Халакост у Лоеўскім раёнеЗа час акупацыі практычна ўсе яўрэі Лоеўскага раёна былі забітыя, а нешматлікія ацалелыя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах. Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, немцы стварылі на тэрыторыі раёна адно гета — у Лоеве. Да вайны ў Лоеве было 535 прадстаўнікоў народа — 11,8 % насельніцтва[1]. Яўрэі былі пастаўлены па-за законам і беспакарана забіваліся. У верасні 1941 года немцы арганізавалі ў мястэчку гета «адкрытага тыпу» — яўрэяў пакінулі жыць у сваіх дамах і выкарыстоўвалі на прымусовых работах. Тэрыторыя гета не ахоўвалася, але вязням забаранілі наведваць грамадскія месцы, хадзіць па галоўнай вуліцы пасёлка і прылюдна мець зносіны з няўрэямі[2][3][4][1]. Гета было знішчана ў выніку двух расстрэлаў. Першы быў арганізаваны ў канцы кастрычніка 1941 года. У Лоеў прыехалі карнікі з Гомеля, адабралі 18 спецыялістаў і адправілі іх па дамах. Астатніх адвялі да загадзя выкапаных ямаў і расстралялі. Дзяцей закапалі жывымі. Забойствам кіравалі камендант жандармерыі Брук і камендант пагранатрада Крыгер. Усяго ў гэты дзень былі забітыя каля 150 чалавек. Частку адправілі ў лагер пад Гомелем і забілі ўжо там[5][2][1][6]. Другі расстрэл немцы правялі праз месяц — у лістападзе 1941 года ў Лоеў зноў прыбыў карны атрад. Памочнік начальніка паліцыі Архіп Далгалычэнка сабраў яўрэяў, якіх адвялі за Дняпро і забілі. Адну яўрэйскую сям’ю паліцыі знайшлі побач з Лоевым ва ўкраінскай вёсцы Кам’янка. Намеснік каменданта Трафім Зайцаў з Паўлам Кардашам і Іллёй Мазурам прывезлі арыштаваных у Лоеў, адвялі за Дняпро і таксама расстралялі[2]. Частка мясцовых жыхароў, нягледзячы на забарону дапамагаць яўрэям пад пагрозай смерці, усё роўна спрабавала ратаваць іх. Напрыклад, сям’ю Зеліка Шусмана выратавалі даваенныя суседзі Павел і Дар’я Канаплянікі. На беразе Дняпра яны выкапалі зямлянку, прыносілі туды прадукты, а зімой пераправілі Шусманаў да партызан[1]. Надзвычайная Дзяржаўная камісія ў сакавіку 1944 года зрабіла ўскрыццё трох брацкіх магіл у двары будынка былой паліцыі і выявіла 150 целаў, з якіх 45 дзяцей да 14 гадоў[1]. Парэшткі расстраляных перапахавалі на могілках на вуліцы Камсамольскай. У 1967 годзе на магіле быў усталяваны абеліск. Аднак надпіс на помніку паведамляў толькі пра 87 мірных жыхароў Лоева. Што гэта яўрэі, не згадвалася[2][7][8][1][6]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia