У беларускім эпасе як князь апісваецца першачалавек — Бай, ад якога паходзяць беларусы. Пасля Бая князем быў яго сын Белаполь, ад Бая і Белаполя, быццам, паходзяць усе князі пазнейшых плямён.
Дагістарычны перыяд
Герадот паведамляў пра племя неўраў, чые цары бралі ўдзел у Савеце цароў Скіфіі, некаторыя даследчыкі лічаць, што неўры жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У эпасе захавалася паданне пра князя славянскага племені дулебаў — Кумара, дулебы мігравалі з поўдню на тэрыторыю сучаснай Беларусі пад ціскам авараў, тут Кумар загінуў у барацьбе з готамі.
Саксон Граматык у «Дзеях данаў» паведамляе пра полацкага князя Веспасія, у падзеях магчыма V—VI стст., які змагаўся супраць данаў. У Сазе пра Ода Стралу згадваецца полацкі князь Палтэс. Сага пра Тыдрэка Бернскага паведамляе пра князя Русі і Полацка Вальдэмара, які кіраваў Полацкам падчас вайны з гунамі. Аднак, усе гэтыя творы маюць пазнейшы літаратурны характар, у дэталях яны не грунтуюцца на сапраўдныя падзеі.
З летапісу вядомы Радзім і Вятка, кіраўнікі славянскіх плямён, што быццам па іх атрымалі свае назвы — радзімічы і вяцічы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што магчыма і крывічы з дрыгавічамі таксама атрымалі назвы ад імёнаў кіраўнікоў — Крыва і Драга.
У дагаворы Русі з Візантыяй 907 года згадваецца князь Полацка, але яго імя не названа, таксама ёсць думка пра літаратурны, «рэканструкцыйны» характар дагавора 907 года. На думку некаторых даследчыкаў, княгіня Прадслава, згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 944 годзе, магла быць полацкай княгіняй, але гэта сумнеўнае меркаванне. Таксама ёсць гіпотэзы пра дынастыю мясцовых князёў у Полацку X ст.
На час бескаралеўя — пасля смерці караля і вялікага князя да выбараў новага — пэўныя манаршыя абавязкі выконваў прымас (архібіскуп гнезненскі), які ў гэтай сувязі менаваўся інтэррэксам («міжкаралём»). Упершыню інтэррэкс паўстае ў 1572 годзе, не быў прадугледжаны ранейшымі актамі. Праз тое, што паводле Люблінскай уніі (1569) выбары манарха мусілі быць агульныя, яго называюць «інтэррэксам Рэчы Паспалітай». Аднак, у розныя бескаралеўі ў Вялікім Княстве Літоўскім інтэррэксы прызнаваліся ў рознай ступені. У бескаралеўі 1573—1574, 1574—1576, 1586—1587 гадоў Княствам кіравалі і выбары наступнага вялікага князя арганізоўвалі Паны-Рада і ўрэшце галоўны з’езд, пры тым што паводле Люблінскай уніі гэтыя інстытуты не прадугледжаны ва ўладнай сістэме Рэчы Паспалітай, як і асобныя выбары вялікага князя. У бескаралеўе 1632—1633 гадоў сітуацыя была іншай, але статус інтэррэкса для Княства адрозніваўся ад яго статуса ў Кароне.