Драгічынскае гета

Гета ў Драгічыне (ліпень 1941 — 15 кастрычніка 1942) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Драгічын Брэсцкай вобласці падчас Халакоста.

Гісторыя

У перадваенныя гады сярод 3125[1] чалавек насельніцтва Драгічына габрэяў было 1521[2][3] — каля паловы жыхароў[1][4]. Перад вайной у горадзе знаходзіліся 2675 яўрэяў[5]. Горад быў захоплены нямецкімі войскамі 25 чэрвеня 1941 года і знаходзіўся пад акупацыяй больш за тры гады — да 17 ліпеня 1944 года[2][6][7].

У ліпені 1941 года немцы сагналі ўсіх пакінутых у горадзе габрэяў у гета, і пад страхам смерці абавязалі іх нашыць на адзенне спераду і ззаду жоўтыя латы[8].

Драгічынскае гета знаходзілася на захад ад моста, і было абмежавана вуліцамі Леніна, Першамайскай, Кастрычніцкай і Пушкіна. На тэрыторыі гета апынуліся таксама прыгнаныя яўрэі з блізкіх вёсак[3][8][9].

Неўзабаве Драгічынскае гета падзялілі на два гета, пераходы паміж якімі забараняліся. У адно гета змясцілі рамеснікаў, якіх прымушалі шыць вопратку і абутак для немцаў, і больш заможных габрэяў, у якіх шантажом выманьвалі каштоўнасці. У другім гета сабралі нямоглых і бедных яўрэяў, якіх планавалі забіць у першую чаргу, і паступова вывозілі эшалонамі на расстрэлы ля Броннай Гары[3][8][5].

З канца лета 1942 года нацысты, у рамках рэалізацыі гітлераўскай праграмы знішчэння яўрэяў, пачалі паўсюдную ліквідацыю апошніх гета. Колькасць вязняў у Драгічынскім гета да гэтага часу значна зменшылася, таму што яўрэяў, якія востра не патрабаваліся немцам, разам з жонкамі і дзецьмі ўжо з 1941 года вывозілі і забівалі ў лагеры смерці на Броннай Гары[9].

Канчаткова гета было ліквідавана 15 кастрычніка 1942 года[1][5]

Пасля вызвалення Драгічына ад нямецкай акупацыі камісія НДК выявіла некалькі месцаў масавых пахаванняў. Больш за ўсё забітых знайшлі на тэрыторыі могілак каля райспажыўсаюза — 3816 цел (з іх 895 мужчын, 1083 жанчыны і 1838 дзяцей), у многіх людзей былі прабітыя чарапы, вывіхнутыя рукі і ногі, пераламаныя канечнасці і рэбры, знявечаныя твары. У цэнтры Драгічына ў 11 магілах налічылі 150 целаў забітых, а ў 13 магілах за 300 метраў ад габрэйскіх могілак ва ўрочышчы Залессе — 250 забітых. Усяго — 4991 чалавек[2].

Памяць

На брацкай магіле ў прывакзальным скверы, дзе пахаваныя больш 3000[10] ахвяр нацысцкага рэжыму ў Драгічыне, у 1967 годзе быў усталяваны абеліск[2][9][11][5].

Крыніцы

  1. а б в С. Граник. «Из истории местного населения», газета «Наш край — Загородье», издатель: Военно-исторический музей г. Дрогичина, № 16-17, август 2012 года, с. 8-9
  2. а б в г Л. Смиловицкий. Гетто Белоруссии — примеры геноцида Архівавана 3 снежня 2013. (из книги «Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг.»
  3. а б в С. Граник. «Холокост: глазами очевидцев», газета «Наш край — Загородье», издатель: Военно-исторический музей г. Дрогичина, № 16-17, август 2012 года, с. 6-7
  4. С. Граник. «Аксиологические аспекты истории Холокоста», газета «Наш край — Загородье», издатель: Военно-исторический музей г. Дрогичина, № 16-17, август 2012 года, с. 2
  5. а б в г Холокост на территории СССР 2011, с. 280.
  6. Периоды оккупации населенных пунктов Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2013. Праверана 24 лютага 2012.
  7. «Памяць. Драгічынскi раён». 1997, с. 152.
  8. а б в А. Крейдич. «За колючей проволокой», газета «Заря», Брест, 13 января 2005 года
  9. а б в С. Волосюк. Трагедия семьи Лучиц Архівавана 4 сакавіка 2016.
  10. «Памяць. Драгічынскi раён». 1997, с. 262.
  11. Holocaust in Drogichin Архівавана 2 красавіка 2015. (англ.)

Літаратура

  • Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
  • Я.Я. Аляксейчык, С.П. Мамацюк i iнш. (рэдкал.), С.А. Супрун (укладальнік). «Памяць. Драгічынскi раён». — Мн.: «БЕЛТА», 1997. — 575 с. — ISBN 985-6302-02-1.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya