Гета ў Суражы

Помнік забітым вязням гета.

Гета ў Суражы (ліпень — 2 жніўня 1941) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў пасёлка Сураж Віцебскага раёна і бліжэйшых населеных пунктаў падчас Халакосту.

Гісторыя

Гарадскі пасёлак Сураж быў акупаваны нямецкімі войскамі 12 ліпеня 1941 года. Акупацыя доўжылася 2 гады і 3,5 месяца — да 28 кастрычніка 1943 года[1][2]. У захопленым мястэчку, акрамя мясцовых яўрэяў, да гэтага часу знаходзіліся і многія яўрэйскія ўцекачы з Віцебска і Янавічаў[3].

Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, арганізавалі ў Суражы гета — якое праіснавала менш за месяц, — да пачатку жніўня 1941 года[4][5][6].

У пачатку жніўня 1941 года немцы накіравалі атрад СС на знішчэнне партызанскага атрада бацькі Міная (Шмырова М. Ф.). Пасля няўдалай аперацыі нацысты вярнуліся ў Сураж і сталі спаганяць злосць на габрэях. Іх сагналі да будынка былой друкарні, а тых, хто жыў за Дзвіной — гналі ўброд. Усяго сабралі каля 400 чалавек, у большасці гэта былі жанчыны і каля 50 дзяцей. Усіх пагналі за Сураж да вёскі Вялікая Любшчына. Дзяцей скінулі жывымі ў яму, накрылі брызентам і падпалілі. Затым расстралялі і скінулі ў яму астатніх. У 1996 годзе астанкі гэтых расстраляных (372 целы) былі перапахаваныя на старых габрэйскіх могілках Суража.

Астатніх суражскіх яўрэяў (620 чалавек) забілі 12 жніўня 1941 года. Большасць з іх былі расстраляныя або закапаныя жывымі каля вёскі Вялікая Любшчына, у раёне Суражскага льнозавода — у рове ручая Гарадзішча. Перад смерцю асуджаных людзей прымушалі распранацца і ўсяляк над імі здзекаваліся. Дзяцей кідалі ў яму жывымі. Большасць жанчын перад забойствам гвалтавалі і таксама закопвалі жывымі[7][8][9][10].

У жывых пакінулі толькі аднаго габрэя-гадзіншчыка, якога калабаранты прымусілі выканаць нейкую працу і неўзабаве таксама забілі[3].

Памяць

Ахвяра генацыду яўрэяў у Суражы ўсталяваныя 2 помнікі на старых габрэйскіх могілках (каля вёскі Шапурова), куды быў перанесены іх прах, а на самым месцы масавага забойства каля льнозавода ўсталяваная каменная пліта[11].

Крыніцы

  1. Периоды оккупации населенных пунктов Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2013. Праверана 7 лютага 2016.
  2. «Памятники геноцида евреев Беларуси» 2000, с. 145—146.
  3. а б «Памяць. Віцебскi раён» 2004, с. 235.
  4. «Памяць. Віцебскi раён» 2004, с. 228.
  5. Национальный архив Республики Беларусь (НАРБ). — фонд 861, опись 1, дело 4, лист 145; фонд 750, опись 1, дело 7, лист 144;
  6. «Памятники геноцида евреев Беларуси» 2000, с. 161.
  7. «Памяць. Віцебскi раён» 2004, с. 225, 226, 228, 234, 235.
  8. Государственный архив Витебской области (ГАВО), — фонд 1778, опись 3, дело 2, лист 4
  9. «Памятники геноцида евреев Беларуси» 2000, с. 145—146, 161, 167.
  10. Холокост на территории СССР 2011, с. 957.
  11. «Памятники геноцида евреев Беларуси» 2000, с. 167.

Літаратура

  • А.П. Красоўскi, У.А. Мачульскi, У.I. Мезенцаў i iнш. (рэдкал.), У.I. Мезенцаў (укладальнік). «Памяць. Віцебскi раён». — Мн.: «Мастацкая літаратура», 2004. — 771 с. — ISBN 985-02-0647-0.
  • Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
  • Ботвинник М.Б.. «Памятники геноцида евреев Беларуси». — Минск: «Беларуская навука», 2000. — 326 с. — ISBN 985-08-0416-5.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya