Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета
Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тр о́перы і бале́та ў Мінску — адзіны ў Беларусі тэатр оперы і балета, адзін з двух музычных тэатраў краіны (разам з Музычным тэатрам), галоўная музычная і тэатральная пляцоўка краіны. Размешчаны ў гістарычным раёне Мінска — Траецкім прадмесці ў велічным будынку, акружаным маляўнічым паркам, па адрасе плошча Парыжскай камуны, дом 1. Будынак оперы — помнік міжнароднага значэння[2], узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко[3] (арх. І. Р. Лангбард, Г. Л. Лаўроў). Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на абедзвюх дзяржаўных мовах краіны — на беларускай і рускай. Гісторыя будынкаКонкурс і будаўніцтваПершапачаткова будаўніцтва тэатра планавалася па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У 1932 годзе ў часопісе «Искусство и революция» быў апублікаваны яго артыкул «Да пабудовы Беларускага дзяржаўнага тэатру ў г. Мінску», дзе падрабязна апісваўся гэты праект. Новы будынак павінен быў быць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі з адзінай залай на 3400 чалавек[4]. ![]() 11 чэрвеня 1933 года ў дзень святкавання вызвалення сталіцы БССР ад белапалякаў на плошчы Парыжскай камуны адбылася ўрачыстая закладка будынка[4]. У сувязі з новымі патрабаваннямі праект Георгія Лаўрова быў перагледжаны і адхілены. У 1933 годзе быў абвешчаны новы конкурс на праект тэатра ў Мінску. У ім удзельнічалі бачныя савецкія дойліды М. Р. и Б. Р. Бархіны , Н.А. Троцкі , Л. У. Руднеў, І. Р. Лангбард і інш., беларускія архітэктары А. П. Воінаў, У. М. Вараксін, Н. М. Макляцова. Па ўмовах конкурсу неабходна было прадставіць праект тэатра з глядзельнай залай на 3000 месцаў і звышмеханізаванай сцэнай[4]. Па выніках конкурсу новым архітэктарам стаў І. Лангбард[5]. Умяшчальнасць была паменшана да 1200 гледачоў[5]. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!»[6]. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[7] годзе (паводле іншых звестак у 1937). Будынак тэатра адкрыўся 10 мая 1939 года прэм’ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны». ![]() Унутранае ўбранне даваеннага тэатра было досыць аскетычным: глядзельная зала, вырашаная ў выглядзе амфітэатра, невялікія балконы і аркестравая яма. Партал сцэны меў вузкую паласу ляпных дэкаратыўных элементаў. З першапачатковых інтэр'ераў захаваліся толькі нахільная кесаніраваная частка столі з прафіляваным карнізам, а таксама люстра глядзельнай залы[8]. Таму ўжо ў 1941 годзе пачаліся першыя перабудовы аскетычных інтэр’ераў[8].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны![]() У 1941 годзе ў тэатр трапіла бомба і пашкодзіла глядзельную залу[9]. Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатр быў пераўтвораны ў стайню і сховішча[9]. Інтэр’еры і ўпрыгожванні былі разрабаваны: у Германію вывезлі люстэркі, мэблю, люстры, дываны, карціны, унікальныя рэчы з тэатральнага рэквізіту і дэкарацый. Люстра глядзельнай залы ў гады вайны страціла каля 40 % шкляных дэталяў[8]. Сам будынак немцамі планавалася падарваць, усе памяшканні былі замінаваны[9].
Пасляваенны перыядПа вяртанні ў Мінск пасля вызвалення яго ад нямецкіх акупантаў І. Р. Лангбарда, ён распрацаваў практычна новае рашэнне інтэр’ераў: замест амфітэатра выканана класічная тэатральная зала з партэрам, ложамі ў бельпаверсе, бенуарам і яруснымі балконамі. Былі выдзелены цэнтральная і бакавыя ложы, павялічана аркестравая яма, выкладзены новы паркет, праведзена частковая рэканструкцыя парадных лесвіц. У інтэр’еры фае з’явілася вялікая колькасць ляпных дэкаратыўных элементаў: шэраг медальёнаў, размешчаных на фрызах, з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, гіпсавыя капітэлі калон. Агароджы балконаў фае і глядзельнай залы ўпрыгожвалі ляпныя гірлянды з кветкавым арнаментам, якія чаргуюцца з крыштальнымі бра і маскаронамі. Паводле праекта, усю ляпніну новых інтэр’ераў, выкананую скульптарам Андрэям Бембелем, прапанавалася пазалаціць[8]. Дэкаратыўныя элементы старой партальнай аркі былі разабраны і ўстаноўлены новыя. Новы партал уяўляў сабой шэсць палос з ляпнымі дэкаратыўнымі элементамі. У цэнтральнай частцы знаходзіўся герб БССР са сцягамі па баках[8]. Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася 7 лістапада 1947 года. Тэрміны адкрыцця тэатра ўвесь час зрываліся, акрамя будматэрыялаў не хапала таксама працоўных рук, да ўсяго тэатр быў пераўтвораны «…з аднаўляльнага аб’екта ў стацыянарны лагер… ваеннапалонных…»[10]. Больш таго, кіраўніцтва тэатра ў лютым 1947 года жалілася Старшыне Савета Міністраў, што «…са жніўня 1946 г. паступленне праектных матэрыялаў фактычна спынілася… ад аўтарскага нагляду без спецыяльнай аплаты прафесар Лангбард адмовіўся…»[11]. Сродкі для аплаты аўтарскага нагляду былі выдзелены толькі ў маі[12]. Навокал тэатра падчас рэканструкцыі быў разбіты парк, спраектаваны І. Лангбардам. У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэння тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў досыць невыразны нізкі шаломападобны дах, які мастацтвазнаўцы жартаўліва ахрысцілі яе «безгустоўным парасонам»[13], а таксама тэхнічнае пераабсталяванне — упершыню пасля вайны. Падчас рэканструкцыі будынка ў яго сутарэннях была знойдзена зброя часоў Айчыннай вайны, прадметы побыту і муміфікаваны труп нямецкага салдата[14]. Падчас рэканструкцыі ў 1977—1981 гадах (арх. В. Аладаў) сцены ў вестыбюлі і фае былі аздоблены натуральным мармурам. Адбыліся змены і ў дэкаратыўным рашэнні глядзельнай залы, так у 1981 годзе на агароджах балкона і бенуара на месцы згубленага ляпнога ўстаноўлены новы, пазалочаны дэкор, выразаны з дрэва (арх. Т. Куцапалава)[8]. Рэканструкцыя![]() 4 чэрвеня 2005 года пастановай Саўміна № 595 зацверджаны архітэктурны праект «Рэстаўрацыя і рэканструкцыя помніка архітэктуры — будынка творчага аб’яднання „Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ“»[15]. Генеральнай праектнай арганізацыяй стаў інстытут «Белпраект» (кіраўнік праекта архітэктар Анатоль Шабалін). У распрацоўцы праекта бралі ўдзел звыш 30 субпадрадчыкаў. Заказчыкам праектавання выступіла творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ». З функцыянальных запатрабаванняў, аб’ект быў разбіты на 3 пускавыя комплексы. Першы складаўся з малой рэпетыцыйная залы, грымёрныя, гаспадарчых і інжынерных памяшканняў. Другі — з памяшканняў абслугоўвання, падрыхтоўкі спектакляў і дэкарацый. У трэці ўвайшлі сцэнічны[16] і гледачовы[17] блокі[15]. У 2006—2009 гадах будынак мінскай оперы быў зачынены на рэканструкцыю, падчас якой адбылося вяртанне да першапачатковага варыянта Іосіфа Лангбарда. За кошт пераўтварэння гарышчаў дадалося 3 паверхі карыснай плошчы, пад будынкам з’явілася прастора, роўная вышыні 6-павярховага дома, дзе размясціліся новыя механізмы сцэны[9]. Усе працы абыйшліся дзяржаве ў 260 мільярдаў беларускіх рублёў, уключаючы выдаткі і па добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый[13].
Архітэктура![]() Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры канструктывізму міжваеннага перыяду. Архітэктурнае рашэнне оперы мае шмат агульнага са знакавым для савецкай архітэктуры праектам Палаца Саветаў у Маскве (арх. Б.М. Іафан , 1933), аб’ём якога яшчэ не пераўтвораны ў пастамент для статуі Леніна[3]. Гэты аб’ём складаецца з некалькіх як бы часткова вылучаных з асноўнай масы элементаў рознага геаметрычнага віду: паўцыліндраў рознай вышыні і дыяметра, некалькіх паралелепіпедаў[18]. ![]() Ярусная пабудова кампазіцыі, у якой ураўнаважаны манументальнасць і дынамізм, з аформленымі рытмічным строем лапатак паверхнямі фасадаў, з’яўляецца свабодным пераасэнсаваннем класічных узораў цэнтрычных збудаванняў, у якім прыкметны ўплыў стылю ар-дэко — у праекце прасочваецца характэрная тэндэнцыя да дэкаратывізму, аднак гэта скульптурнае афармленне фасадаў не было рэалізавана ў жыццё з-за недахопу сродкаў у рэспубліканскім буджэце[9]. У афармленні партала сцэны, фае і вестыбюляў выскарыстана дэкаратыўная пластыка[3]. Сіметрычнае рашэнне аб’ёмнай формы і наяўнасць прасторнай плошчы перад акцэнтаваным выхадам паказваюць на асноўныя пункты ўспрымання збудавання[18]. Дамінаванне вертыкалі ў кампазіцыі будынка адпавядае яго ролі горадабудаўнічага акцэнту ў панараме[3]. Інтэр’еры![]() ![]()
Падчас апошняй рэстаўрацыі былі адноўлены згубленыя дэкаратыўныя ляпныя элементы ўнутранага ўбрання глядзельнай залы і фае ў адпаведнасці з наяўнымі графічнымі матэрыяламі, выкананымі самім І. Р. Лангбардам, і гістарычнымі фатаграфіямі канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў[8]. Стылістыка інтэр’ераў была максімальна набліжана да першапачатковай. Аздабленне было выканана пераважна з натуральнага мармуру і граніту. Значная частка дэкору глядзельнай залы была пазалочана. З чырвонага аксаміту адноўлены генеральная заслона, драпіроўкі на ложах, балконах і дзвярных праёмах. На столі выканыны альфрэйны жывапіс, адрэстаўравана цэнтральная люстра і вялікія люстры фае. Свяцільні 1960—1970-х гадоў заменены на крыштальныя люстры і бронзавыя люстры з плафонамі з матавага шкла, якія адпавядаюць стылістыцы 1950-х гадоў. Падлога фае выканана з дзевяці відаў граніту з арнаментальным рысункам, на балконах фае і ў глядзельнай зале — з наборнага паркета. У глядзельнай зале захаваўся партал 1946—1948 гадоў, на якім адсутнічае толькі герб са сцягамі[8]. Скульптурнае афармленнеВерагодна, на пэўных этапах будаўнічых прац разглядалася магчымасць стварэння скульптур[20]. Але ў сувязі з памяншэннем каласальных памераў першапачатковага праекта Лангбарда і скарачэннем выдаткаў з дзяржбюжэту ў канчатковым выніку архітэктар адмовіўся ад статуй. Выключэннем стала статуя Сталіна, якая дамінавала ў афармленні фае да пачатку 1950-х гадоў[21]. Пад час апошняй рэканструкцыі тэатра скульптурнае афармленне фасадаў выканалі скульптары Генадзь Буралкін, Аляксандр Фінскі і Міхаіл Шкробат. Кожная са скульптур муз, Каліёпы — заступніцы эпічнай паэзіі і Тэрпсіхоры — заступніцы танца, мае ў вышыню 5 метраў і важыць 5 тон, а цэнтральная скульптура гэчаскага бога Апалона, заступніка мастацтва, паэзіі і музыкі, мае ў вышыню 4,7 метраў[22] важыць каля 7 тон. Першапачаткова меркавалася ўстанавіць на порціку над уваходам Апалона, які кіруе квадрыгай, але абралі скульптуру бога з двума вянкамі, якія славяць оперу і балет. Па абодва бакі ад яго размешчаны німфы, кожная 4 метра ў вышыню[22], якія ляцяць і трубяць аб прыходзе заступніка мастацтваў[9]. Новае скульптурнае афармленне фасадаў па матывах старажытнагрэчаскай міфалогіі было сустрэта крытыкай: па першае, на эскізных праектах немагчыма разгледзець якія менавіта статуі прадугледжваў архітэктар, па другое, зыходзячы з функцыянальных задач пабудовы падобнага роду скульптуры не маглі мець места ў той час, бо акрамя ўласна тэатральных гледзішчаў будынак выкарыстоўваўся для буйных грамадскіх мерапрыемстваў да 1966 года, пакуль не быў уведзены ў эксплуатацыю Палац спорту, па трэцяе, багатае скульптурнае афармленне супярэчыць стылістыцы будынка, яго прастаце і строгасці канструктывізму, а таксама парушае важную для Лангбарда вертыкальнасць чляненняў будынка[21]. Сквер Траецкая гара![]() Пасля вайны, у 1949 годзе пачаліся працы па добраўпарадкаванні прылеглай да тэатра тэрыторыі па праекту І. Лангбарда, быў ліквідаваны Тэатральны праезд, які ішоў ад параднай лесвіцы цэнтральнага ўваходу тэатра да вуліцы Янкі Купалы — замест яго з’явілася Цэнтральная алея[23]. Падчас апошняй рэканструкцыі тэатра на галоўнай алеі быў размешчаны святлодынамічны каскадны фантан, струмені якога паўтараюць сілуэт самога будынка, з’явіліся дадатковыя алеі — Балетная і Оперная, якія былі ўпрыгожаны скульптурнымі групамі «Балет» (скульптар С. Гумілеўскі) і «Оперная муза» (скульптары Л. і С. Гумілеўскія)[13][24]. Алеі асвятляюцца ліхтарамі, выкананымі ў стылі XVIII стагоддзя[23]. ![]() У чэрвені 2008 годзе на новае месца пасля рэстаўрацыі быў перанесены помнік Максіму Багдановічу (скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў, Л. Маскалевіч), які быў усталяваны ў скверы 9 снежня 1981 годзе на 90-годдзе нараджэння класіка і да 2008 года знаходзіўся насупраць галоўнага ўваходу ў тэатр[2]. Месца для помніка абрана невыпадкова: праз вуліцу, якая носіць цяпер яго імя, стаяў дом, дзе нарадзіўся паэт[25]. 14 мая 2009 гада камісія па найменні і перанайменні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска прыняла рашэнне надаць безназоўнаму скверу ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Я. Купалы гістарычную назву Траецкая гара, менавіта так называлася плошча Парыжскай камуны да будаўніцтва на ёй тэатра оперы і балета ў 1930-х гадах[26]. Гісторыя тэатраЗараджэнне![]() Гісторыя тэатра пачалася яшчэ ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ—1), які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і невялікі сімфанічны аркестр. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек » Ё. Баера і балетаў, гучала народная музыка. У 1927 годзе опера А. Даргамыжскага «Русалка » была пастаўлена цалкам[27]. Пераклад «Русалкі» на беларускую мову зрабіў Ф. Ждановіч, пастаноўка В. Селяха). Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з`віўся твор М. Аладава «Тарас на Парнасе» (лібрэта Ю. Дрэйзіна). У той жа час К. Алексютовіч спрабуе ставіць першы нацыянальны балет «У чэрвеньскую ноч» (лібрэта і музыка К. Алексютовіча і Маркевіча). У 1930 годзе оперны клас Мінскага музычнага тэхнікума, які ажыццявіў да таго часу пастаноўку шэрагу опер, быў пераўтвораны ў Дзяржаўную студыю оперы і балета[27], якую ўзначаліў спявак Антон Баначыч — у мінулым партнёр Фёдара Шаляпіна па выступленнях у Марыінскім тэатры. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваны прафесійныя артысты і пастаўлены оперы «Залаты пеўнік », «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста »[27]. Адкрыццё тэатраДзяржаўны тэатр оперы і балета быў адкрыты ў Мінску 25 мая 1933 года спектаклем «Кармэн» з Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі, пастаўлены рэжысёрам Б. Нордам[5]. У ліку першых пастановак калектыву былі оперы «Яўген Анегін» у пастаноўцы В. Барысевіч і «Пікавая дама» у пастаноўцы Б. Мардвінава[27], балет «Чырвоны мак». Першым беларускім балетам стаў «Салавей» М. Крошнера, пастаўлены ў 1939 годзе[28]. Ужо ў чэрвені 1940 года тэатр гучна заявіў пра сябе ў Маскве, дзе з поспехам былі паказаны тры нацыянальныя оперы: «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова і «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова. Падчас вайныПадчас Вялікай Айчыннай вайны шмат артыстаў тэатра пайшлі на фронт або далучыліся да партызанскага руху. Астатні калектыў тэатра, які складаўся з 50 чалавек, эвакуіраваўся, артысты працавалі ў тэатрах Алма-Аты, Свярдлоўска, Молатава, Масквы. Да вясны 1942 г. па ўсіх тылавых раёнах удалося сабраць значную частку даваеннай трупы, у тым ліку прыму тэатра народную артыстку СССР Л. Александроўскую, якая працавала ў г. Алма-Аце. У якасці сцэнічнай пляцоўкі была задзейнічана сцэна драматычнага тэатра ў г. Горкім. Тут кампазітар Я. Цікоцкі пачаў працу над новай операй «Алеся» (лібрэта П. Броўкі), напісаў 11 песень для сольнага і харавога выканання на вершы вядучых беларускіх паэтаў, А. Клумаў стварыў аперэту «Каханне і нянавісць» (лібрэта І. Рубінштэйна). У 1943 г. беларускі тэатр оперы і балета перабраўся ў Каўроў, дзе пачаў выступаць у памяшканні клуба «Металіст», цалкам прадстаўленага ў распараджэнне беларускіх артыстаў[5]. Артысты розных жанраў стваралі франтавыя канцэртныя брыгады і выступалі на перадавой перад салдатамі Савецкай Арміі. Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск[5] і 21 снежня 1944 года адкрыў сезон прэм’ерай оперы Яўгена Цікоцкага «Алеся» на сцэне Дома афіцэраў, які цудам уцалеў пасля бамбардзіроўкі[5]. Паваенныя гадыВяртанне ў сталіцу БССР адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі будынка тэатра, пашкоджанага бамбёжкай, адбылося ўрачыстае адкрыццё 7 лістапада 1947 года операй «Кастусь Каліноўскі» Дзмітрыя Лукаса[5]. Вельмі хутка Беларускі тэатр оперы і балета ўвайшоў у лік прызнаных лідараў на культурнай прасторы СССР, меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных оперных калектываў. Тэатр шмат разоў гастраляваў на самай прэстыжнай сцэне былога СССР — у Вялікім тэатры ў Маскве. Паспяховыя гастролі 1940 года прынеслі тэатру ганаровае званне «Вялікі», 1964 года — «акадэмічны»[29]. Першы беларускі дзіцячы оперны спектакль «Марынка» кампазітара Р. К. Пукста быў пастаўлены ў 1955 годзе[5][27]. На сцэне тэатра актыўна ставіліся нацыянальныя оперы, створаныя беларускімі кампазітарамі: «Надзея Дурава» Анатоля Багатырова (1956), «Зорка Венера» (1970) і «Новая зямля» (1982) Юрыя Семянякі, «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Генрыха Вагнера (1980), «Джардана Бруна» (1977), «Візіт дамы» (1995) і «Юбілей» (2002) Сяргея Картэса, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана (1989), «Майстар і Маргарыта» Яўгена Глебава, «Князь Наваградскі» Андрэя Бандарэнкі (1992), «Нататкі вар’ята» Вячаслава Кузняцова (2005), «Сіняя Барада і яго жонкі» Віктара Капыцько (2006) і шэраг іншых. У 76-м тэатральным сезоне (2008/2009) адбылася прэм’ера беларускай камічнай оперы «Чужое багацце», рэканструяванай Уладзімірам Байдавым і Віктарам Скарабагатавым за сілу партытурах кампазітара Яна Голанда, У 1989 годзе была пастаўлена опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, якая атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі. Значнай падзеяй у гісторыі Беларускай оперы сталі маштабныя пастаноўкі опер «Вайна і мір» Сяргея Пракоф’ева, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета » Дзмітрыя Шастаковіча, «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага. Дзейнасці балетнай трупы ў 1980-я — 1990-я гг. уласціва ўзбагачэнне рэпертуару і засваення сучаснай харэаграфіі — у гэты час па яркія пастаноўкі Валянціна Елізар’ева «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Кармін Бурана», «Балеро», «Рамэа і Джульета», «Страсці», «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная». Сведчаннем прызнання беларускага балета стала прэмія Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ля данс », якую атрымаў у 1996 годзе балет «Страсці» («Рагнеда») Андрэя Мдзівані-Валянціна Елізар’ева, прысвечаны лёсу полацкай княгіні[5]. Падзеі 2020 годаПасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў тэатра выходзіў на акцыі пратэсту 14[30] і 15 жніўня[31]. Пасля ціску на Купалаўскі тэатр з боку ўладаў і звальнення яго дырэктара Паўла Латушкі больш за 300[32] артыстаў і супрацоўнікаў Вялікага тэатра падпісалася пад зваротам у падтрымку купалаўцаў[33]:
24 жніўня галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета быў прызначаны Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Але ўжо 26 жніўня ён пакінуў сваю пасаду. Паводле афіцыйнай інфармацыі — праз каранавірусную інфекцыю, але паводле некаторых супрацоўнікаў тэатра, адыход Чарнухі-Воліча ніяк не быў звязаны са станам яго здароўя[32]. 27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам, звярнуўшыся перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» да прысутных: «У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконне і несправядлівасць, мы не можам маўчаць…». Пасля звароту яны выканалі песню «Магутны Божа», гледачы падтрымалі артыстаў авацыямі[34]. 28 кастрычніка «Беларускі фонд культурнай салідарнасці» паведаміў пра звальненне 4 супрацоўнікаў тэатра: дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і ўладальніка медаля імя Францыска Скарыны Андрэя Галанава і першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву. Раней яны падпісалі зварот культурных дзеячаў з нагоды ўльтыматуму С. Ціханоўскай. Таксама звольнілі скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну, якія 27 кастрычніка перад пачаткам спектаклю выказаліся супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі[35]. У той жа дзень «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй» былі адменены ўсе спектаклі, а таксама канцэрты ў малой залы з 29 кастрычніка па 20 лістапада[36]. Зоркі мінулагаНародныя артысты СССР:
Народныя артысты Беларусі:
Заслужаныя артысты Беларусі:
Выканаўцы без ганаровых званняў:
СучаснасцьУ 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на самастойныя структуры: тэатр оперы і тэатр балета. У 2009 годзе пасля капітальнай рэканструкцыі будынка было прынята рашэнне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Оперны рэпертуар![]() Аснову опернага рэпертуару[37] Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь складаюць пераважна класічныя оперы. Асаблівым попытам карыстаюцца творы прадстаўнікоў італьянскай і рускай кампазітарскай школы. У тым ліку «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні, «Набука», «Баль-маскарад», «Аіда» і «Травіята» Джузэпэ Вердзі, «Мадам Батэрфляй», «Тоска », «Багема » і «Турандот» Джакама Пучыні. Сярод рускіх кампазітараў — «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, «Іаланта» і «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага. З нацыянальных твораў на сцэне ідуць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, прызнаная адной з лепшых беларускіх оперных пастановак[38], «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага, «Мядзведзь» Сяргея Картэса, «Доктар Айбаліт» Марыны Марозавай (на аснове лібрэта Таццяны Мушынскай)[39]. Балетны рэпертуар![]() Аснову рэпертуара складаюць класічныя пастаноўкі, а таксама балеты Валянціна Елізар’ева. Пастаноўкі іншых харэографаў (напрыклад, «Марная засцярога», пастаўлены нямецкім харэографам Дзітмарам Зайфертам, «Папялушка» у пастаноўцы маскоўскага харэографа Юрыя Пузакова, «Трыстан і Ізольда » у версіі Юрыя Траяна, «Шчаўкунок», пастаўлены Аляксандрай Ціхаміравай) прыкмента саступаюць ім па ўзроўню. ТрупаДырыжоры
![]() Рэжысёры
Балетная трупаГалоўны балетмайстар — Ігар Колб[40][41] Загадчык балетнай трупай — Таццяна Шаметавец ![]()
Оперная трупа![]() Загадчык трупы оперы — Наталля Акініна
![]()
Кіраўнік групы стажораў — Ніна Шарубіна Хор
Канцэртмайстры
Мастакі
КіраўніцтваДырэктары
Мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры
Галоўныя дырыжоры
Галоўныя балетмайстры
Галоўныя хармайстары
У культуры![]() Будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адлюстраваны ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia