пасля Антонія Міхалавіча Аскеркі (каля 1670 — пасля 1734) ленным трымальнікам каралеўшчыны (каралеўскіх маёнткаў) Антонаў, Нароўля, Мухаеды і Вуглы стаў яго сын Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767)[14]. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што ў XVIII ст. пры Аскерках пачаўся новы этап у развіцці нараўлянскага пасялення, якое складалася з трох частак: двара з панскім домам, які, хутчэй за ўсё, знаходзіўся недалёка ад вусця ракі Нараўлянкі; вёскі Нароўлі, размешчанай побач з панскім дваром з захаду; і нараўлянскага астрога, дзе паны Аскеркі трымалі гарнізон узброеных людзей. Дзе быў нараўлянскі астрог, можна толькі меркаваць, абапіраючыся на выпадковыя знаходкі, зробленыя мясцовымі жыхарамі[15][16]. Астрог быў пабудаваны для кантролю каля Прыпяці і паблізу паўднёвай мяжы Вялікага Княства Літоўскага з украінскімі ваяводствамі Польскага каралеўства. У 1750 г. на Мазырскі павет з Кіеўскага ваяводства пачаліся наезды атрадаў гайдамакаў. Заклікі гайдамакаў да мясцовых жыхароў падштурхнулі да паўстання на Нараўляншчыне (1750—1751), удзельнікамі якога сталі сяляне вёсак Вербавічы, Завайць, Смалегаў і мястэчка Нароўля[17]. Адбываліся рабаўніцтвы і гвалты. (Выбухі сялянскага паўстання тут адбываліся і ў 1760—1770-ыя гг.). 26 красавіка (7 мая) 1751 г. гайдамацкі атрад (каля 30 чалавек) запаліў дамы і панскі двор у Нароўлі, два дамы поўнасцю абрабаваў, захапіў каштоўнасці Рафала Алаіза Аскеркі (1708—1767), забіў некалькі яго служак і аканома. Адзенне, мастацкі срэбны посуд, грошы, іншыя каштоўнасці былі пакладзены на 4 дубы, на якіх гайдамакі паплылі Прыпяццю на поўдзень да Дняпра на Украіну[18]. Таму 10 мая 1751 г. Францішак Мікалаевіч Ракіцкі, ашмянскі ротмістар, афіцыйна прасіў рускага кіеўскага губернатара (1741—1752) Міхаіла Іванавіча Лявонцева (1672—1752) аказаць дапамогу супраць гайдамацкіх атрадаў, якія неаднаразова нападалі на шляхецкія ўладанні каля Нароўлі і Чарнобыля, дзе гайдамакаў актыўна падтрымлівалі мясцовыя сяляне[17]. Атрад гайдамакаў быў разбіты, а яго рэшткі схаваліся на рацэ Славечна каля вёскі Антонава, дзе адно з урочышчаў дагэтуль мае назву Гайдамацкі Алёс. Каля вёсак Канатоп і Тульгавічы маецца ўрочышча Гайдамацкая Града, дзе, паводле народнай памяці, адбывалася злучэнне гайдамацкіх атрадаў (загонаў) і мясцовых сялян, якія рабілі напады на Нараўляншчыне[17]. Каля 1760 г. багрымавіцкі староста Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767), які трымаў у тыя часы ленным правам каралеўшчыну (з мястэчкам Нароўля), пабудаваў у мястэчку Нароўля парафіяльную царкву Іаана Багаслова для мясцовага насельніцтва[19]. ![]() У 1764 г. канвакацыйны сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову, якая абавязвала кіраўніцтва ВКЛ забяспечыць у Мазырскім павеце спакой і парадак, якія перапыніліся з-за наездаў гайдамакаў і ўзрушэнняў узброеных сялян каля Нароўлі і Мазыра. Той жа канвакацыйны сойм у 1764 г. прызнаў каралеўшчыну (каралеўскае ўладанне) Нароўля (мястэчка Нароўля разам з фальваркамі Антонава, Мухаеды, Вуглы, Галоўчыцы і Карпавічы), якую доўга паводле леннага права трымалі Аскеркі, вотчынай мазырскага маршалка Рафала Алаіза Аскеркі (1708—1767) і яго нашчадкаў[18]. Каралеўскі маёнтак Бабічы (цяперашні Барбароў) у той соймавай пастанове не названы, але, імаверна, ён быў сярод тых, што разумеліся ў фразе «y dalszemi wszystkiemi attynencyami» («і далейшымі ўсімі прыналежнасцямі»). Такім чынам каралеўскія валоданні Нароўля, Бабічы (Барбароў), Галоўчыцы і інш. сталі спадчыннай прыватнай уласнасцю шляхціцаў Аскеркаў да 1794 г., што значна абагаціла і без таго заможны і ўплывовы ў Мазырскім павеце шляхецкі род, які адносіўся да павятовай эліты і прэтэндаваў на магнацкі статус. Акрамя Нароўлі, Бабіч (Барбарова) і іншых маёнткаў на Нараўляншчыне Рафал Алаіз Аскерка валодаў у Мазырскім павеце маёнткамі Гарбавічы і Скрыгалаў, у Рэчыцкім — маёнткам Бабічы, а таксама маёнткамі ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства. У мястэчку пражывала як хрысціянскае, так і іўдзейскае насельніцтва[16]. У 1765 г. у нараўлянскім кагале і яго парафіях 316 плацельшчыкаў падушнага падатку[20]. ![]() Пасля смерці Рафала Алаіза Аскеркі Нароўляй у 1767 г. стаў валодаць па спадчыне яго сын Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), мазырскі каптуровы суддзя, а пазней польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага. Цэнтрам аскеркаўскіх маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Нараўляншчыны было мястэчка Нароўля: у 1784 г. у актах Мазырскага гродскага суду свае вялізныя прыватныя ўладанні на Нараўляншчыне Ян Мікалай Аскерка (1735—1796) называў «Нараўлянскім графствам», а свой двор у мястэчку Нароўля — «Нараўлянскім замкам»[21]. Ян Мікалай Аскерка (1735—1796) акрамя Нароўлі валодаў у Мазырскім павеце маёнткам Канатоп, у Рэчыцкім — маёнткам Бабічы, а таксама маёнткамі ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства[22]. У 1779 г. Ян Мікалай Аскерка падаў скаргу ў каралеўскі трыбунал на ўніяцкага мітрапаліта Льва Шаптыцкага, бо маёнтак Нароўля і навакольныя вёскі падвяргаліся ўзброенаму нападу базыльян, якія адбіралі палі і лугі сялян[23]. У 1780-ыя гг. у мястэчку жыло ўжо шмат ярэяў (Бярковічы, Іцкавічы, Лейзяровічы, Ляйбовічы, Моўшавічы і інш.)[24]. У 1790 г., паводле мемуараў Яна Вейсенгофа (1774—1848), які са сваім пяхотным палком войск ВКЛ у той час з Мінска праз Нароўлю маршыраваў на Украіну да Чарнобыля, у Нароўлі меўся мураваны панскі дом, дзе афіцэраў палка раскошна прымаў Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), сам увабраны ў генеральскі мундзір войск ВКЛ[25]. У складзе Расійскай імперыіУ 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Нароўля апынулася ў складзе Расійскай імперыі і ўключана ў склад Мазырскага павета Мінскай губерні. У 1793 г. уласнік Нароўлі Ян Мікалай Аскерка (1735—1796) стаў адным з арганізатараў падрыхтоўкі шляхты Мазырскага павета да паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай улады і падзелу Рэчы Паспалітай, для чаго ўдзельнічаў у нарадным з’ездзе паўстанцаў у Хойніках. У 1794 г. за ўдзел у паўстанні маёнткі Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) (Нароўля, Барбароў, Канатоп і Кажушкі) — цалкам 1954 душы сялян — былі канфіскаваны ў дзяржаўны скраб Расійскай імперыі[26]. Адразу пасля канфіскацыі расійская імператрыца (1762—1796) Кацярына II падарыла ў 1794 г. буйны маёнтак Нароўля (да якога ў тым ліку належала мястэчка Барбароў), дзе налічвалася 1396 душ[26], правадзейнаму тайнаму саветніку Якаву Яфімавічу Сіверсу (1731—1808) у спадчыннае валоданне[27]. Цэнтрам зямельнай латыфундыі Сіверса на Нараўляншчыне было вызначана мястэчка Барбароў замест Нароўлі[28]. Сам Сіверс у Барбарове (ці Нароўлі) не пражываў, а кіраваў маёнткам яго адміністратар-камісар Станіслаў Левановіч. У 1795 г. Ян Мікалай Аскерка быў арыштаваны расійскімі ўладамі і сасланы ў Сібір, дзе ён памёр у Табольску. ![]() У 1795 г. мястэчка мела 37 двароў прыгоннага насельніцтва[29], не лічачы жыхароў-яўрэяў. 12 снежня 1796 г. мястэчка і акруга пераведзены ў склад тэрыторыі Рэчыцкага павета, а сам Рэчыцкі павет — у склад Маларасійскай губерні, а 29 жніўня 1797 г. Рэчыцкі павет (з Нароўляй) перададзены ў склад Мінскай губерні. У 1800 г. каля мястэчка пачалі працаваць нараўлянская гута (майстэрні па вырабе шкла) і вінакурны завод. У 1807 г. была пабудавана і асвечана праваслаўная Царква Святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова, на беразе ракі Прыпяць[30]. У 1840 г. (з-за разліва і падмыва ракі) царква была пераведзена ў новы будынак на ўскрайку мястэчка (цяпер цэнтр сучаснага горада). ![]() У 1808 г. у нашчадкаў Сіверса маёнтак Барбароў (у склад якога ўваходзіла мястэчка Нароўля) быў куплены рускім дваранінам Андрэем Мацвеевічам фон Гольстам, які быў адным з самых давераных асоб мінскага губернатара (1810—1812) Германа Іванавіча фон Радзінга (1753—1827)[27]. 1 мая 1826 г. Вільгеміна фон Гольст (удава Андрэя фон Гольста) і яе дзеці (Якуб, Карл і Роберт фон Гольсты — і іх замужняя сястра Вільгеміна Андрэеўна Бруцер (Brutier)) прадалі за суму 242 тыс. 650 рублёў срэбрам свой вялікі маёнтак Барбароў (у тым ліку, Нароўлю) – «спадчыннікам Ігната Горвата», г.зн. родным братам Аляксандру, Станіславу, Атону і Даніэлю Ігнатавічам Горватам, а таксама іх сёстрам — замужнім Францішцы, Марыяне і Кацярыне і незамужняй Філіпіне[31]. 31 сакавіка 1828 г. быў складзены падзельчы акт зямельнай спадчыны паміж братамі Горватамі і яўлены 10 ліпеня 1829 г. у Рэчыцкім павятовым судзе. Аляксандр Ігнатавіч Горват (каля 1800—1888) атрымаў маёнтак Барбароў, Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) — маёнтак Галоўчыцы, Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) — маёнтак Ліпаў, Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) — маёнтак Нароўлю (33 942 дзесяціны і 1217 сажняў прыдатнай зямлі), а іх сёстры (Марыя, Францішка, Кацярына і Філіпіна) атрымалі грашовыя фундушы[32]. Так мястэчка Нароўля зноў стала цэнтрам асобнай зямельнай латыфундыі, які належаў нашчадкам Даніэля Горвата да 1917 г. У Нароўлі ў той час мелася каталіцкая капліца фундацыі Аскеркаў[19]. У часы Лістападаўскага паўстання (1830—1831) Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863) са сваім атрадам прыйшоў з Мазырскага ў Рэчыцкі павет, дзе вербаваў у атрад прыгонных сялян, абяцаючы зямлі і знішчэнне прыгону, у маёнтках Барбароў і Нароўля, якія належалі адпаведна Аляксандру і Даніэлю Ігнатавічам Горватам[33]. Іх сястра Кацярына Ігнатаўна Горват была жонкай двараніна-маянткоўца Гераніма Антонавіча Кеневіча (1796—1884), брата Фелікса Кеневіча. У Барбарове 10 чэрвеня 1831 г. да атрада далучылася 12 чалавек (5 шляхціцаў і 7 сялян), а ў Нароўлі 11 чэрвеня выдалі 6 коней[34]. Рэчыцкі павет знаходзіўся вельмі далёка ад галоўных цэнтраў паўстання, таму там яно разгарнулася слаба. Пасля падаўлення паўстання браты Аляксандр, Даніэль і Станіслаў Горваты зрабілі добраахвотную яўку да расійскіх улад з павіннай і каяннем, таму ім удалося пазбегнуць пакарання і захаваць маёнткі[33]. ![]() У 1850 г. у Нароўлі Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) пабудаваў сабе новы мураваны і велічны палац у стылі позняга класіцызму, які стаў самай шыкоўнай і вялікай па памерам рэзідэнцыяй роду Горватаў. Перад палацам быў створаны фантан, што было рэдкасцю ў беларускіх дваранскіх сядзібах, а сам палац абкружаны прыгожым паркам. Рэзідэнцыя стала адной з самых шыкоўных і значных ва ўсёй Мінскай губерні. У 1855 г. даў першую прадукцыю (спірт і гарэлку) вінакурны завод Даніэля Горвата, які пачаў будаваць сваё прадрыемства з 1850 г. У 1861 г. пабудаваны другі такі завод, а ў 1887 г. — трэці[35]. У 1864 г. было адкрыта народнае вучылішча (школа)[36]. ![]() У 1868 г. пасля смерці Даніэля Горвата (1810—1868) палац і маёнтак Нароўля (панскі двор Нароўля і належныя панскія землі) па спадчыне перайшлі да яго сына Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903). 20 чэрвеня 1873 г. менавіта з Нароўлі пачаліся меліярацыйныя работы Заходняй экспедыцыі (1873—1898) Міністэрства дзяржаўных маёмасцей Расійскай імперыі — пачаткам нівеліровачных работ з Нароўлі пад кіраўніцтвам палкоўніка Генштаба Расійскай імперыі Іосіфа Іпалітавіча Жылінскага (1834—1916)[37]. У 1876 г. на тэрыторыі парку нараўлянскага палаца Горватамі быў пахаваны дваранін-каталік Андрэй Ліневіч (1814—1876), адміністратар нараўлянскага маёнтка Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903)[38]. У канцы 1880-х гг. больш за 70 % насельніцтва Нароўлі складалі яўрэі, якія трымалі ў горадзе свае лаўкі, невялікія прадпрыемствы, майстэрні і складалі асноўную частку класу рабочых, гандляроў і возчыкаў[39]. Хрысціянскае насельніцтва займалася рыбалоўствам, рабіла драўляны посуд, рагожы. Мелася праваслаўная царква, сінагога, школа, вінакурны завод[36]. У 1885 г. у польскамоўнай энцыклапедыі «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego» апублікаваны разгорнуты гісторыка-геаграфічны артыкул «Нароўля» аўтарства Аляксандра Ельскага (1834—1916)[19]. ![]() У 1893 г. у Нароўлі адкрыта сваё паштова-тэлеграфнае аддзяленне[40], першым начальнікам якога стаў Мікалай Валатоўскі[41]. У 1897 г., паводле вынікаў першага Усеагульнага перапісу насельніцтва ў Расійскай імперыі, у Нароўлі пражывала 1145 жыхароў (з якіх 92,5 % яўрэі — 1060 чал.[20]) без уліку 285 сялян вёскі Нароўля, была царква, каталіцкая капліца роду Горватаў і народная школа, сінагога, 7 яўрэйскіх малітоўных школ, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 гарбарныя заводы, 35 лавак, карчма, прыстань, паромная пераправа, прыёмны пакой, хлебазапасны магазін[42]. Кірмашы праводзіліся 9 мая, 24 чэрвеня, 26 верасня і 6 снежня[43]. Меліся могілкі: старыя яўрэйскія (сучасная вул. Горкага, за старым будынкам Дома дзіцячай творчасці), праваслаўныя (сучасная вул. Камсамольская) і новыя яўрэйскія (сучасная вул. Маладзёжная). У 1898 г. у Нароўлі і Белай Сароцы адкрыты народныя чытальні[39]. Меліяратыўныя работы на Палессі пад кіраўніцтвам генерала-лейтэнанта Іосіфа Жылінскага прывялі да асушэння многіх балот, што зрабіла мажлівым будаваць чыгунку ў рэгіёне і, адпаведна, па ёй вывозіць лесаматэрыялы. У 1890-ыя гг. пачынаецца бум лесанарыхтоўкі і лесаапрацоўкі ў павеце. У 1901 г. прадстаўнікі Паўднёвага рускага лесапільнага таварыства атрымалі дазвол ад мінскага губернатара на адкрыццё Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі па распрацоўцы лесу, якую ўзначаліў яўрэй Ілья Кушалевіч Пайкін[39][44]. Па замове кампаніі і Эдварда Горвата, ад вёскі Красноўка да мястэчка Нароўлі фірма «Альшэрн і Керн» праз вялікія лясныя масівы ў 1902 г. праклала вузкакалейную чыгунку (Красноўка-Лубень-Дзямідаў-Будкі-Калінічы-Нароўля), па якой лесаматэрыялы перавозілі да Прыпяці, куды таксама гналі драўніну па рэчках Жалонь і Славечна[44]. На беразе ракі непадалёку ад мястэчка Нароўлі ў 1901 г. былі пабудаваны механічныя майстэрні і жыллё для рабочых Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі, якія атрымалі назву пасялення (вёскі) Калегава[39]. Драўніну вязалі ў плыты і пасля гналі па Прыпяці на Украіну. Горваты атрымалі дазвол і адкрылі свой лесапільны завод у Красноўцы[39]. У 1902 г. у маёнтку Артура Горвата быў устаноўлены тэлефон[45]. У 1903 г. пасля смерці Артура Горвата (1831—1903) нараўлянскі палац і маёнтак (панскі двор Нароўля і належныя землі) па спадчыне перайшлі да яго сына Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935). У 1904 г. у мястэчку існаваў невялікі сацыял-дэмакратычны гурток, у які ўваходзілі рабочыя-лесанарыхтоўшчыкі і яўрэйская моладзь[46]. У 1905 г. з прыстані ўсіх грузаў, у тым ліку плытоў, уверх па Прыпяці адпраўлялася звыш 150 тыс. пудоў, а ўніз — звыш 250 тыс.[47]. Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі, паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета, для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі[48]. ![]() У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы працягла пражываў[49] выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка нараўлянскага маёнтка. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў 1911 г. у Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[50]. Другая дачка Аляксандра Аскеркі (1830—1911) Сафія (1873—1953) была жонкай дызайнера, мастака і аднаго з вядучых архітэктараў беларуска-літоўскіх зямель канца XIX — пачатку XX ст. Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928), таму Тадэвуш Раствароўскі ў пачатку XX ст. пэўны час працаваў у нараўлянскім палацы Горватаў, дзе па замове ўладальнікаў зрабіў праект аздаблення плафонаў залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі, а таксама праект уяздной брамы перад сядзібным паркам. А сын архітэктара Андрэй Раствароўскі (1899—1980) у юнацкія гады стала пражываў у нараўлянскім палацы Горватаў і ў 1914 г. перад пачаткам Першай сусветнай вайны зрабіў шэраг фотаздымкаў палаца і сядзібы Горватаў, чым зафіксаваў іх для гісторыі. Тыя фотаздымкі пазней былі выкарыстаны ў многіх кніжных выданнях па гісторыі архітэктуры, у тым ліку Рамана Афтаназы (1914—2004). Пазней у сваіх мемуарах, успамінаючы гады свайго шчаслівага дзяцінства, Андрэй Раствароўскі нават напіша: «Нароўля! Ва ўспамінанні ўяўляецца найпрыгажэйшым і найлюбімейшым месцам на зямным шары»[51]. У 1909 г. у мястэчку было 162 двары, 1528 жыхароў (яўрэяў); а ў вёсцы Нароўля 110 двароў, 486 жыхароў (не яўрэяў); параходная прыстань (1 двор, 3 жыхары)[36]. У маёнтку Эдварда Горвата меліся Міхнаўскі сенапрасавальны завод, конезавод, завод па вырабу паташу, дзёгцю, цэглы, шклозавод, малатарня, млынарня, валоўня, прадпрыемства па вырабу сокаў і варэння[45]. У 1912 г. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў драўляны жылы дом з дрэва для адмінстратара свайго маёнтка — двараніна-каталіка Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), які быў сынам Андрэя Ліневіча (Ляневіча) (1814—1876), ранейшага адміністратара нараўлянскага маёнтка Горватаў[38][52]. У савецкія часы драўляны жылы дом Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча) атрымаў статус помніка архітэктуры і гістарычнай каштоўнасці, у якім з 1982 г. знаходзіўся мясцовы краязначы музей (а з 1992 г. нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей). У 1912 г. у Нароўлі працавала яўрэйскае пазыкова-ашчаднае таварыства; у 1913 г. яўрэям належалі адзіная ў мястэчку аптэка, адзіны склад аптэчных тавараў, 12 крам (у тым ліку ўсе 5 бакалейных, усе 4 мануфактурныя, адзіная галантарэйная)[53]. ![]() У 1913 г. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў ў родавым маёнтку кандытарскую фабрыку — прадпрыемства па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, якая дала ў гэтым жа годзе прадукцыю — мармелад, павідла, пасцілу і цукеркі. На фабрыцы таксама выгатаўлялі каўбасы, сыр, вяндліну, а побач у Горвата ў маёнтку меўся таксама і невялікі вінакурны завод. У 1913 г. у Нароўлі адкрыта земская бальніца на 10 ложкаў, а пасля на 15 агульнага профілю і 5 ложкаў заразнага барака. Да 1913 г. ахова здароўя на Нараўляншчыне было прадстаўлена прыватнай медыцынай[54]. У ліпені 1913 г. каталіцкі арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі ў час вяртання з Рыму ў Санкт-Пецярбург выехаў на два месяцы на кананічную візітацыю касцёлаў і капліц у Мінскую дыяцэзію ў пінскі і мазырска-рэчыцкі дэканаты: Пінск, Любяшоў, Лагішын, Целяханы, Лунін, Лунінец, Лахва, Осаў, Манькавічы, Давід-Гарадок, Тураў, Дарашэвічы, Петрыкаў Лельчыцы, Высокае, Мазыр, Галоўчыцы, Нароўля, Барбароў, Хойнікі, Астрагляды, Рэчыца, Капаткевічы[55]. Восенню 1913 г. Нароўлю наведала экспедыцыя (66 асоб на чале з К. Машкам) ад Польскага краязнаўчага таварыства (Варшава). Эдвард Горват рабіў дапамогу ўдзельнікам экспедыцыі[56]. У 1914 г., пасля пачатку Першай сусветнай вайны, улады Расійскай імперыі пачалі прымусовае высяленне сваіх грамадзян нямецкай нацыянальнасці з прыфрантавых тэрыторый, таму ў Нароўлю і навакольныя вёскі прыбыла невялікая група немцаў-сялян з Валынскай губерні, якая стварыла тут свае пасяленні Антонаўка, Дуброўка, Бярозаўка, Хаткі і інш.[57] ![]() У 1916 г. у горватаўскім палацы ў Нароўлі адбылося гучнае ва ўсім беларуска-літоўскім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), дачкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і[58]. У якасці пасагу ад Аляксандры Горват горватаўскі палац і значны маёнтак Нароўля прызначаўся яе мужу Станіславу Ваньковічу, але яны так і не былі перададзены Ваньковічам да 1917 г. Бацька Аляксандры Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) валодаў маёнткам да 1917 г. і палацам да 1918 г., калі палац і маёнтак былі нацыяналізаваны савецкімі ўладамі. 19 снежня 1916 г. (у мэтах барацьбы са спекуляцыяй) створана нараўлянскае Таварыства спажыўцоў (займела 849 членаў), заснавальнікамі якога сталі святар Завітневіч, акцызны чыноўнік М. Каменскі, маянтковец Эдвард Артуравіч Горват, фельчар Крэмень і царкоўны стараста Півавар[59]. У лютым 1917 г., пасля ліквідацыі расійскай манархіі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917), у мястэчку рабочыя суднаверфі горача віталі гэтую падзею[57]. ![]() У першай палове сакавіка 1917 г. у мястэчку адбыўся мітынг, на якім выступаў начальнік суднабудаўнічых майстэрань Верхнедняпроўскага басейна генерал Халюцін, які заклікаў рабочых суднаверфі і жыхароў Нароўлі быць вернымі Часоваму ўраду Расіі пад кіраўніцтвам князя Львова і верыць у перамогу Расіі над Германіяй у ходзе Першай сусветнай вайны[60]. Мітынг завершыўся дэманстрацыяй у парку палаца Горватаў. Заклікі генерала Халюціна не падзейнічалі на рабочых і вайскоўцаў, якія працавалі на нараўлянскай суднаверфі, таму там пачалося дэзерцірства. Па просьбе падпалкоўніка Гармаша, начальніка суднаверфі, у Нароўлю прыбыла вайсковая каманда, каб несці каравульную службу і ахоўваць склады і майстэрні. У памяшканні казармы вайсковай каманды суднаверфі быў створаны т.зв. «дэмакратычны клуб», у якім праходзілі дыскусіі аб вайне, будучых формах улады і формах уласнасці ў краіне. Актыўнымі ўдзельнікамі клубных мерапрыемстваў сталі як салдаты вайсковай каманды, так і працаўнікі нараўлянскай суднаверфі, работнікі маёнтка Эдварда Горвата, дробныя саматужнікі, моладзь мястэчка і навакольных ад Нароўлі вёсак. Аднак у пачатку восені 1917 г. вайсковая каманда і падпалкоўнік Гармаш пакінулі Нароўлю[60]. Восенню 1917 г. яўрэйская моладзь стварыла мясцовую сіянісцкую арганізацыю[61]. Мяшчанская ўправа і ўпраўленнеСтароста-старшыня мяшчанскай управы і ўпраўлення мястэчка Нароўлі[заўв 2]: Нараўлянскае валасное праўленнеНараўлянскі валасны старшыня[62]:
Валасны пісар[62]:
Нараўлянскае аднакласнае народнае вучылішчаНастаўнік[62]:
Нараўлянская царкоўна-прыходская школа, 2-х класнаяМужчынская царкоўна-прыходская школа адкрыта ў 1890 г., пазней атрымала статус 2-х класнай[66]. Загадчык і настаўнік рэлігіі[62]:
Настаўнікі[62]:
Нараўлянскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне (1893)Начальнікі[62]:
Нараўлянскія рабіны
У савецкія часыЗ лістапада 1917 г. аб’яўлена ў складзе тэрыторыі Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР). У канцы лістапада 1917 г. у мястэчку створана бальшавісцкая ячэйка (на чале з Уладзімірам Румянцавым, Ліпам Заланам і Ш. Фрыдманам), у якую ўвайшлі рабочыя суднаверфі і салдаты, якія вярнуліся з фронту[67]. У студзені 1918 г. у Нароўлі пачаў сваю работу Нараўлянскі валасны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў (Ілья Мелех, Віктар Цімашэнка, Мікалай Цімошчанка), які ўзначаліў бальшавік Аляксандр Васілевіч Кавалёў. Савет адразу ўзяўся за ўлік нацыяналізаванай бальшавікамі памешчыцкай і царкоўнай зямлі[67][68]. ![]() 25 сакавіка 1918 г. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нароўля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Нараўляншчына занята нямецкімі войскамі і атрадамі войск УНР: на чале воласці пастаўлены галава валасной рады Уладзімір Півавар[69]. 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі мястэчка аб’яўлена ў складзе тэрыторыі Беларускай ССР і занята атрадамі Чырвонай арміі[36]. Вясной 1919 г. полк Стракапытава заняў мястэчка і патрабаваў ад жыхароў кантрыбуцыю[70]. Пасля падаўлення паўстання Стракапытава, у Нароўлю зайшлі чырвонаармейцы, устанавілася савецкая ўлада: кіраваць мястэчкам пачаў нараўлянскі валасны рэўкам (Ілья Пятровіч Мелех, Уладзімір Мікалаевіч Падбярэзны, Мікалай Маркавіч Цімошчанка, Міхаіл Іванавіч Яфімаў) на чале з Аляксандрам Кавалёвым; валасную міліцыю ўзначаліў Андрэй Якаўлевіч Півавар[61]. Адбылося аб’яднанне мястэчка Нароўля, вёскі Калегава (Калегаў) і тэрыторыі панскага двара, дзе знаходзіліся палац, парк і кандытарская фабрыка Горватаў, у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Уся гэта тэрыторыя паслужыла асновай гарадскога пасёлка (горада) Нароўля[71]. 16 студзеня 1919 г. рашэннем Масквы мястэчка ўключана ў склад РСФСР. У красавіку 1919 г. мястэчка Нароўля ўвайшло ў склад Гомельскай губерні РСФСР. У 1920 г. у праваслаўнай царкве здарыўся пажар, у час якога згарэў святар[72]. Ахвяраваннямі вернікаў царква была адбудавана. ![]() У сакавіку 1920 г. польскае войска ўвайшло ў Нароўлю, куды вярнуліся і многія памешчыкі (у тым ліку Горваты), якім была вернута іх былая зямельная маёмасць, адабраная раней распараджэннямі рэвалюцыйных улад[73]. Польскімі вайскоўцамі былі забіты бацька і жонка члена нараўлянскага рэўкама Карпмана, павешаны Мартын і Мікалай Жолудзі, Іван Кухнавец, падвергнуты публічнай экзекуцыі Яфім Фёдаравіч Носка і бібліятэкар Беньямін Рабіновіч[73]. 27 чэрвеня 1920 г. па рацэ з поўдня да мястэчка падышоў бальшавісцкі бронепараход «Геройскі» Дняпроўскай ваеннай флатыліі, які сваімі стрэламі выгнаў польскае войска. Нараўлянскія Горваты пасля чарговай нацыяналізацыі нараўлянскай маёмасці выехалі ў Польшчу, дзе Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў маёнткам Горжычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве і жыў у неарэнесансавым палацы ў Горжычках, якія ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921)[74]. У ліпені 1920 г. Ціхан Данілавіч Губараў узначаліў валасную партыйную арганізацыю і рэўкам (Ілья Мелех і інш.)[75]. 12 лістапада 1920 г. у мястэчка ўвайшлі падраздзяленні арміі Булак-Балаховіча, якія прабылі тут да 20 лістапада[76]. З таго часу ўсталявалася савецкая ўлада. У пачатку 1921 г. створаны Нараўлянскі валасны выканкам (старшыня Міхаіл Васілевіч Носка, ураджэнец вёскі Вербавічы), адбыліся выбары ў сельскія саветы[77]. Пачалася харчразвёрстка, размеркаванне зямлі, стварэнне новых школ, да 40 ложкаў была пашырана бальніца. У 1921—1936 гг. галоўурачом нараўлянскай бальніцы быў Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), унук Андрэя Ліневіча (Ляневіча) (1814—1876), адміністратара горватаўскага маёнтка. Пазней Градзіцкі стаў партызанам-медыкам, прымаў удзел у баях, стаў заслужаным ўрачом БССР (1956)[38][78]. ![]() 17 ліпеня 1924 г. створаны Нараўлянскі раён, які аб’яднаў тры воласці (Нараўлянскую, Мухаедаўскую і Дзёрнавіцкую) і разам з мястэчкам Нароўля ўвайшоў у склад БССР. У мястэчку і раёне пачаўся шырокі працэс ліквідацыі непісьменнасці: дзейнічалі школы, пункты навучання, раённая бібліятэка, таварыствы «Далоў непісьменнасць!», краязнаўчае таварыства, а таксама паштовае аддзяленне, царква. У маі 1925 г. каля Нароўлі была арганізавана яўрэйская земляробчая арцель «Пасёлак»[53]; мелася дзве сінагогі[79]. У канцы 1920-х гг. пры матэрыяльнай падтрымцы Ёсефа Іцхока Шнеерсона (1880—1950) была пабудавана міква[53]. З 1917 да 1925 г. горватаўская кандытарская фабрыка прастойвала. 1 жніўня 1925 г. (пасля рамонту) фабрыка аднавіла сваю дзейнасць па выпуску кандытарскай прадукцыі: шакаладныя цукеркі, ірыскі, павідла, пасціла, джэм, зефір, мармелад. Фабрыка атрымала назву «Чырвоны Мазыранін» у гонар таварыскай дапамогі мазырскіх рабочых, якія дапамаглі аднаўленню фабрыкі. На прадпрыемстве тады працавала 23 чалавекі[80]. У 1949 г. на фабрыцы працавала 179 чалавек[81]. Летам 1926 г. член Інбелкульта прафесар Анатоль Уладзіміравіч Фядзюшын зрабіў заалагічную экспедыцыю на беларускае Палессе па маршруце Мінск-Калінкавічы-Мазыр-Нароўля-Петрыкаў-Тураў-Млынск-Хліпінск-возера Чырвонае-Жыткавічы-Гомель-Мінск[82]. ![]() У 1927 г. у рамках праграмы калектывізацыі ў СССР у мястэчку быў створаны калгас «Чырвоны маяк»[80]. 21 чэрвеня 1927 г. праваслаўны святар Свята-Іаанаўскай царквы Сяргей Якаўлевіч Мігай (1874—1937) быў арыштаваны па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці і неўзабаве па прыгаворы 7 кастрычніка высланы на тры гады ў Сібір[83]. У 1927 г. заснавана Нараўлянскае краязнаўчае таварыства[84]. У маі 1928 г. члены ўраду БССР (Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў, Міхась Чарот і інш.) на чале з Мікалаем Мацвеевічам Галадзедам у мэтах персанальнага азнаямлення з эканомікай і бытам раёнаў Мазырскай акругі (рыбная гаспадарка, меліярацыйныя работы, абшары для каланізацыі і г.д.) наведалі Мазыр, Нараўлянскі і Жыткавіцкі раёны, возера Белае, Людзяневічы, Капцэвічы і Лельчыцы. Урадавая дэлегацыя прыбыла з Мазыра ў Нароўлю пасажырскім параходам, была ўрачыста сустрэта на беразе амаль усімі жыхарамі мястэчка і многімі жыхарамі навакольных вёсак, наведала мясцовую кандытарскую фабрыку і пабудаваны ў 1928 годзе народны дом[85]. Летам 1928 г. у Мазырскай акрузе (Ельск, Калінкавічы, Юравічы, Нароўля, Лельчыцы) працавала навукова-даследчая экспедыцыя яўрэйскага аддзела Інбелкульта[86]. 12 ліпеня 1929 г. было навукова абследавана нараўлянскае ўрочышча Баравіца, дзе выяўлена стаянка людзей каменнага веку і селішча каменнага веку[87]. У 1931 г. яўрэйскім сектарам Беларускай Акадэміі навук разам з нацкамісіяй ЦВК БССР з мэтай абследавання палітыка-эканамічнага і культурнага стану мястэчак у рэканструкцыйны перыяд абследавана мястэчка Нароўля (у ліку 13 местачковых і гарадскіх пунктаў Беларусі), дзе быў сабраны багаты матэрыял, перш за ўсё — інфармацыя для «Яўрэйскага дыялекталагічнага атласа» з 75 дыялекталагічнымі картамі[88]. У 1931 г. арганізавана суднабудаўнічая арцель і пабудаваны дамы для яе; адноўлена суднабудаўнічая верф, куды прывезена новае абсталяванне і якая вырабляла драўляныя баржы і дэбаркадары; пабудаваны лесазавод[36][80]. 23 студзеня 1932 г. пачала выдавацца мясцовая газета «За калектывізацыю», галоўная афіцыйная газета Нараўлянскага раёна (орган Нараўлянскага райкама КПБ(б), Нараўлянскага выканкама і Нараўлянскага райпрафсавета): накладам да 60 экзэмпляраў, а яе першым рэдактарам стаў Рыгор Іванавіч Шаркоў[80]. У 1930-я гг. савецкія ўлады ўзарвалі каталіцкую капліцу роду Горватаў, помнік архітэктуры XIX ст.[89] Паводле іншай інфармацыі, капліца-пахавальня з рэшткамі нябошчыкаў Горватаў была вымыта ракой Прыпяць у 1979 г. падчас паводкі і не захавалася да нашага часу[90]. У 1934 г. створана машынна-трактарная станцыя. У 1935 г. у Нароўлі мелася швейная арцель яўрэяў-саматужнікаў[53]. У 1930-х гг. працавала яўрэйская бібліятэка, частка кніг якой была на ідышы[53]. У красавіку 1935 г. у Мінск у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі імя У. Леніна (для папаўнення кніжнага фонду) з шафаў школы, якая месцілася ў будынку былога палаца Горватаў, былі прывезены 1800 кніг, якія раней належалі нараўлянскім Горватам, — на польскай, французскай і англійскай мовах, у тым ліку камплекты часопісаў 1848 года[91]. У сувязі са сваёй антырэлігійнай палітыкай, у 1935 г. савецкая ўлада закрыла праваслаўную царкву Іаана Багаслова ў Нароўлі, а яе будынак быў пераабсталяваны пад «дом сацыялістычнай культуры»[92]. У 1936 г. з-за трухлявасці была разабрана нараўлянская сінагога[93]. Яна знаходзілася на Кастрычніцкай плошчы (там дзе цяпер знаходзіцца аддзяленне «Беларусбанка»)[94]. 27 верасня 1938 г. мястэчка Нароўля атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу[36]. Газета «За калектывізацыю» (1932—1938) была перайменавана ў «За бальшавіцкія перамогі» (1938—1952). У канцы 1930-х гадоў звыш 500 жыхароў Нараўлянскага раёна былі рэпрэсаваны савецкай уладай (расстраляны, высланы ў лагеры і інш.) [95]. Напярэдадні 1941 г. у пасёлку самымі буйнымі прадпрыемствамі былі кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», суднаверф, прамкамбінат, завод па апрацоўцы лесу і фабрыка па сушцы гародніны[96], у цэнтры горада быў устаноўлены помнік Уладзіміру Леніну[97], меліся 3 школы, новы дом сацкультуры, новы прыгожы будынак аптэкі[98]. 24 чэрвеня 1941 г., на другі дзень пасля пачатку фашысцкай агрэсіі супраць СССР, у горадзе пачалася мабілізацыя мужчын прызыўнога ўзросту і фарміраванне ў кожным сельсавеце вынішчальных батальёнаў. Большасць яўрэяў Нароўлі эвакуіравалася або была мабілізавана. 27 жніўня 1941 г. немцы захапілі горад. У палацы Горватаў месцілася нямецкая ваенная камендатура. У будынку царквы — жандармерыя, паліцыя[72]. У пачатку жніўня 1941 г. створаны нараўлянскі партызанскі атрад. У пачатку верасня 1941 г. уся Нараўляншчына была захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі. У горадзе гітлераўцы цалкам спалілі вуліцы Ленінскую і Камуністычную, большую частку Інтэрнацыянальнай, падарвалі двухпавярховы будынак сярэдняй школы, перарабілі на вязніцу, давялі да нягоднага стану будынак няпоўнай сярэдняй школы, разрабавалі краязнаўчы музей (адзін з найцікавейшых у Палессі)[99]. Імі былі спалены ці падарваны будынкі раённага Палаца культуры і бібліятэкі, райкама партыі, гарсавета, раённага ваенкамата, лясгаса, усе склады раённага патрэбсаюза і інш.[99] Немцы прымусілі мясцовых жыхароў разбурыць у цэнтры горада помнік Уладзіміру Леніну і кавалкі помніка скінуць у раку Прыпяць, а пасля тых людзей расстаралялі[97]. 23 лістапада 1941 г. на яўрэйскіх могілках у Нароўлі было расстраляна больш 100 яўрэяў[53][100]. У жніўні 1942 г. савецкія партызаны знішчыні мясцовы фашысцкі гарнізон. У верасні пачаў разгортвацца савецкі партызанскі рух на Нараўляншчыне. 20 кастычніка 1943 г. у выніку аб’яднання асобных атрадаў створана 27-я Нараўлянская партызанская брыгада імя С. М. Кірава. 23 сакавіка 1943 г. нямецкія акупанты здзейснілі масавы расстрэл местачкоўцаў: у парку былі забіты 54 чалавекі[101]. (Пазней савецкімі ўладамі ў парку быў усталяваны помнік забітым жыхарам з пералікам імён на шыльдзе). 29-30 лістапада 1943 гг. прайшлі баі 415-й стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронту і 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С. М. Кірава (камандзір П. В. Яромаў) супраць немцаў за вызваленне Нароўлі, якія ўвайшлі ў гісторыю вайны пад назвай «Нараўлянская аперацыя». 30 лістапада 1943 г. савецкія войскі вызвалілі пасёлак Нароўля ад фашыстаў[36]. ![]() За час акупацыі фашыстамі (27 месяцаў) знішчана ў пасёлку і Нараўлянскім раёне паводле падлікаў 596 чалавек; на прымусовыя работы ў Германію было вывезена 724 чалавекі, з якіх 53 чалавекі не вярнуліся; было знішчана 19 вёсак цалкам, а 14 — часткова[99]. Устаноўлена, што ў час вайны загінула ці знікла без звестак 3456 воінаў з Нароўлі і раёна, загінула 630 партызан і падпольшчыкаў[99]. Помнік Леніну быў адноўлены адразу пасля вайны[97]. Пры вызваленні Нароўлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў будынка былога палаца Горватаў значна пацярпеў: пажарам, распачатым пасля бамбардзіроўкі, былі знішчаны перакрыцці, дах, пашкоджаны вонкавы дэкор будынка, а таксама амаль цалкам знішчаны інтэр’еры і прадметы будынка. Многія жыхары горада жылі ў зямлянках з-за адсутнасці дамоў у горадзе. У канцы снежня 1943 г. у Нароўлі адкрыты раённы дом культуры. У студзені 1944 г. адноўлены лясгас і леспрамгас, у чэрвені 1945 г. першую пасля ваенную прадукцыю выпусціла фабрыка «Чырвоны Мазыранін». З 1947 г. на фабрыцы «Чырвоны Мазыранін» пачала выгатаўляцца адна з самых брэндавых цукерак СССР «Кароўка»[102]. У канцы 1944 г. раённая бібліятэка атрымала 6500 кніг (па культурнай, эканамічнай і палітычнай тэматыцы)[103]. Пасля заканчэння вайны частка яўрэяў вярнулася ў Нароўлю і займаліся тым жа, чым да вайны: працавалі шаўцамі, краўцамі, цырульнікамі, рабочымі на суднаверфі, кандытарскай фабрыцы[104]. У 1945 г. на месцы базіравання 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С. М. Кірава і падпольнага райкама КПБ устаноўлены памятны знак[103]. 4 кастрычніка 1946 г. на базе суднаверфі была адчынена школа фабрычна-завадской адукацыі (рыхтавала суднацесляроў), пераўтвораная ў 1951 г у. вучылішча (сельскай гаспадаркі), дзе з 1974 г. рыхтавалі спецыялістаў для Нараўлянскага, Ельскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў[105]. У 1948 г. арганізаваны збор падарункаў для дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ў час вайны: сабрана 1700 рублёў[103]. У 1949 г. завяршылася перасяленне жыхароў раёна з зямлянак у новыя дамы[103]. На фабрыцы «Чырвоны Мазыранін» працавала 179 чалавек[103]. У 1951 г. прамысловасць Нараўлянскага раёна дасягнула даваеннага ўзроўню[81][103]. У 1951 г. архіўны фонд «Нараўлянскі маянтковец Горват» (галоўным чынам, дакументы з прадпрыемстваў і прыватнага архіва нараўлянскіх Горватаў за тры пакаленні — 216 спраў за 1853—1915 гг.) з Дзяржаўнага архіва Палескай вобласці быў пераведзены ў Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а ў 1964 г. — у Цэнтральны дзяржаўны архіў БССР у Мінску. Цяпер гэтыя нараўлянскія дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі маюць назву «фонд 986. Горваты, маянткоўцы. 1836—1915 гг.» (218 спраў)[106]. У 1952 г. газета «За бальшавіцкія перамогі» (1938—1952) была перайменавана ў «Сталінскі сцяг» (1952—1956), пасля ў «Ленінскую праўду» (1956—1962). (У 1963—1965 гг. газета не выдавалася па прычыне скасавання Нараўлянскага раёна, тэрыторыя якога ўвайшла ў склад Ельскага раёна). У 1959 г. памёр Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), на пахаванне якога ў Нароўлю прышло шмат людзей (як мясцовых жыхароў, так і прылеглых паселішчаў), што з’явілася вялікім прызнаннем заслуг лекара. ![]() У 1950—1960-х гг. на галоўнай плошчы Леніна былі пабудаваны цагляныя адміністрацыйныя будынкі райкама камуністычнай партыі і райвыканкама, раённы дом культуры і іншыя будынкі, якія сфармавалі сучасны цэнтр горада, меўся помнік Уладзіміру Леніну, а таксама з’явіліся двухпавярховыя цагляныя жылыя дамы на вуліцы Леніна, мелася некалькіх горадаўтваральных прадпрыемстваў (у тым ліку, гузікавы завод, торфзавод «Максімава» і г.д.). У 1961 г. адкрылася сярэдняя 11-гадовая політэхнічная школа (на 510 месцаў) — будавалася з 1957 г.[107]. Першым дырэктарам стала Аляксандра Карпаўна Дзямідчык (1911—1990)[107]. У 1972 г. школа была ператворана ў сярэднюю школу № 1 з рускай мовай навучання, а 1 верасня 2009 г. — у гімназію[107]. У 1961 г. у Нароўлі дзейнічаў неафіцыйны міньян яўрэяў[53]. 25 снежня 1962 г. Нароўля страціла статус райцэнтра, бо Нараўлянскі раён скасаваны, а яго тэрыторыя ўключана ў склад Ельскага раёна. 6 студзеня 1965 г. зноў створаны Нараўлянскі раён — яго тэрыторыя вылучаецца са складу Ельскага раёна і Нароўля зноў атрымала статус райцэнтра. З адміністрацыйным аднаўленнем Нараўлянскага раёна, у красавіку 1965 г. зноў пачалося выданне сваёй раённай газеты ў Нароўлі — пад назвай «Прыпяцкая праўда». У 1966—1967 гг. нараўлянская суднаверф пераўтворана ў завод «Буддэталі», праведзена рэканструкцыя фабрыкі «Чырвоны Мазыранін», цагельных заводаў, прамкамбіната і інш. У 1967 г. распрацаваны генеральны план забудовы Нароўлі[108]. У 1966 г. у нараўлянскай газеце «Прыпяцкая праўда» працавала літаратурным супрацоўнікам Святлана Аляксандраўна Алексіевіч (нар. 1948 г.), будучая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015)[109].
У ліпені 1969 г. літаратар Уладзімір Караткевіч з экспедыцыяй наведаў беларускае Палессе: ад Гомеля і да Брэста. Свае ўражанні аб наведванні Нароўлі і яе прыродзе і славутасцях апісаў у сваім нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969) у раздзеле «Бакены з рыбай». 3 лістапада 1971 г. пасёлак Нароўля атрымаў статус горада[36][111]. У ім пражывала каля 6 600 чалавек[36]. У 1972 г. была адкрыта сярэдняя школа № 2, якая аб’яднала ў сваіх сценах вучняў былой васьмігодкі і некаторых навучэнцаў СШ № 1[112]. У 1976 г. у цэнтры горада каля гарадскога парку пабудавана гасцініца «Нараўлянка» (існуе дагэтуль) — чатырохпавярховы будынак з сеткавай каналізацыяй і цэнтральным водазабеспячэннем. У 1977 г. выпусціў першую прадукцыю нараўлянскі філіял Гомельскага завода гідраапаратуры[81]. Парасоны, якія выпускаліся на прадпрыемстве, атрымалі дзяржаўны Знак якасці. У 1978 г. Г. М. Залашка выявіў у Нароўлі гарадзішча[113]. У красавіку 1979 г. здарылася вялікая паводка ад Прыпяці[114]: была пашкоджана і вымыта вадой капліца з рэшткамі памерлых Горватаў, таму не захавалася да нашага часу[90]. У 1981 г. створаны праэкт дэталёвай планіроўкі цэнтра горада. Асноўныя вуліцы горада забудаваны 2-5-павярховымі дамамі. Створана некалькі мікрараёнаў. Рака Нараўлянка дзяліла яго на 2 жылых масівы — заходні і ўсходні. У 1981—1982 гг. Нараўлянскі раён стаў пераможцам сацыялістычнага спраборніцтва ў БССР[108]. Летам 1982 г. у Нароўлі кінастудыя «Беларусьфільм» здымала большасць сцэн кінастужкі «Культпаход у тэатр» (рэжысёр Валерый Давідавіч Рубінчык), у тым ліку каля нараўлянскай альтанкі, у клубе фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» і будынку былога палаца Горватаў. У лістападзе 1982 г. адкрыты музей краязнаўства, які працуе дагэтуль. У 1992 г. ён быў рэарганізаваны ў цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў. У 1983 г. у цэнтры горада на плошчы Леніна замест старога быў устаноўлены новы помнік Уладзіміру Леніну з медзі (адзін з самых вялікіх помнікаў Леніну ў БССР), аўтарам якога стаў вядомы беларускі скульптар Анатоль Анікейчык (1932—1989)[115]. ![]() У 1980-ыя гг. сталіца Нараўлянскага раёна перажывала сапраўдны і да таго не бывалы свой росквіт. У горадзе было звыш 10 тыс. жыхароў, меліся буйная кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», завод гідраапаратуры (славіўся вырабам механічных парасонаў), маслазавод, хлебзавод, дрэваапрацоўны камбінат, лясгас, тры сярэднія школы, вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая паліклініка і бальніца, ветлячэбніца, гасцініца «Нараўлянка», лазня, новы стадыён (па вуліцы Макаранкі), гарадскі і дзіцячыя паркі, два кінатэатры, тры бібліятэкі, рэстаран, некалькі кафэ, гарадскі пляж у цэнтры горада ўздоўж Прыпяці, байдарачная секцыя, шмат магазінаў, гарадскі рынак, годныя асфальтавыя дарогі і г.д.[116] Меліся рачны вакзал і прыстань, дзе швартаваліся лодкі, караблікі і адкуль па рацэ хадзілі транспартныя цеплаходы-ракеты, у тым ліку, да Кіева. Па рацэ хадзілі буксіры з баржамі. Праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы і фестывалі мясцовага значэння. У маляўнічы прыродай горад любілі прыязджаць на выхадныя і святочныя дні адпачыць нават жыхары Кіева. 28 снежня 1985 г. прыняў першых гледачоў кінатэатр «Юность». У 1986 г. пачалося будаўніцтва новага корпусу фабрыкі «Чырвоны Мазыранін», завезена новае абсталяванне; у снежні 1987 г. будаўніцтва было паспяхова завершана[117]. 25 красавіка 1986 г. нараўлянскаму вучылішчу № 7 прысвоена званне «вучылішча высокай культуры». 26 красавіка 1986 г. Нароўля пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Многія жыхары прама ці ўскосна прынялі ўдзел у ліквідацыі аварыі і яе наступстваў, дэзактывацыі тэрыторыі Нараўлянскага раёна ў 1986—1987 гг.[118]. Частка насельніцтва, якая жадала пакінуць раён, была пераселена ў іншыя рэгіёны Беларусі і ёй дзяржаўныя ўлады бясплатна прадаставілі жыллё. Асноўная хваля выезду перасяленцаў з горада доўжылася з 1986 г. да сярэдзіны 1990-х гг., а пасля колькасць жыхароў Нароўлі стабілізавалася на ўзроўні каля 8 тыс., у параўнанні з ранейшымі 11,5 тыс. у пачатку 1986 г. За перыяд з 1991 па 2007 г. уключна пераселены ў іншыя месцы 10 336 жыхароў Нараўлянскага раёна і горада[119]. Шмат мясцовых яўрэяў пераехалі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. у Ізраіль, ЗША ці Германію. 8 верасня 1986 г. адкрыта трэцяя ў горадзе сярэдняя школа — № 3. Нараўлянская сярэдняя школа № 2 насіла імя героя Савецкага саюза Марата Казея. 25 чэрвеня 1990 г. Нароўлю наведала група народных дэпутатаў БССР (В. У. Паўлаў, Павел Ігнатавіч Холад, Вольга Мікалаеўна Галубовіч, М. І. Якубоўскі, Іван Пятровіч Данілаў, Ю. А. Лебедзеў, Лявонцій Ульянавіч Зданевіч, А. М. Шэйкін, Алесь Шут), якія прынялі ўдзел у нарадзе ў нараўлянскім райвыканкаме, а пасля разам з прадстаўнікамі райвыканкама зрабілі аўтобусам паездку па тэрыторыі раёна, цікавіліся гамафонам, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі[120]. У 1991 г. адкрыта Дзіцячая школа мастацтваў. У складзе Рэспублікі БеларусьУ 1992 г. нараўлянскі музей краязнаўства рэарганізаваны ў цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў. 28 студзеня 1992 г. быў зарэгістраваны «Праваслаўны прыход Свята-Іаана-Багаслова царквы». У будынку царквы правялі рэстаўрацыйныя работы[72]. У будынку царквы правялі рэстаўрацыйныя работы[72]. ![]() Летам 1993 г. у адпаведнасці з праграмай дзейнасці дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыі па выратаванні помнікаў гісторыі культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г., супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Музея старабеларускай культуры Інстытута этнаграфіі Акадэміі навук Беларусі даследавалі ў Нараўлянскім раёне пакінутыя вёскі Цешкаў, Дзёрнавічы, Ражава, Даўляды (жыхары якіх былі выселены з-за забруджання радыяцыяй) і вывезлі ў Мінск для захавання цікавыя прадметы народнай матэрыяльнай культуры (збаны, гладышы, ручнікі, дываны, куфры, прылады працы (ільнопрадзення, ткацтва, вышыўкі, бандарства), прадметы аддзеня і г.д.). У склад той навуковай экспедыцыі ўвайшлі і супрацоўнікі аддзела культуры Нараўлянскага райвыканкама[121][122]. У 1994 г. усталяваны помнік вёскам Нараўлянскага раёна, выселеным пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, – на Кастрычніцкай плошчы каля Прыпяці. 20 кастрычніка 1995 г. Нараўлянскі раён і горад Нароўля аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку (тое ж самае адбылося па ўсёй Беларусі з райцэнтрамі, якія не былі гарадамі абласнога падпарадкавання). Нараўлянскі гарадскі выканаўчы камітэт быў скасаваны: для Нароўлі яго функцыі выконвае Нараўлянскі раённы выканаўчы камітэт. У 1996 г. завершана газіфікацыя Нароўлі і асноўных населеных пунктаў Нараўлянскага раёна. У 1998 г. выдадзена гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць. Нараўлянскі раён». З канца 1990-х гг. у горадзе дзейнічала аддзяленне яўрэйскай арганізацыі «Хесэда»[53]. 20 верасня 1998 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне каталіцкага касцёла Узвышэння Святога Крыжа[123]. 15 красавіка 1999 г. адкрыты Нараўлянскі раённы цэнтр рамёстваў. 4 красавіка 2001 г. рашэннем Нараўлянскага раённага выканаўчага камiтэта і 19 красавіка 2001 г. рашэннем Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў быў зацверджаны герб Нароўлі: у сінім полі «іспанскага» шчыта срэбная падкова з залатым крыжом над ёй. Герб нагадвае шляхецкі герб «Побуг», якім карысталіся прадстаўнікі шляхецкага роду Горватаў — ранейшыя ўласнікі нараўлянскіх зямель. Ён быў унесены 24 кастрычніка 2001 г. у Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь. У 2003 г. створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 5 мая 2007 г. пастановай Савета Міністраў Беларусі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключана 12 аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны, размешчаных на тэрыторыі Нараўлянскага раёна. 1 верасня 2008 г. сярэдняя школа № 1 атрымала статус «гімназія г. Нароўлі». 6 лістапада 2010 г. у Нароўлі адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага месца «Алея Славы нараўлянцаў». У студзені 2011 г. створаны Нараўлянскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Па стану на 1 красавіка 2011 г. у Нараўлянскім раёне было зарэгістравана 138 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, у тым ліку 48 юрыдычных асоб і 90 індывідуальных прадпрымальнікаў[124]. 26 красавіка 2011 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у вёску Дзёрнавічы і Нароўлю, дзе наведаў завод гідраапаратуры[125]. ![]() 30 верасня 2011 г. афіцыйнае адкрыццё новага будынка Дома дзіцячай творчасці, перайменаваны 4 красавіка 2012 г. у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. 16 ліпеня 2013 г. вучылішча № 177 (сельскай гаспадаркі) было пераўтворана ў «Нараўлянскі дзяржаўны прафесійны ліцэй»[105]. ![]() У 2013—2015 гг. ажыццявіўся капітальны рамонт і цалкам абноўлены будынак сярэдняй школы № 2 (самай вялікай па колькасці вучняў у Нараўлянскім раён — ад 500). 1 верасня 2015 г. разам з урачыстым адкрыццём школы быў адкрыты школьны музей «Дзяцінства», які быў створаны школьным настаўнікам і краязнаўцам Васілём Чайкам і яго паплечнікамі-краязнаўцамі[126]. 16 снежня 2013 г. быў афіцыйна закрыты дзяржаўны завод «Буддэталі»[127]. У 2014 г. пабудаваны мікрараён «Новы» і супермаркет «Евроопт», вуліца Сонечная, завершана рэканструкцыя цэнтральнай раённай бальніцы і раённай паліклінікі[128]. У 2015 г. выдадзена навукова-папулярнае выданне «Нараўляншчына самабытная і сучасная». У ліпені 2015 г. нараўлянскі спецлясгас з Інстытутам лесу НАН Беларусі распрацаваў для наведвальнікаў экалагічны турыстычны маршрут «Легенды Нараўлянскага краю». У студзені 2016 г. уведзены ў эксплуатацыю аб’ект Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, зацверджанай ад 26 лютага 2015 г.: жылы дом для сямей, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — дзіцячы Дом сямейнага тыпу. ![]() У 2017 г. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праспансіравала будаўніцтва новай дзіцячай гульнявой пляцоўкі, якую размесцілі ў цэнтры горада каля ракі[129]. На 1 кастрычніка 2018 г. у раёне зарэгістравана 129 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 58 мікраарганізацый і малых прадпрыемстваў, 4 суб’екты сярэдняга прадпрымальніцтва і 67 індывідуальных прадпрымальнікаў. 26 красавіка 2020 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у Нароўлю. Тут прэзідэнту падарылі карціну-выцінанку з выявай знакамітага нараўлянскага палаца Горватаў, а Аляксандр Лукашэнка з удзячнасцю адзначыў: «Карціну павесім дома». Старшыня Нараўлянскага райвыканкама Сяргей Віктаравіч Дылюк (нар. 1970) у даважку ўручыў прэзідэнту кошык з прадукцыяй кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін»[130][131]/ ![]() 12 лістапада 2020 г. пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[132] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[133]. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[134][135][136]. Акрамя нерухомасці, пакупнікам таксама прадастаўлена права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 1 га тэрмінам на 50 гадоў[137]. 26 красавіка 2021 г. сярэдняй школе № 2 было прысвоена імя Івана Міхайлавіча Шаўрэя (1955—2020)[138], непасрэднага ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ганаровага грамадзяніна Нараўлянскага раёна. На ўрачысты мітынг сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, духавенства, педагогі, навучэнцы, блізкія і сваякі героя-пажарнага Івана Шаўрэя. У той жа дзень у школе была адкрыта мемарыяльная дошка памяці Івана Шаўрэя. Таксама госці азнаёміліся з экспазіцыямі школьных музеяў[139]. ![]() У 2022 г. ураджэнец Нароўлі, доктар гістарычных навук Уладзімір Васільевіч Тугай (1951—2024) апублікаваў сваю навуковую кнігу «Чырвоны Мазыранін»[140], якая стала першым усеахопным даследаваннем гісторыі стварэння і развіцця аднаго з галоўных і нават сімвалічных прадпрыемстваў горада — кандытарскай фабрыкі, заснаванай яшчэ ў 1913 г. мясцовым дваранінам Эдвардам Горватам. У кнізе былі апублікаваны ў тым ліку рэдкія фатаграфіі. Спансавала выданне кнігі адкрытае акцыянернае таварыства «Чырвоны Мазыранін»[141]. У перыяд з 10 па 20 лютага 2022 г. на асобных участках Нараўлянскага раёна праходзілі сумесныя мерапрыемствы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў рамках саюзных вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022»[142]. У самім горадзе 19 лютага 2022 г. для гараджан прайшло паказальнае мерапрыемства Узброеных Сіл Беларусі і Расіі: выстаўка ўзбраення і ваеннай экіпіроўкі, тэхнікі Узброеных Сіл і Пагранкамітэта, магчымасць азнаямлення з побытам ваеннаслужачых і дэгустацыі «салдацкай кашы», катанне на ваеннай тэхніцы, паказальныя выступленні па рукапашным бою, канцэртная праграма і г.д.[143] 30 снежня 2022 г. з удзелам старшыні райвыканкама Уладзіміра Антоненкі і старшыні раённага Савета дэпутатаў Алы Навуменкі адкрыты маладзёжны спартыўна-забаўляльны цэнтр «Алімп» у будынку былога кінатэатра «Юнацтва», пераабсталяванага за 1,5 месяцы ў спартыўную залу для заняткаў рознымі відамі адзінаборстваў і кафэ[144]. 21 красавіка 2023 г. у горадзе прайшоў рэгіянальны форум «Ад гістарычнай памяці да міру і стварэння»[145]. 2 ліпеня 2023 г. нараўлянскай бібліятэцы было прысвоена імя Давіда Рыгоравіча Сімановіча (1932—2014). У афіцыйнай урачыстасці прынялі ўдзел пляменніца паэта Браніслава Камарэнка, кіраўніцтва Нараўлянскага раёна, жыхары горада[146][147]. А таксама ў той жа дзень адбылася прэзентацыя кнігі «Прыпяці вечныя берагі: народная духоўная культура Нараўлянскага раёна» (2023)[148]. 24 лютага 2024 г. з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, памочніка Прэзідэнта-інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Горлава, старшыні Нараўлянскага райвыканкама Уладзіміра Антоненкі адбылося адкрыццё добраўпарадкаванага гарадскога стадыёна «Страла» пасля капітальнага рамонту[149]. 24-25 красавіка 2024 у Мінску на VII Усебеларускім народным сходзе Нароўлю і Нараўлянскі раён прадстаўлялі дэлегаты: старшыня Нараўлянскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Анатолеўна Касуха (нар. 02.01.1969), дырэктар Галоўчыцкай сярэдняй школы Ала Якаўлеўна Беразоўская (нар. 21.01.1964) і старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Пятровіч Антоненка; а таксама прысутнічаў запрошаны госць — галоўны рэдактар газеты «Прыпяцкая праўда» Міхаіл Валерыевіч Шаўчэнка. Прысутнічала і тагачасны дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Мазырскай акругі Ала Валерыеўна Навуменка (нар. 13.04.1969) — былы старшыня Нараўлянскага Савета дэпутатаў[150][151][152][153][154][155]. Абшчына царквы хрысціян веры евангельскай «Благадаць» у г. НароўліКаментарыі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia