Гета ў ЕльскуГета ў Ельску (верасень 1941 — сакавік 1942) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Ельск і бліжэйшых населеных пунктаў падчас Халакосту. ГісторыяУ 1939 годзе ў Ельску жыў 1231 габрэй[1]. Горад быў захоплены нямецкімі войскамі 23 жніўня 1941 года. Акупацыя доўжылася 2 гады і 4,5 месяца — да 11 студзеня 1944 года[2][3]. Дзякуючы таму, што ў горадзе мелася чыгуначная станцыя, амаль дзве траціны яўрэяў здолелі эвакуявацца, але каля 400 засталося[4]. Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, нацысты арганізавалі ў Ельску гета. Да першай паловы верасня 1941 года яўрэяў пакінулі жыць у сваіх дамах, і тэрыторыяй гета стала месца іх даваеннага кампактнага пражывання. Усе габрэі былі перапісаныя, зарэгістраваныя, і штодня выкарыстоўваліся на прымусовых працах. У сярэдзіне верасня (па іншых даных — у кастрычніку) 1941 года немцы скарацілі тэрыторыю гета да аднаго двухпавярховага будынка былога райвыканкама, і мясцовыя паліцаі сагналі ўсіх яшчэ жывых габрэяў у гэты дом[4]. Першы маштабны расстрэл вязняў немцы арганізавалі ў сярэдзіне верасня (па іншых дадзеных — у кастрычнікуе[1][5]) 1941 года. Паліцыі па камандзе немцаў вывелі яўрэяў з будынка райвыканкама і пагналі па вуліцы Дабрынскай (цяпер — Пушкіна) у бок Оўруча. Старых і жанчын з груднымі дзецьмі везлі на калёсах. Калону з прыкладна 300 (500[5][6]) чалавек ахоўвалі эсэсаўцы і паліцэйскія, забіваючы на месцы адстаючых. На ўскраіне Оўруча ўсіх расстралялі[4]. Другое масавае забойства адбылося ў студзені 1942 года. 18 габрэяў вывелі на вуліцу Завадская, некалькі чалавек расстралялі, а астатніх спалілі жыўцом[7]. Канчаткова гета было знішчана ў пачатку сакавіка 1942 года. У канцы лютага яшчэ жывых арыштаваных камуністаў, сваякоў партызан і яўрэяў з гета прывялі ў жандармерыю і перапісалі. У спісах апынуліся 8 камуністаў, 16 сем’яў партызан і 32 яўрэйскія сем’і — усяго 125 чалавек, большай часткай старыя, жанчыны і дзеці. Іх на падводах павезлі ў бок Оўруча, многіх забілі па дарозе, а астатніх дабілі каля вёскі Дабрынь. Рэчы забітых адправілі ў краму[4][8]. Маюцца і іншыя сведчанні аб забойствах габрэяў у Ельску. Згодна з імі, у кастрычніку 1941 года немцы сабралі 500 яўрэяў Ельска і блізкіх вёсак, загналі іх на баржу, якую вывелі на сярэдзіну ракі Прыпяць. Пяць дзён людзей трымалі на баржы без ежы, а калі сяляне з прыбярэжных вёсак спрабавалі перадаваць ім ежу — па іх адкрывалі агонь. На шосты дзень яўрэяў утапілі[9][10][11][1][5]. Таксама паведамляецца, што 45 (47[12]) яўрэяў у Ельску былі спалены жыўцом у лютым 1942 года[11][1][5]. ПамяцьЧастка парэшткаў пасля вайны былі перапахаваныя на габрэйскіх могілках. У 1969 годзе на вуліцы Ленінскай быў усталяваны абеліск у памяць усіх забітых мірных жыхароў Ельска і раёна[4]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia